Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую незалежнасьць сьвяткавалі сёлета 3 ліпеня


У чым адметнасьць сёлетняга сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці? Чаму Мікалай Лукашэнка ня быў на трыбуне побач з бацькам?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.


Карбалевіч: Найперш, хацеў бы заўважыць, што ўжо колькі гадоў стараньнямі ўладаў Дзень Незалежнасьці стаў самым галоўным сьвятам ў краіне. Ня Дзень Перамогі, ня нейкае іншае сьвята, а менавіта Дзень Незалежнасьці. Менавіта ён сьвяткуецца найбольш урачыста.

Цікава таксама, што менавіта да Дня незалежнасьці БРСМ арганізавала Дзень вышыванкі.

Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што ўлады цяпер акцэнтавана нагадвалі пра юбілей: 25 гадоў незалежнасьці Беларусі. Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасьці, заявіў: «Чвэрць стагодзьдзя мы жывем у незалежнай дзяржаве... Гісторыя сувэрэннай Беларусі таксама пачалася ва ўмовах геапалітычнай трагедыі».

То бок момант нараджэньня незалежнай Беларусі названы «геапалітычнай трагедыяй». Як можна ставіцца да дзіцяці, якое зьявілася на сьвет у выніку няшчаснага выпадку?

Улады прызнаюць, што беларуская незалежнасьць паўстала чвэрць стагодзьдзя таму, у канцы 1991 году, у ходзе распаду СССР. Тады што ж сьвяткуецца 3 ліпеня?

Незалежныя СМІ ўжо зьвярнулі ўвагу на тое, што БТ усьлед за Лукашэнкам у апошнія дні выставіла на тэлеэкранах сьвяточны лягатып: «25 гадоў незалежнасьці Рэспублікі Беларусь». Гэта значыць, улады прызнаюць, што беларуская незалежнасьць паўстала чвэрць стагодзьдзя таму, у канцы 1991 году, у ходзе распаду СССР. Тады што ж сьвяткуецца 3 ліпеня? Дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў у 1944 годзе. Але пры чым тут дзяржаўная незалежнасьць Беларусі? Але шукаць нейкую, хай нават самую прымітыўную, лёгіку ў прапагандысцкіх пабудовах цалкам бессэнсоўна.

Зварот да 25-гадовага гістарычнага пэрыяду абумоўлены ня толькі тым, што ў гэтым годзе краіна сьвяткуе юбілей незалежнасьці. Акрамя ўсяго іншага, гэта такі хітры маркетынгавы ход, пратэставаны яшчэ ў дакладзе на Ўсебеларускім народным сходзе. Справа ў тым, што мінулая пяцігодка цалкам праваленая, хваліцца няма чым. Таму Лукашэнка знайшоў выгадны пункт адліку, пачаў падводзіць вынікі за 20 гадоў, параўноўваць цяперашнюю сытуацыю з тым, што было напачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

Вось Віталь Цыганкоў пасьля Ўсебеларускага народнага сходу ўжо згадваў, што з дакладу Лукашэнкі прамалёўваецца амаль біблейскі сюжэт, які быў паўтораны і ў выступе 1 ліпеня. Увесь сусьвет была цемрай і хаосам, але прыйшоў Бог і стварыў сьвет. Так і ў нас: зьявіўся правадыр, які «трошкі вышэй за Бога», і вывеў краіну з хаосу, ператварыў у «зямлю абяцаную», «зіхатлівы град на ўзгорку». Такі праставаты спосаб легітымізацыі ўласнага кіраваньня.

У сэнсе піяру падобная мэтадалёгія можа і працуе, гэткая фабрыка мрояў ў беларускім варыянце. Але для сур’ёзнага аналізу яна малапрыдатная. Бо ў гэтыя 25 гадоў астатні сьвет таксама не стаяў на месцы, разьвіваліся ўсе краіны. Таму праблема павінна пераводзіцца ў іншую плашчыню: Беларусь разьвівалася хутчэй, больш пасьпяхова, чым іншыя народы, ці наадварот?

Дракахруст: Людзям уласьціва забываць, і таму мы ўжо цяпер ня памятаем стылістыку 90-х гадоў, калі незалежнасьць ледзь не пракліналася, калі гаварылася пра развал вялікай краіны, якой мы верныя. Зараз таксама гэтая супярэчнасьць прысутнічае, у тым ліку і ў вызначэньні даты адзначэньня, але ўжо незалежнасьць абвяшчаецца вышэйшай каштоўнасьцю, ні пра які Савецкі Саюз, як пра мэту, ня ўзгадваецца. БРСМаўскае сьвята вышыванкі сьведчыць пра пошук сымбаляў, культурных апірышчаў гэтай самай незалежнасьці.

Мікалай Лукашэнка яшчэ малы, але ўжо не маленькі, на трыбуне ён ужо ўспрымаецца як прынц-спадкаемца. Гэта па-рознаму можа быць успрынятае ў грамадзтве.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт, які выклікаў цікавасьць многіх — тое, што Мікалай Лукашэнка не стаяў на галоўнай трыбуне побач з бацькам. На ўсіх папярэдніх сьвяткаваньнях ён на гэтай трыбуне быў, а зараз — на іншай, з ганаровымі гасьцямі. Могуць быць дзьве вэрсіі.

Адна чыста чалавечая: ён падлетак, пераходны ўзрост, мог проста пасварыцца з бацькам, той сказаў, будзеш стаяць з усімі, а не са мной. Можа, так яно і тлумачыцца, і ня трэба тут нейкіх паліталягічных вэрсіяў.

Але мае права на існаваньне і паліталягічная: таму што ўжо падлетак. Калі гэта быў маленькі хлопчык — ён разглядаўся ў пэўным сэнсе як «аксэсуар» яго бацькі. А цяпер ён яшчэ малы, але ўжо не маленькі, на трыбуне ён ужо ўспрымаецца як прынц-спадкаемца. Ня выключана, што Лукашэнка падумаў, што гэта па-рознаму можа быць успрынятае ў грамадзтве. І таму паказаў, што гэтае пытаньне пакуль нявырашанае.

Цыганкоў: Гэта сьвяткаваньне чарговы раз пацьвердзіла формулу, якая калісьці прагучала ў адной з перадач «Праскі акцэнт»: «У вас свая незалежнасьць, у нас — свая ». Маецца на ўвазе тое, што каштоўнасьці афіцыйнай улады і незалежнага грамадзтва вельмі адрозьніваюцца і не збліжаюцца, нягледзячы на ўсе вышыванкі.

Каштоўнасьці афіцыйнай улады і незалежнага грамадзтва вельмі адрозьніваюцца і не збліжаюцца, нягледзячы на ўсе вышыванкі.

Вельмі красамоўна было пацьверджана, што няма лёгікі ў выбары дня сьвяткаваньня, апытаньнямі, якія праводзіла нашае радыё. Калі больш дадатковых пытаньняў задавалі, чаму менавіта ў гэты дзень сьвяткуецца незалежнасьць, якое гэты дзень мае дачыненьне да незалежнасьці — людзі не маглі адказаць, як можна зьвязаць дзень вызваленьня Менску ў 1944 годзе з 25-годзьдзем незалежнасьці.

Ці ведаюць беларусы, што сьвяткуецца 3 ліпеня? Апытваем людзей на парадзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:43 0:00

Афіцыйная прапаганда не патрабуе ад народу і ад сябе лёгікі і пасьлядоўнасьці. Галоўнае, каб насельніцтва ўспрымала тое, што прапануецца, няважна, зь нейкім творчым разуменьнем ці без яго. І каб асабліва не працівілася. Тут дасягненьні ў афіцыйнай прапаганды ёсьць — мы ведаем сацыялягічныя дадзеныя, паводле якіх на сёньня сфармавалася большасьць, якая падтрымлівае афіцыйныя сымбалі, чырвона-зялёны сьцяг, квазісавецкі герб і сьвяткаваньне 3-га ліпеня, нягледзячы на іх неўгрунтаванасьць у гісторыі і на іх нелягічнасьць. Так што можна з сумам канстатаваць, што намаганьні ўлады аказаліся дастаткова ўдалымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG