Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напад на царкву ў Францыі: адзін з забойцаў быў пад наглядам паліцыі


Адным з нападнікаў на царкву ў Францыі 26 ліпеня аказаўся Адэль Карміш, які нарадзіўся 25 сакавіка 1997 году. На прэс-канфэрэнцыі пракурор таксама пацьвердзіў, што нападнік раней быў вядомы францускім спэцслужбам.

Раніцай 26 ліпеня двое невядомых, узброеных нажамі, уварваліся ў будынак царквы ў Сэнт-Эт’ен-дзю-Руўрэ ў Нармандыі на поўначы Францыі і захапілі ў закладнікі пецярых чалавек: сьвятара, дзьвюх манашак і двух вернікаў. Нападнікі перарэзалі горла сьвятару, 84-гадоваму Жаку Хамэлю, які служыў літургію, і цяжка паранілі аднаго з вернікаў. У ходзе спэцапэрацыі нападнікі былі застрэленыя, а закладнікі вызваленыя. Паранены вернік знаходзіцца ў крытычным стане ў шпіталі.

Адказнасьць за напад узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава», заявіўшы, што яго ажыцьцявілі «два салдаты» групоўкі.

Адзін з нападнікаў быў даўно вядомы францускай паліцыі. У мінулым ён спрабаваў выправіцца ў Сырыю, каб папоўніць шэрагі «Ісламскай дзяржавы», аднак быў злоўлены, зьмешчаны на некаторы час у турму, а пасьля выхаду насіў электронны бранзалет, які дазваляе паліцыі адсочваць перамяшчэньне падазраваных. Ён жыў у хаце са сваімі бацькамі.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што краіна знаходзіцца ў стане вайны з групоўкай «Ісламская дзяржава».

У Францыі па-ранейшаму дзейнічае надзвычайнае становішча, і краіна ўсё яшчэ спрабуе прыйсьці ў сябе пасьля тэракту ў Ніцы, калі выхадзец з Тунісу ўехаў цяжкім грузавіком у натоўп людзей, якія адзначалі Дзень ўзяцьця Бастыліі, забіўшы 84 чалавекі і параніўшы больш за дзьвесьце.

У лістападзе летась была зьдзейсьненая тэрарыстычная атака ў Парыжы, адказнасьць за якое таксама ўзяла «Ісламская дзяржава». Ахвярамі парыскай атакі сталі 130 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG