Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Блюмавым дні ў Менску брала ўдзел і рэдакцыя Свабоды


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Перакладчык «Уліса» Джэймса Джойса Ян Максімюк і рэдактар ягонага перакладу Сяргей Шупа ўзялі завочны ўдзел у адзначэньні Блюмава дня, якое адбылося 16 чэрвеня ў кнігарні Логвінава ў Менску.

Ян Максімюк даслаў пісьмовае прывітаньне ўдзельнікам сьвята і кавалак свайго перакладу апошняга эпізоду «Ўліса», якія былі адчытаныя галоўнымі арганізатарамі сустрэчы, Альгердам Бахарэвічам і Юляй Цімафеевай.

Сяргей Шупа даслаў пераклад фрагмэнту з кнігі Джойса «Партрэт мастака ў маладосьці» — эпіфанію (экстатычна-містычнае адкрыцьцё) зь дзяўчынай-птушкай, якая ўяўляе сабою кульмінацыйны момант кнігі і вызначае далейшы лёс маладога героя — ён адкідае шлях сьвятарства і абірае жыцьцё, свабоду і творчасьць. Чытае перакладчык, музычнае афармленьне — Весна Касэрэс.

Тэксты Яна Максімюка і аўдыёфайл Сяргея Шупы прыкладаюцца.

На сьвяткаваньні Блюмава Дня ў Менску фізычнай пэрсонай прысутнічаў дырэктар беларускай службы РС Аляксандар Лукашук, які падзяліўся фактамі з гісторыі раману і расказаў пра малавядомыя старонкі біяграфіі Джойса.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:05 0:00
Наўпроставы лінк


Ян Максімюк

Невялічкая заўвага пра эўфанію

Перш за ўсё дзякую арганізатарам Bloomsday у Менску за запрашэньне ўзяць удзел у гэтай жыцьцясьцьвярджальнай імпрэзе.

Літаратура, як некалі сказаў Джэймс Джойс, ёсьць «вечным сьцьвярджэньнем чалавечага духу» (literature is the eternal affirmation of the spirit of man). Адзначыць нязмушаным сьвятам адну з самых важных у гэтых адносінах кніг сусьветнай літаратуры — гэта адначасова і гонар, і радасьць. Пагатоў для мяне, чалавека з пэрыфэрыі, моўнай, літаратурнай і культурнай.

А цяпер мая маленькая маргіналія.

Калісьці часопіс «Архэ» праводзіў апытаньне наконт таго, ці добра зрабілі адраджэнцы 1980-х, прыняўшы тарашкевіцу як сваю асноўную пісьмовую норму. Запыталіся і ў мяне. Працытую толькі тры фразы з таго, што я адказаў ім тады, у 2003-м:

Для мяне асабіста выбар паміж «наркамаўкай» і «тарашкевіцай» паўстаў з усёй вастрынёй у пачатку 90-х, калі я быў акунуўся з галавою ў пераклад «Уліса» Джэймса Джойса і шукаў адэкватнай «моўнай прасторы», у якую можна было б зьмясьціць лінгвістычна-стылістычныя вычварэнствы гэтае кніжкі.«Тарашкевіца» тады ўявілася мне перш за ўсё як раскаваная моўная сыстэма, якая дала шырокі прастор і магутны імпульс для перакладніцкіх пошукаў новага слова і фразы — а ня толькі як асобны ад савецкага правапіс. Гэтага погляду, дарэчы, я не зьмяніў і да сёньня.

Цяпер я хачу дадаць тое, пра што тады не згадаў. Вымаўленьне, якое фіксуе тарашкевіца, зусім блізкае да жывога вымаўленьня носьбітаў беларускіх гаворак на Беласточчыне, а то й тоеснае ім. У нас людзі кажуць філялёгія, лёгіка, сэрыя, газэта, а не філалогія, логіка, серыя, газета. Ну, ня буду спрачацца — магчыма, так у нас кажуць пад уплывам польскай мовы, а не па сваёй хатняй волі. Але ж і я вырас у цені польскай мовы, і мае вушы ўжо не настроіш на іншую музыку беларускага слова.

Гэта адна з прычынаў, чаму у мяне галоўны герой «Уліса» мае прозьвішча Блюм, а ня Блум.

Другое апраўданьне для існаваньня трансьлітэрацыі Блюм — у гэтак званай агульнай эўфаніі маўленьня, то бок яго мілагучнасьці. У Блюма — імя Леапольд, пяшчотна — Польдзі. Ягоная жонка называецца Молі. Самі разумееце, што найменьні Леапольд (Польдзі) Блюм і Молі Блюм — гучаць эўфанічна. Устаўце сюды Блума, і ўсю мілагучнасьць як рукою зьняло.

Гэта практычна ўсё. Дробязь, пагаджаюся, але такі я ўжо перакладчык. Дробязны і марудны. За што яшчэ раз прашу выбачэньня.

Зычу ўсім прыемнай і вясёлай вечарыны.

***

Фрагмэнт 18-га (апошняга) эпізоду «Ўліса», вядомы як «Пэнэлёпа». Эпізод зьяўляецца маналёгам Молі Блюм, жонкі галоўнага героя раману Леапольда Блюма, якая ляжыць зь ім у сужэнскім ложку і згадвае здарэньні мінулага дня ўперамешку з успамінамі з усяго свайго жыцьця. Час маналёгу ў эпізодзе Джойсам не пазначаны (магчыма, гэта ўжо раньнія гадзіны 17 чэрвеня 1904 году). Дадзены фрагмэнт збольшага датычыць успамінаў пра аднаго кавалера, якога Молі ведала ў дзявоцтве, калі жыла з бацькам у Гібральтары.

... ён усё глядзеў на мяне на мне была тая белая блюзка адкрытая сьпераду каб яго асьмеліць наколькі я магла але не занадта яны якраз пачыналі акругляцца я сказала што стамілася і мы прылеглі ў зацішку пад ялінамі ў дзікім месцы напэўна гэта самая высокая скала на сьвеце галерэі казаматы і тыя жахлівыя кручы і пячора Сьвятога Міхала дзе зьвісаюць ледзяшы ці як іх там называюць і драбіны і ўся гразь прыліпае табе да чаравікаў я ўпэўненая гэтай дарогай малпы пераходзяць пад морам у Афрыку пасьля сьмерці караблі здалёк як трэскі на вадзе гэты ішоў на Мальту так мора і неба і можаш рабіць усё што хочаш ляжаць колькі ў змогу ён лашчыў іх цераз блюзку яны любяць гэта рабіць гэта тая акругласьць я пахілілася над ім у маім белым капелюшы з рысавай саломкі які надзела каб крыху яго абнасіць зь левага боку мой твар выглядае прыгажэй блюзка адкрытая дзеля яго апошняга дня а на ім была крыху празрыстая кашуля і было відаць яго ружовыя грудзі ён хацеў дакрануцца сваімі да маіх на момант але я не дазволіла ён страшна замаркоціўся перш за ўсё баялася бо ніколі ня ведаеш сухоты або пакіне зь дзіцём embarazada тая старая служанка Інэс сказала мне што хопіць нават адна кропля якая ў цябе патрапіць потым я спрабавала Бананам але пабаялася што можа адламацца і застанецца дзе-небудзь там ува мне так бо калісьці вынялі нешта такое з жанчыны што ў ёй заставалася гадамі аброслае солямі яны ўсе з глуздоў едуць каб уперціся туды адкуль выйшлі можна падумаць ім ніколі ня досыць глыбока а потым ты ім як бы і непатрэбная да наступнага разу так таму што там увесь час такое цудоўнае адчуваньне такое лагоднае чым тады ў нас кончылася так О я дала яму кончыць у маю хустачку зрабіла выгляд што сама не распалілася але рассунула ногі памацаць сябе пад спадніцай я яму не дазволіла у мяне спадніца расшпілялася збоку замучыла яго амаль да сьмерці спачатку казытала яго я любіла дражніць таго сабаку ў гатэлі грррсссст гаўгаўгаў яго вочы былі заплюшчаныя і птушка праляцела пад намі ён быў сарамлівы але ўсё адно мне падабаўся як тае раніцы калі яму давялося крыху пачырванець бо я пахіліліся над ім вось так потым расшпіліла яму і выняла яго і адцягнула зь яго скуру ён меў нешта накшталт вока на кончыку мужычыны ўсе на Гузіках там пасярэдзіне толькі не з таго боку Молі любачка ён мяне называў а яго звалі Джэк Джо Гары Малві здаецца так ён быў лейтэнантам даволі прыгожы голас у яго быў такі ўсьмешлівы я пайшоў у тоесамае ўсё ў яго было тоесамае насіў вусікі і ён сказаў што вернецца Госпадзе для мяне гэта як быццам учора і калі я буду замужам то ён атрымае сваё і я паабяцала так прысягаю я яму цяпер адразу дала б можа быць ён памёр або забіты або Капітан або адмірал амаль 20 гадоў мінула калі б я сказала зацішак пад ялінамі то ён бы калі б ён падышоў ззаду і закрыў мне вочы рукамі ўгадай хто я мабыць пазнала б яго ён яшчэ малады каля 40 магчыма ён ажаніўся зь нейкай дзяўчынай на блэкуотэр і зусім памяняўся яны ўсе мяняюцца ні паловы таго характару што ў жанчыны яна ня ведае чым я займалася зь яе каханым мужам калі ён і ня думаў пра яе і то сярод белага дня можна сказаць на вачах у цэлага сьвету маглі б пра гэта напісаць артыкул у Хроніцы потым я крыху звар’яцела калі надзьмула стары пакет па бісквітах Братоў Бінады і бабахнула ім Госпадзе што за бабах ажно ўсе слонкі і галубы раскрычаліся назад мы вярталіся той самай дарогай што прышлі праз сярэдні ўзгорак міма старой вартоўні і жыдоўскіх могілак прыкідваліся нібыта чытаем габрэйскія надпісы над магіламі я хацела стрэльнуць зь яго пісталета а ён сказаў што ў яго няма ён ня ведаў што пра мяне думаць сваю фуражку ён заўсёды насіў набакір а я яму раз-пораз яе напрастоўвала Карабель Яе Каралеўскай Вялікасьці Каліпса і памахвала капелюшом той стары біскуп казаў доўгую казань з алтара пра вышэйшае прызначэньне жанчын і пра дзяўчат якія цяпер катаюцца на роварах і носяць шапкі з брылём і жаночыя шаравары блюмэры Госпадзе пашлі яму розуму а мне больш грошай...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG