Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўставаньне ўсходняй мяжы


«Сёньня, каб не пакідаць людзей на мяжы, якія забыліся пашпарты для паездкі ў Смаленск, прыйшлося разьвярнуць аўтобус і замест Смаленска праехацца па Аршаншчыне. Я не крыўдую на расійскіх памежнікаў, яны выконвалі абавязак, я не крыўдую на людзей, хоць гэта і глупства без дакумэнтаў, ня тое што ў іншую краіну ехаць, глупства ў іншы горад Беларусі выязджаць.

Мне цікава ў гэтай сітуацыі адно. Нягледзячы ні на што, на ўсялякія там саюзы і г.д. Расея клапоціцца пра сваю бяспеку. А Беларусь? І тут пытанне. А чаму на ўездах у Беларусь з боку Расіі прахадны двор? Чаму ўсе едуць бескантрольна? Розныя там наркадылеры са спайсамі, нямытыя залдастанавы і іншая шваль».

Гэта допіс у сацыяльных сетках старшыні таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, які разам са сваёй групай трапіў у нявыкрутку на няіснай, але ўсё ж рэальнай і зьменлівай расейска-беларускай мяжы.

Гэтая мяжа – як град Кіцеж, то яе няма, то яна ёсьць. Яна паўстае й раствараецца паводле адной ёй зразумелых законаў. Такога ня можа быць у звычайнай дзяржаве, але Беларусь дзяржава незвычайная. Саюзная.

Што дае гэта дзяржавам, якія датыкаюцца адна з адной такой неабсталяванай мяжой? Тое самае, што й звычайнаму кантрабандысту, але памножанае на дзяржаўныя магчымасьці.

Адсутнасьць уцямных законаў перасячэньня мяжы дае прастору для рэалізацыі шэрых схем у гандлі: розныя правілы размытненьня; зьменлівыя, як жаночы настрой, санітарна-эпідэміялягічныя нормы; дэманстрацыя, у парадку кан’юнктурнай неабходнасьці, так званага, агульнага рынку й адзінай культурнай прасторы. Альбо наадварот, аргумэнт прымусу ў міждзяржаўных гандлёвых спрэчках.

Гэта – тактычныя мэханізмы ўплыву на партнэра й на грамадзкую думку ўласных грамадзянаў. І тут абедзьве дзяржавы маюць прыкладна аднолькавыя плюсы й мінусы, час ад часу карыстаючыся імі напоўніцу, у залежнасьці ад патрэбы.

Калі ж разважаць пра стратэгію, што вынікае з адсутнасьці нармальнай мяжы, то вайна Расеі з Украінай праявіла ўсе магчымыя праблемы, якія могуць узьнікнуць для Беларусі як дзяржавы.

Увогуле, зьяўленьне расейскіх памежнікаў на мяжы – гэта адрыжка расейска-ўкраінскага канфлікту. Такім чынам расейцы пазьбягаюць пранікненьня на сваю тэрыторыю грамадзянаў Украіны.

Межы звычайна і зьяўляюцца ў часе канфліктаў тады, калі на гэта ёсьць палітычная воля, падмацаваная воляй народа. Памятаеце, як у пачатку дзевяностых паўставала мяжа незалежнай Літвы й СССР.

У Медніках зьявіўся пост літоўскіх мытнікаў, якія неўзабаве былі расстраляныя савецкімі спэцназаўцамі. Але прайшло крыху часу і Літва адбудавала паўнавартасную мяжу. Тое самае і з Украінай. Пакуль не пачаўся збройны канфлікт, мяжа паміж Расеяй і Ўкраінай была дэкляратыўнай. Цяпер наўрад ці хто сумняецца, што яна набудзе завершаны выгляд.

Наіўна думаць, што беларускае кіраўніцтва не разумее небясьпечнасьці сытуацыі, але плюсы адсутнасьці ўсходняе мяжы пакуль, відаць, пераважаюць для гэтага кіраўніцтва магчымыя мінусы. Палітычнае волі на зрухі ў гэтым пытаньні няма. Лукашэнка, больш зьвіліста й хітра, але ўсё ж крочыць шляхам Януковіча.

Хочам мы таго ці не, але канфлікт з гэтае нагоды непазьбежны. Тады й набудзе канчатковую яснасьць пытаньне нашае ўсходняе мяжы. Альбо яна будзе сапраўднай, альбо нашы межы стануць межамі Расеі.

А пакуль тое, нехлямяжыя беларусы без пашпартоў будуць зноў і зноў заварочвацца расейскімі памежнікамі дадому з існа-няіснае беларуска-расейскай мяжы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG