Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранцам забаранілі вучыцца ў Беларусі на мэдыкаў і дантыстаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Ірану забараніла іранскім студэнтам атрымоўваць адукацыю па мэдычных спэцыяльнасьцях у Беларусі ад 1 жніўня. Пра гэта піша іранскі бізнэс-штодзёньнік Financial Tribune.

«Пакуль ня будзе паведамлена пра іншае, міністэрства ня будзе акрэдытоўваць сэртыфікаты студэнтаў, якія працягнуць навучаньне ў Беларусі ад 1 жніўня,» — цытуе агенцтва ISNA намесьніка міністра адукацыі Ірану Хаміда Акбары.

«За апошні год вялікая колькасьць іранскіх студэнтаў накіравалася ў гэтую ўсходнеэўрапейскую краіну, каб працягнуць вышэйшую адукацыю па мэдычных спэцыяльнасьцях, але яны не змаглі паступіць ва ўнівэрсытэт, і іх будучыня пад сумневам», — зазначыў Акбары.

Каб паступіць у Менскі мэдычны ўнівэрсытэт, замежныя студэнты павінныя спачатку адвучыцца на платных падрыхтоўчых курсах пры ўнівэрсытэце. Пры гэтым квота для далейшага навучаньня замежных студэнтаў — 200 месцаў, і сотні іранцаў, скончыўшы курсы, не атрымоўваюць магчымасьці вучыцца па ўнівэрсытэцкай праграме, піша Financial Tribune.

Цяперашняя забарона ня будзе тычыцца тых, хто ўжо скончыў падрыхтоўчыя курсы.

Паводле выданьня, заклапочаныя бацькі штодня прыходзяць ў Міністэрства аховы здароўя Ірану і ў пасольства Беларусі ў Тэгеране. Financial Tribune піша, што цяпер у Беларусі навучаецца каля 1,600 іранскіх студэнтаў, а каля 400 ўжо атрымалі дыплёмы па розных спэцыяльнасьцях.

Сёньня ж іранскія мэдыі паведамілі, што ў Беларусь накіруецца іранская дэлегацыя, каб паспрабаваць вырашыць праблему з навучаньнем маладых людзей, якія скончылі падрыхтоўчыя курсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG