Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раструшчаныя шапікі, паламаны лес і музэй бяз даху — шкода ад віхраслупу ў Воршы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мясцовыя жыхары расказваюць пра надзвычайны ўраган, які «зачапіў» Воршу ў раёне вакзалу, чыгуначнай станцыі «Заходняя» і «прайшоўся» па прыватнай забудове на «Сельгастэхніцы».

Некаторыя сьцьвярджаюць, што бачылі віхраслуп. І ў якасьці доказаў дэманструюць фотаздымкі паламанага лесу. Мясцовы сайт orsha.eu паведамляе пра раструшчаныя паваленымі дрэвамі аўтамабілі, а таксама пра раздушаны харчовы шапік каля крамы «Елачка» ў раёне «Сельгастэхнікі». Калі дрэва ўпала на дах, унутры знаходзілася гандлярка. Яна не пацярпела, але выбрацца вонкі змагла толькі з дапамогай супрацоўнікаў МНС.

У гэтым раёне прыватнага сэктару некалькі хатаў засталіся бяз даху (паводле афіцыйнай зводкі, віхура пашкодзіла каля 140 дамоў у Воршы, Талачынскім, Дубровенскім і Шумілінскім раёнах), цягам некалькіх гадзін людзі заставаліся безь сьвятла праз пашкоджаньне ліній электраперадач.

У раёне аршанскага чыгуначнага вакзалу ўраганны вецер пашкодзіў дах музэю Канстанціна Заслонава (два першыя здымкі), у Дуброўне пашкоджаны дах раённага шпіталю.

Карыстальнікі сацыяльных сетак з Талачына паведамляюць пра тое, што ўчора ў раёне выпаў град неверагодна вялікага памеру. Згодна са зводкай МНС, моцны вецер нанёс шкоду і ў Віцебскім раёне: у аграгарадку Мазалава, дзе стыхія бушавала найбольш моцна, бяз дахаў засталіся паўтара дзесятку дамоў і фэрма прадпрыемства «Мазалавагаз»

РУП «Віцебскэнэрга» займаецца аднаўленьнем электразабесьпячэньня 52-х паселішчаў у Дубровенскім, Аршанскім і Віцебскім раёнах. Абвешчаны збор асабовага складу супрацоўнікаў МНС для ліквідацыі наступстваў прыроднага катаклізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG