Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве траціны расейцаў гатовыя паслаць блізкіх на вайну за сваю краіну


Паводле дадзеных расейскага дзяржаўнага дасьледчага цэнтра УЦДГМ (Усерасейскага цэнтру дасьледаваньня грамадзкай думкі), 65% расейцаў падтрымалі б рашэньне сваіх блізкіх пайсьці на вайну ў выпадку неабходнасьці.

Прычым кожны другі грамадзянін (49% апытаных) параіў бы ім адправіцца непасрэдна на лінію фронту.

Патрыятычныя пачуцьці падзяляюць 80% рэспандэнтаў: «безумоўна адчуваюць» сябе патрыётамі – 46%, «хутчэй адчуваюць» – 34%. Пятая частка апытаных не адчуваюць патрыятычных пачуцьцяў (18%) альбо ня здолелі вызначыцца з адказам (2%).

«Індэкс патрыятызму» у параўнаньні з 2014 годам упаў на 10 пунктаў.

Але ў цэлым стаўленьне да сваёй краіны ў расейцаў, паводле УЦДГМ, зрабілася больш пазытыўным. Думкі пра Расею выклікаюць у іх:

- надзею (36% супраць 29% ў 2014 годзе),

- павагу (32% супраць 27%),

- любоў (24% супраць 16%),

- давер (18% супраць 8%),

- сымпатыю (10% супраць 9%),

- захапленьне (9% супраць 8% у 2014 годзе).

Пры гэтым расейцы радзей сталі адчуваць у адносінах да краіны:

- недавер (4% супраць 14% у 2014 годзе),

- антыпатыю (менш за 1% супраць 11%),

- скепсіс (1% супраць 8%).

Пра такія пачуцьці, як «антыпатыя» (у 2014 – 11%) і «нянавісьць» (у 2014 – 6%) да сваёй краіны расейцы, паводле справаздачы УЦДГМ, наогул забыліся. Аднак пры гэтым колькасьць расчараваных павялічылася да 10% (у 2014 такіх было 7%).

Большасьць апытаных выказалі гатоўнасьць аказаць тую ці іншую фінансавую дапамогу дзяржаве:

- 39% згодныя аддаць чвэрць свайго заробку дзяржаве ў якасьці ваеннай пазыкі (прычым самымі шчодрымі, паводле апытаньня, сталі тыя, каму за 60),

- 17% – вылучыць крыху меншую частку сваіх даходаў.

Апытаньне праводзілася 18-19 чэрвеня сярод 1600 чалавек у 130 населеных пунктах РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG