Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване захопнікі будынка паліцыі адпусьцілі яшчэ аднаго закладніка (ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ)


Паліцыя каля захопленага пастарунку 17 ліпеня
Паліцыя каля захопленага пастарунку 17 ліпеня

Узброеныя прадстаўнікі радыкальнай апазыцыі дагэтуль утрымліваць групу паліцыянтаў на тэрыторыі будынка патрульна-паставой службы паліцыі Армэніі ў Ерэване.

Улады Армэніі працягваюць перамовы з захопнікамі. Па словах намесьніка начальніка паліцыі Армэніі Унана Пагасяна, іх спрабуюць пераканаць адмовіцца ад патрабаваньня вызваліць каардынатара «Ўстаноўчага парлямэнту» Жырайра Сэфіляна і некалькіх яго паплечнікаў, якіх захопнікі лічаць палітвязьнямі.

Пагасян дадаў, што ў паліцыі ёсьць сілы і сродкі для нэўтралізацыі захопнікаў, аднак, пакуль ёсьць магчымасьць мірнага вырашэньня канфлікту, трэба весьці перамовы.

Жывая трансьляцыя армянскай службы Радыё Свабода:

У нядзелю, 17 ліпеня, у выніку нападу на разьмешчаны ў ерэванскім раёне Эрэбуні ўчастак паліцыі загінуў палкоўнік паліцыі Артур Ванаян, яшчэ чацьвёра паліцэйскіх былі параненыя. Сярод тых, хто нападаў таксама адзін чалавек атрымаў раненьне.

Уначы быў адпушчаны яшчэ адзін закладнік. Такім чынам, цяпер узброеная група ўтрымлівае пяць паліцыянтаў, у тым ліку намесьніка начальніка паліцыі Армэніі Вардана Егіазарана і намесьніка начальніка паліцыі Ерэвана Валерыя Асіпяна.

Між тым, прадстаўнікі асноўных палітычных сілаў Армэніі, у тым ліку шэрагу апазыцыйных партый, асудзілі напад на паліцэйскі ўчастак у Ерэване, падкрэсьліваючы, што палітычныя пытаньні павінны вырашацца негвалтоўнымі канстытуцыйнымі мэтадамі.

Прадстаўнікі «Ўстаноўчага парлямэнту», чальцы якога захапілі будынак паліцыі, назвалі тое, што здарылася «пачаткам бунту» з мэтай «зрынуць урад» і «вызваліць палітзьняволеных».

«Устаноўчы парлямэнт», сярод актывістаў якога — вэтэраны вайны ў Нагорным Карабаху, вядомы арганізацыяй пратэстных акцый з патрабаваньнямі адстаўкі прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсяна. Арганізацыя востра крытыкуе палітыку ўладаў краіны датычна Нагорнага Карабаху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG