Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вечная» візавая тэма — на чыім баку мяч?


Poland - Visa schengen, Shutterstock
Poland - Visa schengen, Shutterstock

Урад Беларусі рыхтуе ўказ аб спрашчэньні візавага рэжыму для тых, хто хоча прыехаць у Беларусь. А чаму дагэтуль не падпісаныя дакумэнты аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам?

Глод: У Беларусі рыхтуюць прэзыдэнцкі ўказ аб спрашчэньні візавага рэжыму. Пра гэта паведаміў учора прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітры Мірончык. Паводле яго, улады хочуць аблягчыць візавы рэжым для тых, хто зьбіраецца прыехаць у Беларусь.

Робіцца гэта дзеля таго, каб (тут я працытую чыноўніка МЗС) «прадэманстраваць адкрытасьць, умацаваць міжасабовыя і дзелавыя кантакты з замежнымі краінамі, стварыць перадумовы для росту паездак у рэспубліку і, адпаведна, для павелічэньня прыбыткаў ад турызму».

Што тут сказаць? Жаданьні добрыя, шкада толькі, што спадар Мірончык не патлумачыў, што перашкаджала беларускім уладам займацца гэтым раней.

Аднак захады, скіраваныя на прыток турыстаў у Беларусь, прымушаюць запытацца: а чаму нашы ўлады не клапоцяцца пра спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў, якія зьбіраюцца ехаць у краіны Эўразьвязу? Такіх людзей значна болей, чым замежнікаў, якія хочуць паглядзець на Беларусь.

Паводле зьвестак Эўракамісіі, у 2015 годзе беларусы атрымалі больш за 750 тысяч шэнгенскіх візаў. Наперадзе толькі Расея, Кітай і Ўкраіна. Па ліку ж такіх візаў на душу насельніцтва Беларусь займае першае месца. І пры гэтым Беларусь — адзіная краіна Ўсходняй Эўропы, грамадзяне якой плацяць за шэнгенскую візу 60 эўра. Гэта немалыя грошы. Іншыя краіны, напрыклад, Малдова, ужо займелі бязьвізавы рэжым, многія, кшталту Грузіі ці Азэрбайджану, перайшлі на спрошчаны рэжым. Гэта і таньней: віза каштуе 35 эўра і выдаецца яна звычайна на даўжэйшы тэрмін, чым беларусам.

Беларусь — адзіная краіна Ўсходняй Эўропы, грамадзяне якой плацяць за шэнгенскую візу 60 эўра.

Перамовы з Брусэлем цягнуцца не адзін год. Нагадаю, што яшчэ ў красавіку 2008 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі. Перамоўны працэс актывізаваўся пасьля Віленскага саміту «Ўсходняга партнэрства», які адбыўся ў лістападзе 2013-га. Але вынікаў дагэтуль няма.

Хоць яшчэ ў сьнежні мінулага году прадстаўнік Эўразьвязу на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску казаў, што Брусэль гатовы падпісаць пагадненьне хоць заўтра. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што беларускія ўлады павінны зразумець, што мы ня робім выключэньня з агульных правілаў уладальнікам дыпляматычных пашпартоў любой краіны.

Тут патрэбнае спэцыяльнае тлумачэньне. Беларускі бок настойваў, каб уладальнікі дыппашпартоў маглі наведваць краіны Шэнгенскай зоны без адкрыцьця ўязной візы. Навошта афіцыйны Менск так дамагаўся для сябе такога выключэньня? Гэта быў час, калі групе беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, быў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Цяпер, пасьля таго як у гэтым сьпісе засталіся толькі чатыры асобы, гэтая праблема не выглядае, на мой погляд, актуальнай.

Аднак цяпер афіцыйны Менск не сьпяшаецца падпісваць адпаведныя дакумэнты, заяўляючы, што ў Беларусі няма сродкаў будаваць спэцыяльны лягер для тых нелегалаў, каго павінны вяртаць у Беларусь паводле агульных правілаў рэадмісіі. Гэта выглядае так, што Эўропа павінна плаціць за беларускія намеры.

Мне падаецца, спрашчэньне візавага рэжыму, дарэчы, у абодвух кірунках, павінна быць часткай працэсу пацяпленьня адносінаў з Захадам, унутранай дэмакратызацыі і шырокага разгортваньня эўрапейскага вэктару. Ці магчыма гэта, калегі, на ваш погляд, цяпер?

Цыганкоў: Візавая тэма, якая гучыць ня першы год, пакідае даволі сумнае ўражаньне. Беларусь і Эўропа даволі актыўна перакідваюць мяч з аднаго боку на другі, а грамадзкасьці кажуць, што менавіта іншы бок вінаваты ў тым, што дагэтуль няма спрашчэньня візавага рэжыму. Беларусь не прымае гэтую дамову таму, што ўзьнікаюць пытаньні з рэадмісіяй.

У беларускай традыцыі дыпляматыі любыя дамовы падпісваюцца так, каб Беларусі за гэта яшчэ заплацілі. Мы бачым, як Эўропа ўсталёўвае памежныя пункты паміж Беларусьсю і Літвой, Польшчай — Эўропа ж аплочвае іх. А цяпер уздымаецца пытаньне, што ў Беларусі няма лягеру для асобаў, якія падлягаюць рэадмісіі, мігрантаў, якіх Беларусь павінна высылаць. Афіцыйны Менск будзе настойваць, каб Эўропа праплаціла і гэта.

У беларускай традыцыі дыпляматыі любыя дамовы падпісваюцца так, каб Беларусі за гэта яшчэ заплацілі.

Зь іншага боку, у свой час Эўразьвяз мог бы вырашыць візавае пытаньне са свайго боку, аднаасобна. То бок найлепшай пазытыўнай санкцыяй зь яго боку было б аднабаковае зьмяншэньне коштаў шэнгенскіх візаў і спрашчэньня працэдуры іх атрыманьня. Гэта было б пазытыўным крокам, сыгналам для тых беларусаў, якія хочуць легальна працаваць у Эўразьвязе, часьцей езьдзіць — сыгналам пра збліжэньне з Эўропай менавіта беларускага грамадзтва, а не беларускай улады. Для гэтага кроку чыноўнікі з Брусэлю маглі б не чакаць згоды з боку Беларусі, а зрабіць яго самастойна.

Пасьля «памаранчавай рэвалюцыі» Ўкраіна зрабіла такі крок, калі адмяніла плату і ўвогуле візы для паездак эўрапейцаў ва Ўкраіну. Існуюць розныя меркаваньні наконт таго, ці прынёс гэты крок Украіне эканамічную карысьць, але відавочна, што ёсьць карысьць ад павелічэньня турызму. Беларускі бок таксама мог бы зрабіць такі крок, альбо адмяніць плату за візы, альбо адмяніць візы. Здаецца, гэта неверагодна, бо плата за візы досыць дарагая, тут ці не рэкорды Беларусь ставіць. Гэта плата ў беларускі бюджэт. Таму такія крокі з абодвух бакоў на сёньня выглядаюць неверагоднымі.

Глод: Адзін супрацоўнік МЗС мне казаў: ведаеце, да гэтага часу Міністэрства замежных спраў мае заданьне ўраду па набыцьці валюты. А адкуль мы можам браць валюту? Перш за ўсё — калі прадаём беларускія візы. Таму мы, з аднаго боку, хочам, каб візаў не было, каб было спрошчана, а з другога — адкуль мы тады возьмем валюту? Можа, гэты фінансавы чыньнік тут мае значэньне.

Цыганкоў: Вузкае фінансавае мысьленьне не дае абодвум бакам рабіць больш шырокія дыпляматычныя крокі.

Карбалевіч: Зь іншага боку, Беларусь траціць ад таго, што ня едуць турысты. Тады, магчыма, Беларусь атрымала б больш валюты. Тут пачынае працаваць ведамаснае мысьленьне, інтарэсы. Таму што, сапраўды, турысты ў Беларусь прыяжджаюць няшмат, тыя гатэлі, якія былі пабудаваныя да Чэмпіянату сьвету па хакеі, стаяць паўпустыя. Таму я разумею лёгіку МЗС, які рыхтуе ўказ аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Беларускае кіраўніцтва ня надта зацікаўленае, каб беларусы шмат езьдзілі ў Эўропу.

аму дасюль не падпісваецца пагадненьне з Эўразьвязам? Тут і тэхнічны момант, таму што дыпляматычныя пашпарты трэба друкаваць, вырабляць паводле спэцыяльных правілаў; і палітычны — беларускія ўлады хацелі нейкіх прывілеяў для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў; і эканамічны — бо ўлады баяцца, што вяртаньне ў Беларусь людзей, якія перасеклі мяжу з Эўразьвязам і былі вернутыя назад, будзе дорага каштаваць, такіх людзей будзе шмат, і гэта створыць эканамічную нагрузку.

Глод: Дадамо, што Беларусь баіцца таго, што тыя, хто асеў у Расеі — аўганцы, пакістанцы, іншыя — паколькі мы ня маем мяжы, хлынуць нелегальна празь мяжу ў Беларусь, і вяртаць іх будуць, зразумела, не ў Расею.

Карбалевіч: Дасьледчыкі БІС паказалі, што такіх людзей дасюль было няшмат, і наўрад ці іх значна паболее. Тыя самыя людзі з краін Блізкага Ўсходу знайшлі лягчэйшы шлях у Эўропу — праз Турэччыну, Міжземнае мора. Ня думаю, што Беларусь яны выберуць як сродак транзыту. Існуе больш глыбокая прычына непаразуменьня паміж беларускім урадам і Эўразьвязам. Беларускае кіраўніцтва ня надта зацікаўленае, каб беларусы шмат езьдзілі ў Эўропу. Таму і блякуецца дамова з Польшчай і Літвой аб малым памежным руху. Бо калі беларусы ў вялікай колькасьці паедуць за мяжу «на закупы», то гэта будзе моцным ударам па беларускай эканоміцы. Бо яны будуць там пакідаць валюту, падтрымліваючы вытворцаў суседніх краін.

Ужо ня кажучы пра ідэалягічныя праблемы, якія будуць спадарожнічаць гэтаму працэсу. Калі шмат людзей пабывае ў Эўропе, то ім цяжка будзе даводзіць, што ва ўсім сьвеце крызіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG