Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славаміра Адамовіча вызвалілі з «Навінак». Ён зьбіраецца скардзіцца на міліцыю


Славамір Адамовіч. 4 ліпеня 2016 году
Славамір Адамовіч. 4 ліпеня 2016 году

Паэт Славамір Адамовіч, якога некалькі дзён утрымлівалі ў сёмым корпусе «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя» (Навінкі), ня мае прэтэнзій да лекараў, але мае прэтэнзіі да міліцыі.

«Калі я і буду скардзіцца, то на дзеяньні непасрэдна міліцыі, якая ў той дзень дзяжурыла», — адзначыў ён у інтэрвію Свабодзе.

Адамовіч падкрэсьлівае, што калі яго затрымлівалі і везьлі ў «Навінкі», міліцыя яму так нічога і не патлумачыла.

«Ніякіх тлумачэньняў не было. Тым больш тлумачэньня ня могуць даць у „Навінках“, бо яны мяне ўтрымлівалі паводле паперы (зь якой прыехалі міліцыянты зь Мядзелу), дзе было ўжытае слова „шызафрэнія“. А так, пакуль я ніякіх тлумачэньня ня маю», — кажа ён.

Адамовіч дадаў, што рэчы, якія былі ў яго на момант затрыманьня, перадалі бацькам, і ён пакуль ня ведае, ці ўсё там на месцы:

Паддаваць тысячы людзей такому вобшуку, такому, прабачце, „шмону“ — гэта недарэчы краіне, якая прэтэндуе на сяброўства з Захадам.

«Калі ж я яшчэ ня ўсе рэчы знайду, то я тым больш абавязкова буду пісаць скаргі, бо тады гэта проста рабаваньне сярод белага дня. Я лічу гэта адкрытым рабункам з аднога боку, а зь іншага боку — запалохваньнем. Калі ў такім фармаце адбываецца агульнабеларускае, агульнакраёвае сьвята як Будслаўскі фэст, то з гэтым проста трэба змагацца. Паддаваць тысячы людзей такому вобшуку, такому, прабачце, „шмону“ — гэта недарэчы краіне, якая прэтэндуе на сяброўства з Захадам».

Адамовіч падкрэсьлівае, што прэтэнзій да лекараў у яго няма.

«Я нават публічна выкажу падзяку доктару Антону Бэнэдыктавічу Шоту, які аглядаў мяне», — дадаў ён.

Славамір расказаў, што пацыенты, якія ляжалі зь ім у палаце, спрабавалі чытаць яму па памяці вершы па-беларуску. Пра гэта ён зрабіў запіс на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Паэта Славаміра Адамовіча затрымалі 1 ліпеня ў Будславе. Яго спынілі людзі ў цывільным, хацелі паглядзець яго торбу, але пасьля адмовы Адамовіча праходзіць агляд яго затрымалі. Адамовіча павезьлі ў Навінкі быццам бы для «агляду», адкуль вызвалілі толькі сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG