Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 чэрвеня беларускім вокам


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Пра «пачатак вайны 22 чэрвеня 1941 году» вы пачуеце і ад «застабіла», і ад «опа», і ад «ватніка» і «дэмакрата», і ад русамірца, і ад беларускага нацыяналіста. Не ад усіх. Але ад немалой колькасьці. Самае галоўнае, пра «пачатак вайны 22 чэрвеня» вы пачуеце ад многіх дзяцей і ўнукаў колішніх жыхароў Заходняй Беларусі пры польскай уладзе. Тых самых жыхароў, якія сутыкнуліся зь нямецкай агрэсіяй на пачатку верасьня 1939-га.

Да першага верасьня дзяржава ніколі не дасылала беларускім вэтэранам Войска Польскага віншавальныя паштоўкі, надбаўкі да пэнсіі ці якія-небудзь падарункі. Лёгіка простая – яны баранілі Берасьцейскую крэпасьць не на карысьць СССР, а значыць – «ня нашы».

Калі ўявіць, што дзяржава прызнае, што беларусы ў польскай вайсковай форме былі нашы, то давядзецца прызнаць, што СССР уступіў у Другую сусьветную вайну 17 верасьня 1939. Бо тыя нашы і гэтыя нашы насілі ня нашу, не беларускую форму. І што адны нашы стралялі ў іншых нашых. А гэта ўжо падваеньне асобы, ня можа быць нашых, якія страляюць адзін у аднаго.

Больш за тое, давядзецца прызнаць, што палякі былі ня большымі акупантамі, чым войскі РСФСР. Ці ня меншымі. Бо ў чым розьніца між дзеяньнямі Варшавы і Масквы ў 1918-20 гады? Абвешчаная БНР, а яе з двух бакоў – акупуюць.

Прызнаць такое? Гэта разбурыць ідэалягічную льдзіну, на якой жылі столькі гадоў. Гэта значыць, сказаць людзям у Крамлі, што дзяржава, чыёй спадкаеміцай ёсьць цяперашняя Расейская Фэдэрацыя, была акупанткай, і мусіць за гэта выбачыцца. Заплаціць кантрыбуцыю і вярнуць каштоўнасьці, вывезеныя зь Беларусі.

Тэарэтычна так і мусіць быць, калі кіравацца прынцыпам аб'ектыўнасьці. Але для цяперашніх людзей пры ўладзе аб'ектыўнасьць азначае разрыў адносінаў з РФ рыхтык да візавага рэжыму і неспрыяльных эканамічных умоваў ва ўзаемадачыненьнях.

«Павярнуцца на Захад»? А каму яны там патрэбныя са сваім досьведам кумаўства, ідэалягічнага і сацыяльнага прастытуяваньня ды іншымі спосабамі «выбівацца ў людзі»? Спосабамі, якія і кшталтаваліся разам зь цяперашняй РФ, якая была РСФСР?

Ты ня лічыш сябе спрычасным да беларускіх уладных «эліт»? Падтрымай суседа, які прыняў на сябе ў верасьні 1939 году пачатак Другой сусьветнай, калі той дзед ці бабуля яшчэ жывыя. Памяні ахвяры 22 чэрвеня. Глядзі на гісторыю сваёй краіны не маскоўскім ці варшаўскім, а ўласным вокам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG