Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўчанка пасьля візыту ў Данбас: «Можа пачацца вельмі жорсткая вайна»


Надзея Саўчанка з украінскімі вайскоўцамі пад Славянскам, 5.06.2016
Надзея Саўчанка з украінскімі вайскоўцамі пад Славянскам, 5.06.2016

Украінская дэпутатка заявіла, што «гатовая гаварыць з кожным, каб маці вярнулі сваіх дзяцей дадому».

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Надзея Саўчанка заявіла пра магчымы пачатак «вельмі жорсткай вайны» ў Данбасе. Паводле яе, на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях цяпер існуюць тры лініі агню, на дзьвюх зь якіх, як яна сьцьвярджае, стаяць «дастаткова моцныя» расейскія войскі.

«Там ужо даўно няма такой колькасьці „апалчэнцаў “, як яны сябе называюць ... гэта агрэсія Расеі супраць Украіны», — заявіла Саўчанка на прэсавай канфэрэнцыі пасьля візыту ў Данбас, перадае тэлеканал «112 Украіна».

Камэнтуючы сваю заяву аб неабходнасьці наўпроставых перамоваў зь лідэрамі сэпаратыстаў, Надзея Саўчанка сказала, што яна «гатовая размаўляць з кожным, з ворагам і зь сябрам, каб маці вярнулі сваіх дзяцей дадому».

«Я ня буду на гэтым піярыцца. Кожнае маё слова, якое будуць перакручваць, мяне не палохае», — дадала дэпутатка Вярхоўнай Рады.

Паводле яе, «ёсьць тры пляцоўкі для вызваленьня ўкраінскіх палонных»: першая — на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў, другая — на ўзроўні заканадаўчых органаў, трэцяя — паміж байцамі «пасьля гарачага бою».

«Я не магу працаваць на прэзыдэнцкім узроўні, але як народны дэпутат я гатовая гаварыць на дзьвюх іншых пляцоўках», — заявіла Саўчанка.

Надзея Саўчанка знаходзілася ў Данбасе з 6 чэрвеня. Разам з былым кіраўніком «Правага сэктару», народным дэпутатам Дзьмітрыем Ярашам яна наведала ўкраінскіх вайскоўцаў у Аўдзееўцы і Шырокіне. Падчас свайго візыту ў зону баявых дзеяньняў Саўчанка заявіла пра гатовасьць весьці наўпроставыя перамовы зь лідэрамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік», якія, паводле яе, могуць пазыцыянавацца як «народныя дэпутаты» ад гэтых рэгіёнаў. Гэтыя словы выклікалі неадназначную рэакцыю ва ўкраінскім грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG