Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прапаганда пра НАТО: міты і факты


Экспэрты нямецкай Фэдэральнай акадэміі палітыкі бясьпекі праверылі на адпаведнасьць рэальнасьці ходкія тэзісы расейскіх СМІ пра Паўночнаатлянтычны альянс.

Экспэрты пункт за пунктам разгледзелі абвінавачваньні, якія раз-пораз гучаць у расейскіх СМІ на адрас НАТО, і праверылі іх на адпаведнасьць фактам. Як аказалася, многія ходкія — у тым ліку і ў Нямеччыне — тэзісы не адпавядаюць сапраўднасьці.

1. Міт пра супрацьпраўнае разьмяшчэньне войскаў НАТО ва Ўсходняй Эўропе.

На папярэднім саміце НАТО ва Ўэльсе было прынятае рашэньне ўзмацніць вайсковую прысутнасьць блёка на яго ўсходнім флянгу. У Варшаве гэты плян будзе дапоўнены і канкрэтызаваны. У Расеі такія меры абвяшчаюцца парушэньнем падпісанага ў 1997 годзе асноватворнага акту Расея — НАТО, у якім альянс, маўляў, паабяцаў не разьмяшчаць свае войскі ў краінах Усходняй Эўропы, якія далучыліся да яго пасьля развалу СССР.

Насамрэч, як паказваюць экспэрты акадэміі, альянс паабяцаў не разьмяшчаць ядзерную зброю ў гэтым рэгіёне, а па звычайных узбраеньнях была зроблена агаворка аб «цяперашніх і аглядных ўмовах бясьпекі».

2. Міт пра абяцаньне НАТО не пашырацца на ўсход

Раз за разам у расейскіх СМІ нагадваюць аб тым, што падчас перамоваў у фармаце «2 плюс 4», якія папярэднічалі аб’яднаньню Нямеччыны, Расеі, маўляў, абяцалі не прымаць у НАТО краіны былога ўсходняга блёку, а пазьней сваё слова не стрымалі.

Як гаворыцца ў распрацоўцы нямецкіх экспэртаў, такое абяцаньне нідзе не зафіксавана ў пісьмовым выглядзе. Гэтага і быць не магло, паколькі такое рашэньне магло быць прынятае толькі шляхам аднагалоснага вотуму ўсіх — на той момант 16 — краін НАТО, а не чатырма зь іх (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРН), якія бралі ўдзел у перамовах «2 плюс 4» .

3. Міт пра агрэсіўны рух НАТО на ўсход

Варыяцыя папярэдняга міту — абвінавачваньне НАТО ў імкненьні ўсё далей ўварвацца ў сфэру расейскіх геапалітычных інтарэсаў, пра што, маўляў, сьведчыць маючы адбыцца прыём у альянс Чарнагорыі.

Яшчэ ў 1975 годзе быў падпісаны Хэльсынкскі Заключны акт, у якім недвухсэнсоўна зафіксавана, што ўсе краіны маюць «права належаць ці не належаць да міжнародных арганізацый, быць ці ня быць удзельнікам двухбаковых або шматбаковых дамоваў, уключаючы права быць ці ня быць удзельнікам саюзных дамоваў».

У акадэміі палітыкі бясьпекі лічаць, што за расейскай крытыкай стаяць ня толькі геастратэгічныя інтарэсы Масквы, але і падспуднае расчараваньне тым фактам, што НАТО дагэтуль застаецца працаздольнай і прывабнай ня толькі для яе членаў арганізацыяй, у той час, як Варшаўскі пакт даўно адышоў у нябыт.

4. Міт пра супрацьпраўныя дзеяньні НАТО ў Косаве

Гэты тэзіс у расейскіх СМІ і расейскімі палітолягамі прыводзіцца кожны раз як бы ў апраўданьне анэксіі Крыму і падбухторшчыцкіх дзеяньняў Масквы на ўсходзе Ўкраіны.

Апраўдваць адно парушэньне права, якое нібыта мела месца, іншым, нямецкія экспэрты называюць вельмі сумнеўнай лёгікай. Але справа зусім ня ў гэтым. Косаўскаму крызісу, нагадваюць яны, папярэднічала гуманітарная катастрофа, грамадзянская вайна на тэрыторыі былой Югаславіі з прыкладна сотняй тысяч ахвяр.

У адным толькі 1998 годзе, паводле дадзеных ААН, у выніку этнічных чыстак у Косава загінулі каля дзьвюх тысяч чалавек. У дзьвюх рэзалюцыях Рада Бясьпекі канстатавала наяўнасьць пагрозы для міжнароднага міру. У такой сытуацыі краіны НАТО вырашылі ўмяшацца. Так, мандату ААН у іх не было, у тым ліку, і таму, што супраць яго былі Расея і Кітай.

Ніводнай з такіх, як у Косаве, перадумоў, адзначаюць экспэрты нямецкай акадэміі, не было ва ўкраінскім крызісе: этнічных чыстак у Крыме не праводзілася, ахвяраў сярод расейскамоўных жыхароў Украіны таксама не было.

Міжнародны суд ААН у Гаазе ў чэрвені 2010 году не знайшоў, што абвяшчэньне незалежнасьці Косава супярэчыла міжнароднаму праву, а вось Генэральная асамблея ААН 27 траўня 2014 году пераважнай большасьцю галасоў прыняла рэзалюцыю, якая аб’явіла несапраўдным рэфэрэндум у Крыме і якая патрабуе аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Акрамя Расеі, супраць той рэзалюцыі галасавалі толькі 10 са 194 краін — у тым ліку, Паўночная Карэя, Куба, Сырыя і Беларусь.

З высновамі экспэртаў пазнаёміла радыёстанцыя «Нямецкая хваля».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG