Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Росатом» гатовы замяніць корпус рэактара БелАЭС, але «ўдару аб зямлю не было»


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Дзяржкарпарацыя «Росатом» гатовая замяніць корпус рэактара для Беларускай АЭС, аднак настойвае на нязначнасьці інцыдэнту, які здарыўся 10 ліпеня.

Пра гэта распавёў у інтэрвію, разьмешчаным на сайце карпарацыі, першы намесьнік генэральнага дырэктара «Росатома» Аляксандар Лакшын.

Паводле ягоных слоў, у ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацыяў выконвала апэрацыі па перасоўваньні корпусу рэактара з аднаго ляжамэнту на іншы. Аднак у ходзе гэтага працэсу на вышыні каля 4 мэтраў здарылася няспраўнасьць падʼёмнага крана, і з гэтай прычыны корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны.

«Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара прасьлізнуў па стропах і павіс дыяганальна, сутыкнуўшыся зь зямлёй. На працягу ўсяго працэсу вялася няспынная відэаздымка і забясьпечвалася рэгістрацыя нагрузкі на круку крана. Нават у момант дотыку да зямлі асноўная вага вырабу — больш за дзьве траціны — утрымлівалася кранам. Таму выкарыстоўваць такія словы, як „удар аб зямлю“ ці „падзеньне“, няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман, бо скажае сутнасьць таго, што адбылося, бо хуткасьць руху корпусу не перавышала хуткасьці пешахода», — запэўніў ён.

Лакшын падкрэсьліў, што ў выніку інцыдэнту корпус рэактара пашкоджаны ня быў.

«Мы абсалютна перакананыя, што тэхнічных перашкод для выкарыстаньня корпусу не існуе. Але мы разумеем, што разам з прыярытэтам бясьпекі і надзейнасьці яшчэ адной найважнейшай умовай разьвіцьця атамнай энэргетыкі зьяўляецца грамадзкая прымальнасьць. Дапускаем, што заказчык можа прыняць рашэньне не ўжываць гэты корпус, каб пагасіць хвалю чутак і ажыятаж сярод часткі насельніцтва.

Калі такое рашэньне будзе прынятае, мы гатовыя яго ўлічыць, бо разумеем асаблівае значэньне грамадзкай прымальнасьці пры будоўлі першай у краіне АЭС. Тады на першым блёку будзе ўсталяваны корпус рэактара, які прызначаўся для другога блёку. Яго выраб цяпер завяршаецца. Але гэтае рашэньне заказчыка, вядома, прывядзе да некаторага зруху графіку завяршэньня будоўлі энэргаблёку», — кажа ён.

Лакшын дадаў, што пра інцыдэнт не адразу паведамілі грамадзкасьці менавіта таму, што ніякай шкоды корпусу рэактара нанесена не было. «Максымум, пра што можна казаць, — пра заводзкую фарбу, якая сьцерлася на корпусе ад трэньня мэталічных строп», — сказаў ён.

25 ліпеня ў СМІ зьявіліся паведамленьні, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталёўваньня корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэньня ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.

Пасьля працяглага маўчаньня Міністэрства энэргетыкі Беларусі прызнала факт няштатнай сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG