Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дысыдэнт і змагар за мір Аляксандар Хорршр пакінуў Расею


Плякат «Run, Sasha, run» у падтрымку Аляксандра Хорршра
Плякат «Run, Sasha, run» у падтрымку Аляксандра Хорршра

Удзельнік і адзін з заснавальнікаў руху «Адзінства роўных» неаднаразова выказваў сваю салідарнасьць з Украінай і выступаў супраць вайны.

Аляксандар Хорршр — удзельнік і адзін з заснавальнікаў грамадзянскага (дысыдэнцкага) руху «Адзінства роўных», зьбег у Фінляндыю, ратуючыся ад крымінальнага перасьледу за «экстрэмізм».

У верасьні 2015 году ён удзельнічаў у арганізацыі і правядзеньні несанкцыянаванага «Маршу міру» ў Маскве супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне, Сырыі, Грузіі і ўзброенага ўмяшаньня за межамі Расеі.

У няўзгодненым шэсьці прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, адзінаццаць зь якіх былі затрыманыя, абвінавачаныя ў парушэньнях на мітынгах і прысуджаныя да адміністрацыйных штрафаў.

У лістападзе 2015 году разам зь іншымі ўдзельнікамі «Адзінства роўных» Хорршр разьмясьціў на сталінскім гмаху на Кацельніцкай набярэжнай у Маскве сьцяг Украіны і расейска-эўрапейскі сьцяг «Адзінства роўных» — акцыя «Ўкраіне зь любоўю!» была прымеркаваная да гадавіны ўкраінскай «рэвалюцыі годнасьці» 2013-2014 гадоў і выказвала грамадзянскую салідарнасьць з украінцамі, якія паўсталі супраць дыктатуры.

Трое зь пецярых саўдзельнікаў пэрформансу — Аляксандар Хорршр, Аляксей Домнікаў і Ігар Шарапаў былі арыштаваныя і прысуджаныя да 10 сутак арышту.

За час утрыманьня ў спэцпрыёмніку арыштантаў дапытвалі і схілялі да супрацоўніцтва апэратыўнікі УФСБ па Маскве, у прыватнасьці супрацоўнік ФСБ вядомы ў Маскве па псэўданімам «Лёша-ўсьмешка». Пасьля выхаду на волю, Хорршра звольнілі з высокааплатнай працы, а яшчэ празь некаторы час сьледчыя УФСБ па Маскоўскай вобласьці на падставе падазрэньняў у «экстрэмізьме» правялі ператрусы ў яго дома і ў кватэрах яго сваякоў.

У сакавіку 2016 году Хорршру прад’явілі абвінавачаньне ў «закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці з выкарыстаньнем сеткі інтэрнэт» (ч. 2 арт. 280 КК РФ) і абралі меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах — паводле афіцыйнай вэрсіі, за антываенныя рэпосты ў сацыяльнай сетцы «Укантакце».

Паплечнікі Аляксандра Хорршра па руху «Адзінства роўных» у Маскве, Пецярбургу, Пяцігорску і Галівудзе (Каліфорнія, ЗША) правялі стрытарт-акцыю «Run, Sasha, run» ў яго падтрымку з заклікам да непадпарадкаваньня і ўцёкаў з Расеі ад крымінальнага перасьледу. На думку ўдзельнікаў акцыі, непадпарадкаваньне — лепшы спосаб абароны, калі не засталося іншых прававых сродкаў. «Ёсьць, вядома, натуральнае права на самаабарону, але расейскае грамадзтва пакуль не гатовае», — удакладняюць ўдзельнікі дысыдэнцкага руху.

На дадзены момант Аляксандар Хорршр, які знаходзіцца пад падпіскай «аб нявыезьдзе і належных паводзінах», пакінуў межы Расеі і накіроўваецца ў Фінляндыю, каб запытаць там палітычны прытулак.

Грамадзянскі (дысыдэнцкі) рух «Адзінства роўных» выступае за эўрапейскае, дэмакратычнае разьвіцьцё Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG