Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага падлетка трымаюць ў «псыхушцы» за падтрымку мастака Паўленскага


Глеб Астаф'еў
Глеб Астаф'еў

16-гадовага Глеба Астаф’ева ўжо два тыдні трымаюць у псыхіятрычным шпіталі з-за пікету ў падтрымку Пятра Паўленскага.

У канцы траўня 16-гадовы жыхар вёскі Кетова Курганскай вобласьці Расеі Глеб Астаф’еў выйшаў на адзіночны пікет у абарону мастака Пятра Паўленскага, якога судзілі ў Маскве за падпал дзьвярэй ФСБ.

Юнак зашыў сабе рот, узяў у рукі плякат «Акцыя Пятра Павленского была перасьпевам знакамітага жэсту Варга Вікернэса» і стаў каля крамы ў цэнтры Кургану. Гэта была адсылка да акцыі Пятра Павленскага «Шво», калі мастак зашыў сабе рот і выйшаў у Пецярбургу з плякатам «Акцыя Pussy Riot была перайграваньнем знакамітай акцыі Ісуса Хрыста».

Падчас пікету Глеба забралі ў паліцыю, а адтуль адправілі ў Курганскую абласную псыханэўралягічную бальніцу.

Пікет Глеба Астаф'ева
Пікет Глеба Астаф'ева

У дзень, калі вызвалілі Паўленскага, 8 чэрвеня, Глеб змог упершыню за трынаццаць дзён зьняволеньня ў псыхбальніцах выйсьці ў інтэрнэт і зьвязацца з вонкавым сьветам. Ён распавёў Радыё Свабода, як ён трапіў у псыхіятрычную лякарню і што з ім цяпер адбываецца.

— Глеб, раскажыце, хто вас адправіў у псыхіятрычную лякарню?

Мая маці думае, што я вар’ят. Яна ўпэўненая, што нармальныя людзі раты сабе не зашываюць і з плякатамі на вуліцы не выходзяць.

— Пасьля таго як мяне пасьля пікету затрымала паліцыя, маці дзьве гадзіны гаварыла з паліцыянтамі. Думаю, яны «апрацавалі» маму, таму што яна вярнулася за мной з брыгадай хуткай дапамогі і мяне павезьлі ў «крэйзуху». Я спрабаваў супраціўляцца, але гэта было бессэнсоўна. Мая маці думае, што я вар’ят. Яна ўпэўненая, што нармальныя людзі раты сабе не зашываюць і з плякатамі на вуліцы не выходзяць. Мама, простая жанчына, не разумее, што мая акцыя — гэта мастацкая мэтафара. Закрыты рот — сымбаль адсутнасьці свабоды слова ў Расеі. Мая мама занадта шмат глядзіць тэлевізар, таму яе сьвядомасьць скажоная прапагандай. Ёй вельмі складана растлумачыць мэсэдж маёй акцыі. У нас зь ёй даўно складаныя адносіны. Маці не падтрымлівала мяне ў маіх творчых пошуках, а пасьля акцыі зусім раззлавалася. Яна мне нават прадукты не прыносіць. Бабуля, наадварот, да мяне стала лепш ставіцца пасьля акцыі. Яна мне цяпер спачувае. Сваякі пакуль не плянуюць вызваляць мяне з «дуркі». Лекары на гэтую тэму мне нічога не гавораць.

— Ваш голас гучыць вельмі спакойна і ўпэўнена. Як вы сябе адчуваеце? Вас прымушаюць прымаць прэпараты?

Мяне спрабавалі «рабіць гароднінай» таблеткамі, але я іх выплёўваў. Першыя пяць дзён мяне трымалі ў палаце асаблівага нагляду. Кінулі да самых жахлівых вар’ятаў, а выходзіць з палаты было нельга. Я ляжаў там з васьмю дзядамі. Трое зь іх рэдка падавалі прыкметы жыцьця. Астатнія пяцёра ноччу крычалі, стукалі кулакамі па стале і вар’яцелі. Мяне спрабавалі прымусіць «шасьцярыць»: падлогу мыць, прыбірацца. Я адмовіўся. Зараз я на рэжыме звычайнага нагляду, але выходзіць з аддзяленьня мне нельга.

— Вы ведаеце, што Пятра Паўленскага адпусьцілі? Не шкадуеце, што з-за акцыі ў падтрымку мастака вы апынуліся ў псыхіятрычным шпіталі?

Такіх людзей, як Паўленскі, вельмі ня любіць улада, таму што сапраўдны акцыяніст свабодны духам і адкрыта заяўляе гэта.

— Вядома ж не. Вельмі рады за Паўленскага! Можа, дзякуючы падтрымцы розных людзей, маёй у тым ліку, яго вызвалілі. Такіх людзей, як Паўленскі, вельмі ня любіць улада, таму што сапраўдны акцыяніст свабодны духам і адкрыта заяўляе гэта. Мне здаецца, я сваёй акцыяй, якая, вядома, была адсылкай да акцый Паўленскага, таксама сёе-тое для свабоды слова зрабіў.

— Што вы адчувалі, калі стаялі адзін з плякатам сярод незнаёмых, хутчэй за ўсё, агрэсіўна настроеных у адносінах да вас людзей? Вас ніхто не падтрымліваў падчас акцыі?

— Я ўсё прыдумаў і зрабіў сам. Мая акцыя называлася F. P. P. (абрэвіятура ад Free Peter Pavlensky). Мінакі рэагавалі па-рознаму, у асноўным зьдзіўляліся. Там было шмат гапаты, адзін вырадак крычаў на мяне матам хвілін дваццаць. Некаторыя падыходзілі і фатаграфаваліся. Пажылая пара на працягу ўсёй акцыі стаяла побач са мной. Бабуля адзін раз падышла да мяне і сказала: «Ты, дурань, адзін у полі не ваяр». Дзед пэрыядычна крычаў на ўсё горла: «Глядзіце, людзі, ён з апазыцыйнымі плякатамі стаіць!» Я гэта ўсё ігнараваў.

Шкада, што многія людзі не разумеюць, чым адрозьніваецца мастацтва ад хуліганства і вар’яцтва.

Прыкладна праз трыццаць хвілін пасьля пачатку акцыі з гандлёвага цэнтру «Пушкінскі» выйшлі два дарослыя «быдланы» у чорных камізэльках, мабыць, ахоўнікі. Адзін зь іх кінуўся на мяне і пачаў вырываць з рук транспарант. Я не аддаваў. Гэтую карціну ўбачыў пацан гадоў дваццаці з акна сваёй машыны. Хлопец выскачыў з тачкі і сказаў ахоўніку, каб ён ад мяне адчапіўся. Шкада, што многія людзі не разумеюць, чым адрозьніваецца мастацтва ад хуліганства і вар’яцтва. Акцыянізм выдатны! Я вельмі люблю акцыянізм, асабліва венскі.

— Чаму вы здольныя бачыць гэтую розьніцу?

— Складана сказаць. Я — звычайны школьнік з простай сям’і. Я шмат чытаю, асабліва навуковую фантастыку. Шмат думаю пра ўсё вакол сваёй галавой. Я хачу жыць ярка і цікава, а не як большасьць: дом, праца, тэлевізар. Не магу больш казаць, бачу, што мэдпэрсанал ідзе.

Глеб Астаф'еў каля дзьвярэй ФСБ, якія падпаліў Пётр Паўленскі
Глеб Астаф'еў каля дзьвярэй ФСБ, якія падпаліў Пётр Паўленскі

У бальніцы Глеба Астаф’ева наведвае сяброўка. Яна прасіла не называць сваё імя, таму што ня хоча прыцягваць да сябе грамадзкую ўвагу.

Я нічога пра Паўленскага ня ведаю, але Глеб меў права яго падтрымаць.

— Гэтая бальніца — пякельнае месца: усё зачынена, душна і ўбога. Глеб цяпер зусім адзін. Ён вельмі падаўлены, да яго амаль ніхто не прыходзіць. Яму нават чытаць няма чаго. Глеб прасіў мяне купіць кнігі ў жанры навуковай фантастыкі. Зрэнкі ў Глеба пашыраныя, мабыць, даюць нейкія прэпараты. Я ня вельмі добра ведаю Глеба. Мы да яго зьняволеньня ў бальніцу бачыліся ўсяго пяць разоў. Пазнаёміліся выпадкова на канцэрце мясцовай музычнай групы. Ён захацеў сфатаграфавацца са мной і маім былым хлопцам. Тады Глеб здаўся мне вясёлым, бесклапотным, вельмі мілым і адкрытым хлапчуком. Юным ідэалістам з марай. Потым ён і мой былы хлопец разам зьезьдзілі на канцэрт музычнага гурту «Кровосток». Крыху пазьней я зразумела, што Глеб вельмі самастойны і кемлівы хлопец, моцны духам не па ўзросту. Нават сёньня ў бальніцы ён не скардзіўся і не прасіў нічога асаблівага, акрамя пары кніг і трохі ежы. Я нічога пра Паўленскага ня ведаю, але Глеб меў права яго падтрымаць. Мяне зьдзіўляе, чаму маці адправіла Глеба ў бальніцу, але ён дакладна ня псых, як лічыць большасьць. Меркаваньне статку часьцей за ўсё памылковае.

Пётр Паўленскі — не адзіны дзеяч мастацтва, якога Глеб спрабаваў падтрымаць. У лістападзе мінулага году каманда інтэрнэт-выданьня «Медиазона» зьняла дакумэнтальны фільм пра Глебе Астаф’ева. Журналістаў расчуліла гісторыя юнака, які ўзяў крэдыт, каб прыехаць са сваёй вёскі на суд над музычным гуртом «Кровосток». У лістападзе 2015 году ў Яраслаўскім абласным судзе разглядалася пытаньне аб адмене рашэньня раённага суду аб забароне песень гурту «Кровосток» і блякаваньні яе сайта. Судовы працэс быў падобны да камічнага шоў са шчасьлівым канцом: суд стаў на бок музыкаў. Удзельнікам гурту «Кровосток» так спадабаўся Глеб, што яны пасьля заканчэньня суду ўзялі яго з сабой у Маскву на вялікі канцэрт.

Маргарыта Філіпава, фота- і відэарэдактар інтэрнэт-праекту «Медиазона»:

— Мы рабілі сэрыю дакумэнтальных фільмаў пра суд над групай «Кровосток». Я заўважыла вялікі камэнтар Глеба ў інстаграме. Ён цікавіўся, калі наступны суд і ці можна прыехаць у Яраслаўль, каб узяць у хлопцаў з «Кровосток» аўтограф. Паводле фатаграфіяў у інстаграме ён спачатку падаўся нам занадта эксцэнтрычным. Але, калі мы яго ўбачылі на вакзале, то зразумелі, што ён вельмі сьціплы і прыязны хлопец. Тады мне і прыйшла ў галаву ідэя паказаць гэты абсурдны працэс вачыма 16-гадовага кранальнага хлопчыка, які прайшоў доўгі шлях з Кургану, каб падтрымаць сваіх куміраў. Глеб — хлопчык як быццам з іншага сьвету, далёкага ад нашай рэальнасьці, у якой ты ляніва сочыш за вар’яцкімі судамі са свайго айфону, уздыхаючы і выказваючы сваю нязгоду, у найлепшым выпадку, у твітэры.

Глеб адказна і неабыякава ставіцца да іншых людзей.

У Глеба — мастацкае ўспрыманьне сьвету, але ў той жа час і вельмі рацыянальнае стаўленьне да рэальнасьці. Ён адэкватна ўспрымае краіну, у якой жыве, і вельмі хоча зьмяніць свой лёс. Я ўпэўнена, што ў яго гэта атрымаецца. Глеб адказна і неабыякава ставіцца да іншых людзей. Я ў свае шаснаццаць гадоў не турбавалася наконт мастакоў, якія пратэстуюць, і ўвогуле не разумела, што такое судовы працэс.

Зарына Кадзаева, апэратар інтэрнэт-праекту «Медиазона»

Мне здаецца Глеб стоадсоткава герой.

— Глеб — вельмі самастойны і адкрыты чалавек. Мне падалося, што ў Глебе няма ні кроплі інфантыльнасьці, якую можна чакаць ад падлетка. Ён разумна разважае і паводзіць сябе па-даросламу. Мы шмат з ім размаўлялі, пакуль здымала фільм. Мне было вельмі цікава яго слухаць. Глеб сам піша тэксты. Калі Глеб гаворыць, адчуваецца, што ён любіць расейскую мову. Мне падалося, што гэты хлопчык верыць у сілу учынкаў. Для яго было сапраўды важным падтрымаць «Кровосток» і Паўленскага. Адно з самых важных у дакумэнталістыцы пытаньняў: хто можа зьяўляцца героем, а хто — не. Акрамя кантэксту, які можа скласьціся ў сюжэт, заўсёды ёсьць інтуітыўнае разуменьне, зьвязанае, напэўна, з энэргіяй чалавека. Мне здаецца Глеб стоадсоткава герой. І цяпер сваімі дзеяньнямі ён працягвае гэта даказваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG