Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руціна і сюрпрызы сёлетніх выбараў


Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў
Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы аб правядзеньні выбараў Нацыянальнага сходу. Якія асаблівасьці сёлетняй парлямэнцкай выбарчай кампаніі?

Карбалевіч: 11 верасьня прэзыдэнцкім указам прызначаны выбары Нацыянальнага сходу. Выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаны на 11 верасьня, а выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасьня 2016 года.


На мой погляд, сёлетнія выбары будуць мець шэраг асаблівасьцей. Найперш, яны праходзяць ва ўмовах глыбокага сацыяльна-эканамічнага крызысу, падзеньня дабрабыту насельніцтва. Улады прынялі шэраг непапулярных захадаў, якія моцна ўдарылі па іх іміджу. Гэта і рост камунальных тарыфаў, і падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Сакавіцкае апытаньне НІСЭПД зафіксавала моцнае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі. Думаю, гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.

У такой сытуацыі пра існым рэжыме парлямэнцкія выбары яшчэ не праводзіліся. Таму грамадзкае незадавальненьне можа выліцца у нейкія нечаканыя формы пратэстнага галасаваньня ці пратэстных паводзінаў.

Другая асаблівасьць: выбары праводзяцца ва ўмовах працэсу нармалізацыі адносінаў з Захадам. Таму працягваецца нейкія слаба заўважныя формы палітычнай лібэралізацыі. Улады кажуць пра пэўную лібэралізацыю выбарчых працэдураў. Афіцыйныя асобы намякаюць на магчымасьць прадстаўніцтва ў палаце прадстаўнікоў апазыцыі. І гэта стварае дадатковую інтрыгу.

цяпер дзяржава ніяк не фінансуе агітацыйную кампанію кандыдатаў

Упершыню выбары праводзяцца паводле новага заканадаўства. Гэта будуць клясычныя мажарытарныя выбары ў адзін тур. Каму гэта дасьць электаральную перавагу, пакуль незразумела. Некаторыя кажуць, што прадстаўнікам улады, бо давер да ўладных кандыдатаў, паводле НІСЭПД, большы, чым да апазыцыйных. І гэта па лёгіцы вымагае аб’яднаньня апазыцыі і вылучэньня аднаго апазыцыйнага кандыдаты ў кожнай акрузе.

Яшчэ адна заканадаўчая навацыя не на карысьць апазыцыі, якая ўпершыню будзе дзейнічаць падчас парлямэнцкай кампаніі — цяпер дзяржава ніяк не фінансуе агітацыйную кампанію кандыдатаў. Ім давядзецца шукаць грошы, прычым, легальныя, самім.

Што тычыцца апазыцыі. Сёлета ніхто не кажа пра байкот. Усе палітычныя сілы будуць удзельнічаць у кампаніі. Іншая справа, што апазыцыя глыбока расколатая. Экспэрты налічылі 5 ці 6 групаў, ці кааліцыяў, якія пакуль ніяк ня могуць дамовіцца пра нейкую узгодненую тактыку.

Дракахруст: Пытаньне ці прапусьцяць каго з апазыцыянэраў фактычна чытаецца як ці прапусьцяць у парлямэнт Тацьцяну Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева. Я мяркую, што нават у самым лепшым выпадку у парлямэнт гэтых людзей ад апазыцыі (ўмоўнай, праўладнай ці сапраўднай) патрапіць няшмат.

Пры гэтым сыстэма выбараў збудаваная такім чынам, што яна ня мае ніякага дачыненьня да народнага волевыяўленьня. Караткевіч і Дзьмітрыеў напэўна маглі б выйграць і свабодныя выбары, але калі вырашаць іх прапусьціць у парлямэнт, ім так жа намалююць лічбы, як малююць праўладным кандыдатам. Якое рашэньне будзе прынятае — пакуль сказаць цяжка. Тут з пункту гледжаньня ўлады ёсьць свае «за» і «супраць».

Калі некалькі апазыцыянэраў у парлямэнце апынецца, усе прэтэнзіі з боку Захаду да ўласна працэдуры выбараў адыдуць на задні плян.

Калі некалькі апазыцыянэраў у парлямэнце апынецца, усе прэтэнзіі з боку Захаду да ўласна працэдуры выбараў адыдуць на задні плян

Мне ўяўляецца, асабліва ў сьвятле рэвэрансаў Цэнтральнай выбарчай камісіі на адрас АБСЭ, што будзе адносна свабодны рэжым правядзеньня кампаніі, будуць і нейкія дэбаты, у тым ліку і на тэлебачаньні, прынамсі некаторых кандыдатаў. Магчыма, ўлада праявіць дасьціпнасьць і зладзіць дэбаты, напрыклад, паміж Дзьмітрыевым і Статкевічам. Вось гэта будзе сапраўды цікава паглядзець.

Пры гэтым паблажкі, лібэралізацыя не закране працэдуру фармаваньня выбарчых камісіяў. Тут усё будзе вырашана «туга».

Могуць быць нечаканасьці пэрсанальнага кшталту. Урэшце народ незадаволены, народ злы. Ён бачыць жыроўкі, пакрыўджаны на падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Мы вось абмяркоўвае пэрспэктывы ўлады і апазыцыі, але ў рэшце беларускае грамадзтва вялікае і разнастайнае.

Ня выключана, што ўзьнікнуць новыя для нас пэрсанажы, лякальныя лідэры заводу, гораду, дзе сытуацыя вострая. Могуць быць і прарасейскія лідэры такога кшталту, пра што і Лукашэнка казаў, што, маўляў, нам трэба глядзець, каб кандыдаты былі ўсё ж за незалежнасьць.

Гэтыя новыя асобы ня выйграюць, зразумела — усё ж выглядае, што сыстэма пакуль даволі моцная. Але шораху нарабіць такія кандыдаты могуць — гэткія народныя трыбуны, «народныя мсьціўцы», якія адлюструюць, каналізуюць рэальныя незадавальненьні.

Цыганкоў: Такая карціна можа быць падобная на канец 80-х, калі яшчэ не было дэмакратычных і празрыстых выбараў, але зьявілася магчымасьць зьяўляцца народным трыбунам ці апазыцыі.

Выбары сярод іншага будуць праверкай мэханізму ўлады — ці моцна стаіць улада, ці на ўсіх узроўнях выконваюцца распараджэньні. Мой прагноз — ніхто ня пройдзе па-за сьпісам, які сфармуе адміністрацыя прэзыдэнта.

Выбары сярод іншага будуць праверкай мэханізму ўлады — ці моцна стаіць улада

Хоць мы маем эканамічны крызыс і незадавальненьне, гэты мэханізм пакуль працуе наладжана. Такое ўражаньне, што ён ужо працуе сам па сабе, не заўсёды карэктуючыся ад зьнешніх абставінаў, жыцьця, якое ідзе па-за ім. Нават калі будзе вызначана, што ў нейкай акрузе зьявіцца нейкі кандыдат, і не апазыцыянэр, а чалавек з вытворчасьці, напрыклад, які карыстаецца папулярнасьцю ў мясцовага люду, але намэнклятура вырашыць паставіць іншага, пройдзе той, якога выбярэ адміністрацыя. І не будзе такога міні-выбуху.

Нават на мінулых выбарах было шмат гісторыяў, калі зусім не апазыцыйныя, а праўладныя людзі, напрыклад, папулярны вядучы тэлеканалу ОНТ ішоў на выбары, быў упэўнены, меў сацыялёгію, што ён там перамагае, што ён як сымпатычны, вядомы вядучы ТБ абавязкова атрымае там большасьць галасоў. Ён не зусім разумеў, куды ён ублытваецца, і атрымаў свае 3%, а 80% атрымаў кандыдат ад улады.

Дракахруст: Так выглядае, што вы ў яе верыце больш за яе саму. Яна якраз сумняваецца і пераймаецца.

Цыганкоў: Практыка — крытэрый ісьціны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG