Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая вялікая прапагандысцкая туфта беларускага агітпрапу


Тое пытаньне, якое задавалі ўсе незалежныя аглядальнікі (навошта гэта трэба Лукашэнку?), стала яшчэ больш актуальным пасьля выступу кіраўніка Беларусі на Ўсебеларускім народным сходзе (УНС). Гэтае мерапрыемства ўлады расьпіярылі так, што далёкі ад палітыкі абывацель мог падумаць, ну нешта новае і цікавае Бацька скажа.

дакладзе практычна не ўспаміналі апазыцыі, не было праклёну на адрас «пятай калёны»

І Лукашэнка ў сваім выступе, і дзяржаўныя мэдыі не скупіліся на патасныя мэтафары: «народнае веча», «форма прамой дэмакратыі», «непасрэдная дэмакратыя». З гэтай нагоды хацеў бы заўважыць, што тэрміны «непасрэдная дэмакратыя», як і «народнае веча», азначаюць прамы ўдзел усяго насельніцтва ў прыняцьці палітычных рашэньняў без усялякіх пасярэднікаў. У дадзеным жа выпадку ўсё было з дакладнасьцю наадварот. Выносячы за дужкі пытаньне пра тое, што выбараў не было, а было прызначэньне па разнарадцы, але нават па форме абраньне дэлегатаў мела дзьве ступені. Спачатку ў працоўных калектывах «абіраліся» упаўнаважаныя на раённыя сходы, і толькі на гэтых сходах «абіраліся» дэлегаты. Нават у ходзе выбараў у Палату прадстаўнікоў насельніцтва фармальна наўпрост абірае дэпутатаў (ізноў жа ня ўзгадваю цяпер пра спэцыфіку беларускіх выбараў). Таму называць УНС «прамой дэмакратыяй» можна толькі празь непісьменнасьць.

Прычым напярэдадні падрыхтоўкі быў дапушчаны вялікі пракол. Асноўны дакумэнт, які павінен прыняць УНС, — «Асноўныя палажэньні Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады» — быў надрукаваны ў дзяржаўных газэтах толькі ў пятніцу 17 чэрвеня, то бок усяго толькі за пяць дзён да форуму. Што зрабіла немагчымым імітаваць яго «ўсенароднае абмеркаваньне» падчас «выбараў» дэлегатаў.

Ужо ў зыходным праекце сходу было закладзена невырашальная супярэчлівасьць. Як сумясьціць палітычнае шоў, якое чакала частка абывацеляў, навуковую канфэрэнцыю (бо абяцалі сур’ёзнае абмеркаваньне праграмы пяцігодкі) і бюракратычны рытуал. У выніку, як і можна было чакаць, атрымалася толькі трэцяя функцыя.

Агульнае ўражаньне ад выступу Лукашэнкі такое: ніякіх сэнсацый, навацый, нечага прынцыпова новага. Рутына, якую мы чулі шмат разоў. Журналістам нават зачапіцца няма за што. Раней Лукашэнка ажыўляў свой нудны даклад нейкім грубым народным гумарам ці то пра габрэяў, ці то пра сьвятароў, якія ходзяць «налева». Цяпер і гэтага не было.

І сама праграма на новую пяцігодку, і даклад Лукашэнкі непрыдатныя для палітычнага піяру

Зьмест, напрыклад, эканамічнага разьдзелу не вытрымлівае ніякага рацыянальнага аналізу. Гэта набор супярэчлівых задач, лёзунгаў, лічбаў і добрых пажаданьняў пры адсутнасьці мэханізму іх рэалізацыі. І наогул наколькі рэалістычная можа быць праграма, разьлічаная на пяць гадоў, калі ўлады ня ў стане распрацаваць нармальны гадавы дзяржбюджэт, і яго штогод даводзіцца карэктаваць празь некалькі месяцаў.

І сама праграма на новую пяцігодку, і даклад Лукашэнкі непрыдатныя для палітычнага піяру. Гэты дакумэнт большасьць нармальных людзей чытаць ня стане. Для піяру патрэбен набор зразумелых і яркіх прапаноў-абяцаньняў, тыпу клятвы «запусьціць заводы», з 1 ліпеня спыніць рост цэнаў ці, напрыклад, чарговы раз паабяцаць заробак у 1 тыс. даляраў. Цяпер нейкіх новых прарыўных ідэй, прывабнага вобразу будучыні Беларусі, зразумелага простаму абывацелю, не было.

Увогуле можна сказаць, што мы ўбачылі паказуху і цяганіну ў стылі самых горшых савецкіх традыцый. УНС — самая вялікая прапагандысцкая туфта беларускага агітпрапу. Думаю, звычайны чалавек, які раптам паспрабаваў паглядзець па ТВ гэтае дзейства, быў вельмі расчараваны. Гэта як прывесьці людзей у кінатэатар на абяцаны круты баявік ці разрэклямаваную камэдыю, а замест гэтага паказаць дакумэнтальны фільм пра ХХIV зьезд КПСС.

Зьвярнуў бы ўвагу, што ў дакладзе практычна не ўспаміналі апазыцыі, не было праклёну на адрас «пятай калёны», унутраных і вонкавых ворагаў, які перашкаджаюць «народнаму прэзыдэнту» прывесьці народ да шчасьця. 22 гады яны былі, а цяпер раптам зьніклі. Думаю беларусам бяз ворагаў будзе неяк няўтульна. Незразумела, як жа безь іх жыць далей?

Увогуле мы ўбачылі архаічны рэлікт зь іншай, даўно мінулай эпохі. Мусіць, застой, хоць брэжнеўскі, хоць лукашэнкаўскі функцыяніруе па адной і той жа схеме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG