Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу разагнаны традыцыйны начны роварны парад «Белыя ночы»


51-й роварны начны парад «Белыя ночы»
51-й роварны начны парад «Белыя ночы»

Адзін чалавек уначы быў затрыманы паліцыяй, але неўзабаве адпушчаны без пратаколу і тлумачэньняў.

Традыцыйны начны велапрабег «Белыя ночы», які праходзіць у горадзе з 1965 году, быў разагнаны паліцыяй. Раней раварысты проста дамаўляліся паміж сабой і ажыцьцяўлялі велапрабег у адну з самых кароткіх начэй лета, але ў апошнія гады яны мусілі ўзгадняць яго з уладамі. У гэтым годзе раварыстаў было больш за 1000, іх абурае ня толькі разгон прабегу, але і забарона заставацца на ўзгодненай пляцоўцы каля Меднага Вершніка. Адзін чалавек ўначы быў затрыманы паліцыяй, але неўзабаве адпушчаны без пратаколу і тлумачэньняў.

Узгоднены велапрабег быў і на гэты раз, а разагналі яго, хутчэй за ўсё, з-за эканамічнага форуму, — кажа ганаровы старшыня клюбу «Велапіцер» Ільля Гурэвіч.

— Яны заўсёды пакідаюць шчыліну, каб сказаць «ведаеце, вы атрымалі ўзгадненьне ад 19 камітэтаў, а ад 20-га — не». Ужо ў самы першы раз, калі мы ўзгаднялі сваё мерапрыемства, пачуўся званок ад нейкага паліцэйскага начальніка, які пагражаў нам: «Выйдзеце за межы сваёй паляны, мы вас адмяцелім». Але раней нас проста пазбаўлялі суправаджэньня — і мы былі ня супраць, а вось разганяюць нас упершыню, і няма ніякай гарантыі, што ў будучыні гэта не паўторыцца — бо становіцца толькі горш.

Па словах Ільлі Гурэвіча, раварысты сабраліся ў суботу позна ўвечары на Сэнацкай плошчы ля помніка Пятру Першаму, у іх была ўзгодненая ня толькі пляцоўка, але таксама сцэна і гукавая апаратура. Спачатку побач проста стаяла паліцэйская машына, але потым зьявіўся афіцэр паліцыі, які падаўся Гурэвічу неадэкватным, — ён падышоў, выключыў апаратуру і ў грубай форме загадаў усім разыходзіцца, ня слухаючы довадаў пра тое, што людзі праводзяць цалкам законнае мерапрыемства. Раварыстам давялося разысьціся невялікімі групамі.

— Мы не змагары з рэжымам, мы людзі, далёкія ад палітыкі і блізкія да ровара, незразумела, чаму да нас такое стаўленьне, — зьдзіўляецца Ільля Гурэвіч.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што гэта тым больш незразумела, што раварысты таксама праводзяць і патрыятычныя мерапрыемствы, напрыклад, зімой у іх быў велапрабег па «Дарозе Жыцьця», і ўсё роўна супрацоўнікі дарожнай паліцыі кінулі іх на волю лёсу, так што ім давялося сваімі сіламі забясьпечваць бясьпеку 76-гадовага ўдзельніка прабегу, які нарадзіўся ў блякадным горадзе.

На днях чальцы клюбу «Велапіцер» плянуюць правесьці сход і вырашыць, што ім рабіць далей. Яны лічаць, што дапамагчы ім можа максымальны розгалас начнога разгону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG