Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WADA заклікала адхіліць расейскіх спартоўцаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў


Паводле расьсьледаваньня Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), Расея выйграла Алімпіяду ў Сочы несумленным шляхам, а расейцаў можа наогул ня быць на гульнях у Рыё.

Афіцыйны прадстаўнік Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Бэн Нікалс у панядзелак, 18 ліпеня, заявіў, што агенцтва заклікае адхіліць расейскіх спартоўцаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку ад Алімпіяды ў Рыё.

Расьсьледаваньне, праведзенае незалежнай камісіяй WADA пацьвердзіла існаваньне ў Расеі сыстэмы выкарыстаньня допінгу ў спорце, якая мае падтрымку на дзяржаўным узроўні — ня толькі ў лёгкай атлетыцы, але і ў іншых відах спорту. Гаворка ідзе і пра падманы падчас Алімпійскіх гульняў у Сочы, якія сур’ёзна паўплывалі на вынікі спаборніцтваў. Агенты ФСБ Расеі былі наўпроставымі ўдзельнікамі гэтай незаконнай практыкі. Пра гэта аб’явіў на прэс-канфэрэнцыі ў Канадзе кіраўнік камісіі Рычард Макларэн.

Рычард Макларэн
Рычард Макларэн

Макларэн выказаў упэўненасьць у тым, што крыніцы інфармацыі, якімі карысталіся ўдзельнікі расьсьледаваньня, надзейныя, таму высновы аб’ектыўныя і факты цалкам пацьверджаныя. Падробка вынікаў пробаў, паводле ягоных словаў, праводзілася на рэгулярнай аснове.

Абвінавачаньні ўключаюць наўмысны падрыў антыдопінгавай працы на Алімпіядзе-2014 у Сочы, а таксама на многіх іншых спаборніцтвах, і сыстэматычнае ўмяшаньне ў збор допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў на працягу многіх гадоў. Нагодай для расьсьледаваньня стала інтэрвію экс-кіраўніка антыдопінгавай лябараторыі ў Маскве Грыгорыя Родчанкава, у якім ён заявіў, што цэлы шэраг расейскіх спартоўцаў на гульнях у Сочы ўжываў допінг і гэтая схема фактычна кіравалася дзяржавай.

Родчанкаў сьцьвярджаў, што допінг-пробы падмянялі пры дапамозе супрацоўнікаў ФСБ. Паводле Родчанкава, допінг ўжывалі 15 расейскіх мэдалістаў сочынскіх гульняў. Ён назваў сярод іх бабсьлеіста, які заваяваў два залатыя мэдалі, Аляксандра Зубкова, лыжніка Аляксандра Легкавога (срэбра і золата) і яшчэ аднаго алімпійскага чэмпіёна — скелетаніста Аляксандра Трацьякова. Таксама забароненыя прэпараты прымала, паводле яго, уся жаночая зборная па хакеі, якая ў выніку заняла шостае месца.

Па словах Макларэна, расьсьледаваньне пацьвердзіла праўдзівасьць словаў Родчанкава, які апісаў, як дзейнічае ў Расеі сыстэма ўтойваньня «брудных» допінгавых пробаў. Кіраўнік камісіі WADA падкрэсліў, што паказаньні Родчанкава шматкроць правяраліся навукоўцамі і экспэртамі, таму, нягледзячы на існаваньне канфлікту інтарэсаў, зьвязанага з асобай былога расейскага антыдопінгавага функцыянэра, высновы справаздачы варта лічыць аб’ектыўнымі. Макларэн адмовіўся даваць якія-небудзь рэкамэндацыі ў сувязі з публікацыяй дакладу, сказаўшы, што яго задачай было ўстанавіць факты.

У Сочы, адзначыў Макларэн, спатрэбілася новая мэтадалёгія ў гэтых адносінах. Паводле яго словаў, у міжнародных прадстаўнікоў па кантролі за выкарыстаньнем допінгу ўзьнікалі сумневы падчас гульняў, аднак доказаў тады знайсьці не ўдалося. Гаворачы аб сочынскіх гульнях, Макларэн зноў згадаў пра ўдзел агентаў ФСБ ва ўтойваньні «брудных» пробаў. Пры гэтым, згодна з высновай дакладу, для замены пробаў выкарыстоўваліся спэцыяльныя сакрэтныя лябараторыі. У некаторых выпадках пробы ня падмяняліся, а разводзіліся вадой, што не давала магчымасьці кантрольным органам з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што спартовец ўжываў допінг. Сытуацыя ў Сочы была унікальнай, сказаў Макларэн, паказваючы на наяўнасьць шматлікіх міжнародных назіральнікаў, якія ўсё-ткі былі ўведзеныя ў зман. Нарыхтоўка «чыстых» пробаў для наступнай падмены праводзілася яшчэ ў 2013 годзе. Міністар спорту Расіі Віталь Мутко быў цалкам у курсе таго, што адбываецца, лічаць аўтары дакладу. Адказваючы на пытанне журналіста, Макларэн сказаў, што ў сябраў камісіі няма пацьверджанай інфармацыі аб ўцягнутасьці ў незаконную практыку каго-небудзь з членаў МАК, якія прадстаўляюць Расею.

Расьсьледаваньне праводзілася ў вельмі сьціснутыя тэрміны, адзначыў Макларэн, каб даць Міжнароднаму алімпійскаму камітэту магчымасьць прыняць на аснове яго высноваў рашэньне аб удзеле або няўдзеле расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйру, якая пачынаецца 5 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG