Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе шукаць аўтэнтычны Менск


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Знаёмы напісаў тэкст пад назвай «Несапраўдны Львоў». Калі каротка па зьмесьце – апроч прыкметнай архітэктуры, усё савок: транспарт, шпана з падваротняў, пэнсіянэры «а ля 1980-я». А навамодныя кавярні – іншародныя ў целе арыгіналу запусьценьня.

«Я не аматар штучных кавярняў і забаваў. Хочацца нечага больш аўтэнтычнага. Таму для захапленьня архітэктурай і кухняй хутчэй абяру Кракаў ці Прагу. Львоў зусім іншы. У нечым залішне тэатральны, у нечым ненатуральны».

Паводле такой лёгікі джаз і клясыка ля менскай Ратушы таксама – штучныя. А сапраўднасьць – гэта трынды-трынды гоп-ца-ца пад танную гарэлку каля Палаца спорту.

Я цяпер у Львове – які ўжо раз за апошнія дваццаць гадоў. Упершыню прыехаў у сталіцу Галычыны ў красавіку 1996. Проста перад ратушай – Гарадзкой радай – стаяла здаравенная, тры мэтры ўвышыню, гара сьмецьця, замацаваная трывалым яшчэ льдом. У мясцовай незалежнай газэце на першай паласе пабачыў фотаздымак гэтага сьмецьце-монстра з артыкулам пра праблему: гара стаіць ужо два месяцы і няма каму яе прыбраць. Так прыблізна выглядаў увесь Львоў – занядбаная колішняя веліч.

А на суседняй вуліцы Вірмэнськай маладыя крэатыўныя людзі рабілі бізнэс-арт-праект «Дзыга», які ўрэшце паўплываў на пераўвасабленьне цэнтру Львова. Большасьць сучаснага ў мастацтве розных жанраў наўпрост ці апасродкавана зьвязанае ў Львове з «Дзыгай». Рабілі, зараблялі грошы, укладалі, рабілі новае.

Далучаліся сябры «Дзыгі» – хто меў магчымасьць і жаданьне зьмяняць родны горад. Так сярод мноства іншых праектаў паўстала легендарная кавярня «Криївка». Назва перакладаецца як «схрон». Схрон байцоў УПА, якія змагаліся супраць савецкіх войскаў па сканчэньні Другой сусьветнай вайны.

Іншы знаёмы пытаецца пра «Крыіўку»: «Гэта ж проста бізнэс?» Шмайсэры, ППШ і трохлінейкі на сьценах, мэню ў партызанскіх фарбах і назвах, на ўваходзе суворы дзядзька пытаецца, ці няма сярод наведнікаў «маскалёў ці камунякаў». Калі ня ведаць кантэксту, калі ўпершыню наведаць «Крыіўку» пасьля перамогі Майдану, то, магчыма, так і выглядае – проста бізнэс.

А калі ведаць, што «Крыіўку» стварылі ў 2007, і яна была адзінай падобнай установай на больш як саракамільённую краіну, ракурс погляду зьменіцца. Стварэньне кавярні было выклікам усім антыўкраінскім сілам Украіны. Гэта не магло быць «проста бізнэсам». Гэта была ідэйная творчасьць.

Не зьдзіўлюся, калі іншаземцы ў Менску падумаюць, што праект «Арт-Сядзіба» – проста бізнэс. А хтосьці дадасьць, што ён штучны са сваімі «вышымайкамі» і нацыянальнай сымболікай, а сапраўдны Менск існуе ў раёне Трактарнага заводу ці ў Сухараве.

Мы пакуль ня можам параўноўваць умовы для вядзеньня бізнэсу і агульную грамадзка-палітычную атмасфэру ў Львове і Менску. Але мы маем магчымасьць на прыкладзе двух гарадоў паспрабаваць зразумець, што такое аўтэнтычнасьць.

Старажытнагрэцкая: αὐθεντικός – сапраўдны. Можна сыходзіць з таго, што савецкае – сапраўднае. І такое цьверджаньне ня будзе памылкай. Для многіх людзей савецкае – сваё любімае роднае аўтэнтычнае, а ўсё астатняе – незразумелае чужое.

А можна сыходзіць з таго, што дасавецкае – сапраўднае. Альбо далей – дарасейскае сапраўднае. А для кагосьці нават толькі дахрысьцянскае ёсьць аўтэнтычным.

Усе падыходы маюць права на існаваньне, але застаецца пытаньне: а дзе ў лягічным ланцугу мы – сучасьнікі? Мы неаўтэнтычныя? Тэатральныя і штучныя? )). І ў Львове, і ў Менску, і ў сотнях і тысячах вялікіх і маленькіх месцаў, дзе людзі спрабуюць зьмяніць жыцьцё вакол сябе.

У мяне ёсьць багата знаёмых іншаземцаў з розных краінаў, закаханых у Беларусь наагул і ў Менск у прыватнасьці. Падазраю, што маіх замежнікаў прываблівае тое самае, што беларусаў у Львове – спрычыненасьць да зьменаў, якія творацца ў цябе на вачох. Пазытыўных зьменаў знутры. Толькі ў Менску, як раней у Львове, усё яшчэ трэба ведаць месцы.

Як кожны іншы горад, Менск сапраўдны там, дзе твае аднадумцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG