Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 25 гадоў незалежнасьці ва Ўкраіне загінуў 71 журналіст


Архіўнае фота. На месцы забойства Алеся Бузіны
Архіўнае фота. На месцы забойства Алеся Бузіны

На тэрыторыі Ўкраіны з 1991 году пры выкананьні прафэсійнай дзейнасьці загінуў 71 журналіст, уключаючы расейскіх ды італьянскага журналіста, якія загінулі ў зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе краіны.

«З агульнай колькасьці журналістаў, якія загінулі ва Украіне, 68 — украінскіх. Але ня ўсе гэтыя справы былі расьсьледаваныя і знойдзеныя заказчыкі ды выканаўцы. Наагул, адпаведна міжнароднай статыстыцы, па ўсім сьвеце толькі ў адным зь дзесяці выпадкаў расьсьледаваньні праводзіліся як сьлед», — паведамілі радыё Свабода ў Незалежным мэдыяпрафсаюзе Украіны (НПМУ).

Забойства Алеся Бузіны ў красавіку 2015 году стала адным з апошніх найбольш рэзанансных злачынстваў. Тады праваахоўныя органы арыштавалі двох падазраваных — удзельнікаў Антытэрарыстычнай апэрацыі Андрэя Мядзьведзьку і Дзяніса Палішчука, але ў судзе пакуль не даведзеная іх вінаватасьць. На дадзены момант працэс трывае, але паводле судовага рашэньня абодва былі вызваленыя з-за кратаў.

«У гэтым выпадку складана сказаць, зь якіх прычынаў адбылося забойства — ці тое за грамадзкую пазыцыю Алеся Бузіны, ці тое за журналісцкую дзейнасьць. Пакуль расьсьледаваньне гэтага злачынства, як і большасьці іншых, у тым выпадку і забойства Георгія Гангадзэ, не даведзеныя да лягічнага завяршэньня — ані выканаўцы, ані заказчыкі не прыцягнутыя да адказнасьці», — адзначылі ў журналісцкім прафсаюзе.

У сувязі з гібельлю беларускага журналіста Паўла Шарамета Незалежны мэдыяпрафсаюз выступіў з заяваю, у якой заклікаў журналістаў аб’яднацца для абароны свайго права на прафэсію і бясьпеку.

На месцы гібелі Паўла Шарамета:

«Сёньня ўкраінскія журналісты апынуліся ў іншай рэальнасьці. Забойства журналіста Паўла Шарамета паказала — сьмяротная небясьпека чакае журналістаў ня толькі ў зоне баявых дзеяньняў, але і пад іх домам ад мэтанакіраваных тэрарыстычных і кілерскіх нападаў. Задача праваахоўных органаў і ўлады — забясьпечыць хуткае і эфэктыўнае сьледзтва для высьвятленьня ня толькі непасрэдных выканаўцаў, але і заказчыкаў забойства. Задача грамадзтва — пераасэнсаваць ролю журналістыкі ў грамадзянскім разьвіцьці, прызнаць, што без свабоднай журналістыкі няма вольнага грамадзтва», — адзначаецца ў заяве.

У НМПУ нагадалі, што ва Ўкраіне да сёньняшняй трагедыі ледзь ня кожны дзень здараліся іншыя выпадкі нападаў на журналістаў, перашкодаў іх прафэсійнай дзейнасьці, падпалаў аўто. «Неналежны ўзровень рэакцыі ўлады па расьсьледаваньне падобных злачынстваў і невысокі ўзровень увагі грамадзкай думкі на мяжы з абыякавасьцю зьяўляюцца адным з фактараў паўтарэньня злачынных замахаў», — заявілі журналісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG