Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць загінулых у перастрэлках у Актобэ вырасла да 17 чалавек


У горадзе Актобэ ў Казахстане, дзе 5 чэрвеня адбыліся напады на збройныя крамы і вайсковую частку, абвешчаны найвышэйшы, «чырвоны» ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі.

У бягучым радку, які трансьлюецца па мясцовых тэлеканалах, а таксама ў SMS-паведамленнях, якія рассылаюцца гараджанам, іх заклікаюць «заставацца ў памяшканьнях і абмежаваць рух па горадзе». Назіраюцца праблемы з інтэрнэтам і сотавай сувязьзю, паведамляе Радыё Азатык (казахская служба Радыё Свабода). Рух грамадзкага транспарту абмежаваны.

У нядзелю, 5 чэрвеня, у Актобэ некалькі дзясяткаў чалавек абрабавалі дзьве збройныя крамы, забіўшы пры гэтым прадаўца і наведвальнікаў, а затым, захапіўшы пасажырскі аўтобус, паспрабавалі атакаваць вайсковую частку. Атака была адбітая, аднак частка тых, хто нападаў (паводле дадзеных МУС Казахстану, іх было ня менш за 27 чалавек) зьнікла ў невядомым кірунку. Паводле апошняй інфармацыі МУС загінулі 17 чалавек. Сярод іх 11 меркаваных злачынцаў, тры вайскоўцы, прадавец збройнай крамы і наведвальнік яшчэ адной збройнай крамы, а таксама супрацоўнік ахоўнага агенцтва. Супрацоўнікамі праваахоўных органаў і спэцслужбаў былі затрыманыя сем удзельнікаў нападу.

Прадстаўнік МУС Казахстана Алмас Садубаеў заявіў, што тыя, хто нападаў, як мяркуецца, зьяўляюцца «радыкальнымі прыхільнікамі нетрадыцыйных рэлігійных плыняў».

Нейкае «Войска Вызваленьня Казахстану» ў заяве для міжнародных СМІ ўзяло на сябе адказнасьць за падзеі ў Актобэ. У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца, што гэта быў «першы бой прыхільнікаў дэмакратычнага шляху разьвіцьця Казахстану» супраць «дыктатуры зграі Назарбаева».

У панядзелак у Камітэце нацыянальнай бясьпекі Казахстану абвясьцілі аб прадухіленьні спробы дзяржаўнага перавароту, які ўзначальваў вядомы ў краіне прадпрымальнік, дырэктар кампаніі «Шымкентпіва» Тахтар Тулешаў. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс». Затрыманыя і зьмешчаныя ў СІЗА шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў, меркаваных саўдзельнікаў Тулешава.

У КНБ сьцьвярджаюць, што сьледзтва мае дадзеныя, што плян дзеяньняў Тулешава прадугледжваў «дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне шляхам стварэньня ачагоў напружанасьці, арганізацыю акцый пратэсту і масавых беспарадкаў, на фоне якіх ён плянаваў сфармаваць так званы «альтэрнатыўны ўрад». Сам Тахтар Тулешаў знаходзіцца пад арыштам з канца студзеня паводле абвінавачваньня ў захоўваньні наркотыкаў і фінансаваньні злачыннай групоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG