Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея паменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь?


Скарачэньне паставак расейскай нафты ў Беларусь амяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Ігар Карней.

Глод: Расейскія ўлады пастанавілі скараціць аб’ём паставак нафты ў Беларусь. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters. Інфармацыю пацьвердзіў прадстаўнік найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніі «Транснафта» Ігар Дзёмін. Ён заявіў, што ад пачатку ліпеня «Транснафта» зьменшыла пастаўкі нафты на 40%.

Існуюць дзьве вэрсіі такога рашэньня Масквы. Адна цалкам адкідвае палітычны аспэкт — маўляў, усё гэта вынік камэрцыйнай спрэчкі.

Другая, паводле згаданага ўжо Reuters, — такім чынам прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку «караюць» за разварот да Захаду і крытычныя выказваньні на адрас Расеі.

Пачнём з эканамічнага варыянту. Расея скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь з-за таго, што Менск цалкам не разьлічваецца за атрыманы расейскі газ. Ігар Дзёмін, як я ўжо казаў, назваў лічбу зьмяншэньня — 40%. Экспэрты перавялі працэнты ў рэальныя лічбы і кажуць, што пастаўкі ў трэцім квартале скароцяцца як найменей на 2 мільёны 250 тысяч тон. Як падлічылі ў Reuters, субсыдыі на пастаўкі расейскай сыравіны дасягаюць 3 мільярды даляраў на год. 2 мільёны 250 тысяч тон гэта дзесятая частка ўсёй нафты. Значыць, беларуская казна не далічыцца 300 мільёнаў даляраў. Цяпер для беларускіх уладаў гэта істотная сума.

Паводле вэрсіі Reuters, гэта кара для Лукашэнкі за тое, што ён вядзе гульні з Захадам.

Ёсьць і іншы разьлік — пастаўкі ў трэцім квартале скароцяцца аж да 3,5 мільёну тон і тады Беларусь страціць ужо не 300, а 425 мільёнаў даляраў. Гэта вельмі вялікія страты, бо за ўвесь першы квартал Беларусь атрымала толькі 125 мільёнаў даляраў экспартных пошлін на нафтапрадукты.

Кажуць, што Менск вядзе перамовы аб куплі нафты ў іншых пастаўшчыкоў. Аднак прапанаваныя тарыфы даражэйшыя за тыя, што прапаноўвае Масква. Так было, дарэчы, калі Менск закупляў альтэрнатыўную нафту ў Вэнэсуэле.

Другі варыянт — палітычны. Паводле вэрсіі Reuters, гэта кара для Лукашэнкі за тое, што ён вядзе гульні з Захадам і за яго крытычныя выказваньні на адрас Расеі.

Ну, і нарэшце трэцяя вэрсія — мая ўласная, якая, як я думаю, таксама мае права на жыцьцё. Можа, гэта спалучэньне абодвух фактараў. А што думаеце вы пра гэта, калегі? І чым пагражае Беларусі скарачэньне паставак расейскіх энэрганосьбітаў?

Карбалевіч: Найперш у гэтым паведамленьні мяне зацікавіла інфармацыя, што пастаўкі нафты ў Беларусь у ліпені скараціліся напалову. З улікам таго, якая вага экспарту нафтапрадуктаў у беларускім бюджэце, гэта моцны ўдар па эканоміцы. Пры гэтым, зьвяртае ўвагу, што вышэйшыя асобы Беларусі маўчаць. Гэта скандал, гэта ўдар па беларускай эканоміцы, прытым большы, чым вось той малочны канфлікт, які цяпер разьвіваецца. Тое, што адначасова разьвіваецца газавы, нафтавы і малочны канфлікт, магчыма гэта супадзеньне, а магчыма і не.

Гэта скандал, гэта ўдар па беларускай эканоміцы.

Але я б не сьпяшаўся сьцьвярджаць як факт, што пастаўкі расейскай нафты скарачаюцца з-за палітыкі Менску ў дачыненьні да Захаду. Усё ж не ў энэргетычным сэктары вызначаецца замежная палітыка Масквы. Калі б спасылка была хоць бы на адміністрацыю прэзыдэнта РФ, тады б можна было пэўна сьцьвярджаць.

Затым, у адносінах Беларусі з Захадам, апошнім часам не адбылося нейкіх важных падзей, якія б сьведчылі пра якасныя зьмены палітыкі Менску ў гэтым кірунку. Ідзе рутынны працэс нармалізацыі адносін. У самой Расеі значна больш высокі ўзровень кантактаў з Захадам, ня гледзячы на канфлікт.

Той самы Лукашэнка, прымаючы два дні таму часовага паверанага ЗША ў Беларусі спадара Роланда, адзначыў, што Расея ня супраць нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам. Думаю, манэўры Менску на заходнім напрамку Маскву сапраўды раздражняюць, але пакуль гэтае раздражненьне практычна не выплюхваецца ў публічную сфэру. Пакуль на публічным узроўні ніхто з расейскіх афіцыйных асоб не крытыкаваў Беларусі за размарожваньне дачыненьняў з Захадам. Хіба што можна згадаць старшыню Савету Фэдэрацыі Валянціну Матвіенка, якая падчас знаходжаньня ў Менску з нагоды 3-га форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, крытыкавала палітыку ЭЗ «Усходняе партнэрства». Гэта можна разглядаць як ускосны намёк на незадаволеньне тым, што Беларусь удзельнічае ў гэтай праграме. Але гэтая праграма цяпер перажывае крызіс.

Думаю, пакуль усё ж гэтыя войны больш эканамічныя, хоць палітыка тут, зразумела, прысутнічае.

Карней: Беларусь хоча мець штогод 23-24 мільёны тон расейскай нафты. Пры тым, што ўнутраныя патрэбы краіны ў сырой нафце складаюць 8-9 мільёнаў тон. Дарэчы, гэтая лічба магла быць яшчэ меншай, каб працавалі сучасныя энэргаэфэктыўныя прадпрыемствы — цяперашнія старыя заводы, у масе сваёй не мадэрнізаваныя ад савецкага часу, марна спальваюць тысячы тон мазуту, ня столькі падвышаючы прадукцыйнасьць вытворчасьці, колькі забруджваючы паветра.

Наяўная розьніца на 15 мільёнаў тон — гэта камэрцыйны інтарэс, які дазваляе папаўняць бюджэт і зарабляць на маржы ад перапрацоўкі ільготнай нафты да рэалізацыі гатовых нафтапрадуктаў за мяжу. Але ў Маскве вырашылі, што цяперашнія аб’ёмы паставак трэба адкарыгаваць. Магчыма, ня вераць, што сыравіна выкарыстоўваецца паводле прызначэньня, а пошліны спраўна вяртаюцца ў расейскую казну?

Менск не саромеецца ўжываць шэрыя схемы, каб ашукаць намінальнага саюзьніка.

Нядаўняя гісторыя сьведчыць, што Менск не саромеецца ўжываць шэрыя схемы, каб ашукаць намінальнага саюзьніка. У 2012 годзе Расея абвінаваціла Беларусь у экспарце нафтапрадуктаў без аплачваньня мыта ў расейскі бюджэт. Перадусім выклікала падазрэньне, што меней чым за паўгода экспартавана складаных арганічных растваральнікаў і разбавіцеляў у аб’ёме 2,5 мільёну тон на суму 2 мільярды 180 мільёнаў даляраў — пры тым, што патрэбы ўсясьветнага рынку не перавышаюць 1,5 мільёна тон.

Праўда, Расея хоць і страчвала ад сумнеўных гандлёвых схемаў мільярды даляраў, ня вельмі разьвівала тэму беларускай кантрабанды — у такім выпадку давялося б прызнаць, што інтэграцыйныя структуры кшталту Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы ці Эўразійскай эканамічнай прасторы выкарыстоўваюцца дзеля несумленнай гульні. У Беларусі, у сваю чаргу, зрабілі высновы — і тое пасьля таго, як Расея прыстрашыла Беларусь, што спыніць пастаўкі льготнай нафты і прадаваць яе па рынкавых коштах.

Альтэрнатыўныя пастаўкі, якімі цяпер Менск палохае Маскву, — ня болей, чым бравада. Яшчэ сьвежыя ў памяці прыклады саюзнай крыўды, калі Беларусь адважылася прадэманстраваць свой нораў і пастаўляць нафту з Вэнэсуэлы. Мала таго, што насьмяшылі ўвесь сьвет проста вар’яцкай лягістыкай, дык яшчэ прэтэндавалі на пападаньне ў Кнігу рэкордаў Гінэса па выніковым кошце.

Хоць ніводнага разу канкрэтная лічба не прагучала, экспэрты ацанілі яе разам з транспартнымі выдаткамі на 600 даляраў за тону. Тады як кошт расейскай нафты на той час быў у эквіваленце 300 даляраў (для параўнаньня, у 2015-м складаў ужо меней за 250 даляраў). Можна хіба цешыцца, што, мяркуючы па ўсім, за вэнэсуэльскія пастаўкі Беларусь так і не разьлічылася. Дакладней, абмежавалася бартэрам: нафта — у абмен на аграгарадкі, якія будуюць у Вэнэсуэле беларускія спэцыялісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG