Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 19 ліпеня 2016: 101 год Антону Шукелойцю


Адзначэньне ў Ньюб-Ёрку 100-годзьдзя Антона Шукелойця. Юбіляр сядзіць у цэнтры.
Адзначэньне ў Ньюб-Ёрку 100-годзьдзя Антона Шукелойця. Юбіляр сядзіць у цэнтры.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Роварная вандроўка па менскіх сьцежках Максіма Багдановіча. Пачатак: 18.30 ад помніка М. Багдановічу каля Опэрнага тэатру. Арганізатар — майстэрня экскурсій «Менскі велашпацыр».

У гісторыі:

1869 — нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі архітэктар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.

1893 — нарадзіўся Ўладзімер Маякоўскі, расейскі савецкі паэт.

1915 — нарадзіўся Антон Шукелойць, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША. Скончыў аддзяленьне славянскай філялёгіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэту Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя (1939). Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павету. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940-м стаў дэпутатам Ашмянскага гарадзкога савету, загадчыкам гарадзкога аддзела народнай асьветы і школьным інспэктарам-мэтадыстам Ашмянскага раёну. 23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКВД, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асьветы і культуры Менскай гарадзкой управы, затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэя (потым Краязнаўчы музэй). З 1944 году ў эміграцыі. У пачатку 1950-x пераехаў у ЗША. Актыўны ўдзельнік жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, сябра рэдакцыі газэты «Беларус», сябра Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

1930 — па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» арыштаваны Максім Гарэцкі.

1972 — Івану Мележу і Івану Шамякіну прысвоены званьні народных пісьменьнікаў Беларусі.

1988 — у Віцебску пабудаваны летні амфітэатар. Менавіта тут штогод праводзіцца «Славянскі базар у Віцебску».

1994 — прэзыдэнтам Украіны стаў Леанід Кучма.

У памяці:

1855 — памёр Тамаш Зан, беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху.

Цытата:

«Толькі ўбачу я Цэліну —

сэрца ў полымі патоне,

соладка ў тую хвіліну,

што даруе лёс Цэліну,

я кахаю, сум пакінуў.

Шчасны, бы кароль на троне!

Толькі ўбачу я Цэліну —

сэрца ў полымі патоне!

Ізабэлька, ты мне люба,

а пабачу — жах! трывога:

мужнасьць дзе мая, дзе згуба?

Хоць ты, золатка, мне люба,

бачыць мілку — сэрцу згуба,

а ня бачыць — мне нязмога,

хоць ты, золатка, мне люба,

а пабачу — жах! трывога.»

Тамаш Зан, «Трыялеты ў Вільні» (пераклад з польскай Васіля Сёмухі)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG