Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыраўняюць у Расеі БНФ і «Малады Фронт» да «Ісламскай дзяржавы»


Якія наступствы будзе мець магчымае абвяшчэньне ў Расеі Партыі БНФ і Маладога Фронта экстрэмісцкімі арганізацыямі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Вадзім Салаўёў падрыхтаваў зварот на імя генэральнага пракурора РФ Юрыя Чайкі з прапановай вывучыць дзейнасьць БНФ і арганізацыі «Малады фронт» на прадмет экстрэмізму.

Расейскі дэпутат лічыць, што БНФ і «Малады фронт» «вылучаюцца ярка выяўленай русафобіяй, усхваляюць злачынцаў, зьвязаных з нацысцкім рэжымам пэрыяду Другой сусьветнай вайны». Акрамя таго, некаторыя чальцы гэтых арганізацый ваююць на Данбасе на баку Ўкраіны.

Калі на запыт дэпутата будзе прынятае станоўчае рашэньне, то адпаведныя арганізацыі патрапяць у рэестар забароненых у Расеі арганізацыяў, такіх як «Ісламская дзяржава» і «Правы сэктар». Што гэта азначае ў практычным пляне? Паводле закону аб супрацьдзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці, найбольш небясьпечным будзе пункт аб забароне знаходжаньня на тэрыторыі РФ замежных грамадзянаў у якасьці прадстаўнікоў гэтых арганізацыяў.

Прыедзе тая ці іншая асоба ў Расею ў якасьці прадстаўніка БНФ ці МФ альбо ў прыватных справах — высьветліць, напэўна, няпроста, але, відаць, найлепш будзе ня езьдзіць наагул ад граху падалей.

Наяўнасьць афіцыйна забароненых у Расеі арганізацыяў ставіць беларускія ўлады перад дылемай. Яны могуць забараніць дзейнасьць БНФ і МФ ужо і ў Беларусі.

Астатнія пункты тычацца забароны дзейнасьці арганізацыі на тэрыторыі РФ, якую БНФ і МФ не вядзе.

Будуць яшчэ ў друку пры згадцы ў тэкстах гэтых арганізацыяў абавязкова пазначаць «забароненая ў РФ».

Але больш зьмястоўнымі і сур’ёзнымі будуць наступствы ў самой Беларусі. Фармальна Беларусь сьледаваць за Расеяй у гэтым пытаньні ніякія пагадненьні не абавязваюць. Але наяўнасьць афіцыйна забароненых у Расеі арганізацыяў ставіць беларускія ўлады перад дылемай. Яны могуць забараніць дзейнасьць БНФ і МФ ужо і ў Беларусі.

Але БНФ — найстарэйшая палітычная партыя краіны, афіцыйна зарэгістраваная. Забараніць яе ўсьлед за Расеяй — расьпісацца ў сваёй марыянэткавасьці, пра ўсе дзеяньні і заявы як БНФ, гэтак і МФ, на якія спасылаецца расейскі дэпутат, беларускім уладам выдатна вядома. Дык атрымаецца, што пакуль з Масквы не загадалі, дык ніякай асаблівай крамолы ў дзеяньнях БНФ і МФ у Менску ня бачылі, а як загадалі — дык адразу ўзялі пад казырок.

Зь іншага боку, калі забарона ня будзе прадубляваная ў Менску, то, прынамсі, расейскі шавіністычны друк будзе пісаць, расейскія палітыкі гаварыць, што ў Беларусі беспакарана дзейнічаюць «бандэраўцы», а Лукашэнка ім патурае, а, можа, таемна і натхняе.

Як вырашаць дылему беларускія ўлады, сказаць цяжка. Магчыма, арганізацыі зазнаюць ціск, але закрываць іх ня будуць.

Карбалевіч: Ну, пакуль мы маем толькі прапанову, ініцыятыву аднаго дэпутата. Невядома, ці будзе яна падтрымана расейскімі ўладамі. Але сытуацыя сымптаматычная.

Расейскія палітыкі пачалі шукаць русафобскія арганізацыі за мяжой. Яшчэ больш пікантна, што яны шукаюць гэтых русафобаў у бліжэйшага саюзьніка.

Першы чыньнік. Расейскія палітыкі пачалі шукаць русафобскія арганізацыі за мяжой. Можа, паводле прынцыпу «чым больш ворагаў, тым больш гонару».

Яшчэ больш пікантна, што яны шукаюць гэтых русафобаў у бліжэйшага саюзьніка. Бо насамрэч і Партыя БНФ, і «Малады фронт» ставіліся да Расеі як да пагрозы беларускай незалежнасьці, вельмі даўно, з моманту свайго зьяўленьня. Але дасюль гэтага не заўважалі. А цяпер вось заўважылі. Гэта азначае, што зьмянілася сама Расея. Там дамінуе імпэрскі, шавіністычны шал, створана псыхалягічная сытуацыя крэпасьці ў аблозе, пошуку ворагаў.

Як заўважыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэта чыньнік ціску на Беларусь як краіну. Бо Партыя БНФ — легальная, афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя. І таму калі яна будзе афіцыйна аб’яўлена ў Расеі экстрэмісцкай і русафобскай, то паўстануць лягічныя пытаньні да кіраўніцтва Беларусі: як такая арганізацыя можа легальна існаваць у дзяржаве — саюзьніцы РФ?

Дарэчы, Лукашэнка заўсёды прэзэнтаваў сябе перад расейскай грамадзкай думкай як змагар зь беларускімі нацыяналістамі. Маўляў, у 90-я гады, калі пры ўладзе ў Беларусі былі нацыяналісты, усе рускія былі пасаджаныя на валізкі, і толькі я выратаваў іх ад гэтай бяды. Таму падтрымлівайце мяне, бо альтэрнатывай будзе прыход да ўлады ў Беларусі нацыяналістаў.

Цяпер ён можа трапіць у складанае становішча. Бо разбураецца ягоны імідж змагара з нацыяналістамі. У кожным разе, у беларуска-расейскіх адносінах можа ўзьнікнуць яшчэ адно канфліктнае поле.

Цыганкоў: Лепшай рэакцыяй для кіраўніцтва Беларусі было б па нейкіх унутраных каналах публічна давесьці да расейскага кіраўніцтва, што ня варта прымаць такое рашэньне. Усё-ткі ступень залежнасьці дэпутатаў цяперашняй Дзяржаўнай Думы ад Крамля цяпер дастаткова высокая, і калі Крэмль можа намякнуць, што нейкае рашэньне ня варта прымаць, то яно і ня будзе прынятае.

Гэта будзе недружалюбны акт перш за ўсё не да самога БНФ, а да Аляксандра Лукашэнкі, паколькі ставіць перад ім такія фактычна невырашальныя праблемы, калі ў любым выпадку, што б ты ні зрабіў, табе будзе горш.

Але можна пагадзіцца, што гэта, хоць і толькі прапанова аднаго дэпутата, маральны і палітычны ціск на афіцыйны Менск. Больш за тое, я лічу, што гэта будзе недружалюбны акт перш за ўсё не да самога БНФ, а да Аляксандра Лукашэнкі, паколькі ставіць перад ім такія фактычна невырашальныя праблемы, калі ў любым выпадку, што б ты ні зрабіў, табе будзе горш.

Таму адзіны для яго выхад — не дапусьціць такую сытуацыю. Цяпер у Расеі забароненая «Ісламская дзяржава», забаронены «Правы сэктар». Але не было такога, каб была забароненая афіцыйна зарэгістраваная палітычная партыя, якая прымае ўдзел у палітычным жыцьці, у выбарах, якая пры тым асабліва не вылучалася экстрэмізмам зь міжнароднага пункту гледжаньня.

Дракахруст: «Правы сэктар» — зарэгістраваная ва Ўкраіне арганізацыя, яны ўдзельнічаюць у выбарах.

Цыганкоў: Так, але нельга тут ніякіх паралеляў правесьці зь Беларускім Народным Фронтам. Гэта партыя, якая займаецца выключна палітыкай, прычым афіцыйнай. «Правы сэктар» расейскія дэпутаты маглі ў той ці іншай ступені абвінаваціць у тым, што ён прымаў удзел ва ўзброенай барацьбе. БНФ гэтым ніколі не займаўся.

Так што гэта будзе новы ўзровень разгляду пытаньня экстрэмізму. Парадаксальна і разам з тым паказальна, што гэты ўзровень будзе ўжывацца менавіта да Беларусі, самай нібыта саюзнай дзяржавы. Відавочна, гэта кажа пра тэндэнцыі, якія нарастаюць у Расеі. Лічыцца, што пакуль яны яшчэ не перайшлі на афіцыйны ўзровень, на Крэмль, але яны нарастаюць у шавіністычнай прэсе, сярод дэпутатаў — тэндэнцыі прадстаўляць Беларусь як недружалюбную і антырасейскую краіну. Таму Аляксандар Лукашэнка павінен вельмі абачліва і насьцярожана ўспрымаць гэтую інфармацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG