Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерлую ў Горадні дзяўчынку прышчапілі бэльгійскай вакцынай, выкарыстаньне яе прыпыненае


Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыпыніла выкарыстаньне вакцыны, якой была прышчэпленая 6-гадовая дзяўчынка, што загінула ў Горадні.

«Выкарыстаньне вакцыны прыпынена да высьвятленьня ўсіх абставінаў трагедыі», — цытуе агенцтва «Інтэрфакс-Захад» галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Ігара Гаеўскага.

Ігар Гаеўскі таксама падкрэсьліў, што заўчасна зьвязваць гібель дзіцяці і прымяненьне вакцыны, якой яно было прышчэплена. Вядома, што ўведзеная вакцына бэльгійскай вытворчасьці, закуплялася яна цэнтралізавана.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу па факце неналежнага выкананьня прафэсійных абавязкаў мэдыцынскімі работнікамі, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента.

«Каля 16 гадзін 31 траўня ў дзіцячай паліклініцы № 1 Горадні пасьля ўвядзеньня камбінаванай вакцыны супраць адзёру, паратыту і краснухі рэзка пагоршыўся стан здароўя ў 6-гадовай дзяўчынкі, жыхаркі абласнога цэнтра. Нягледзячы на аказаную мэдыцынскую дапамогу, яна памерла ў прысутнасьці сваёй маці», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гарадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч.

Сьледчыя агледзелі месца здарэньня.

«Канфіскаваныя ампулы з вакцынамі, выкарыстаныя ампулы і шпрыцы, а таксама мэдыцынскія прэпараты з кабінэта, дзе робяць прышчэпкі. Акрамя таго, да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя для вывучэньня ўся мэдыцынская дакумэнтацыя, фінансава-бухгалтарскія дакумэнты на атрыманьне вакцын», — дадаў Сяргей Шаршаневіч.

Меры стрыманьня да мэдыцынскіх работнікаў не ўжываліся.

«Сьледзтвам прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза, па выніках якой можна будзе казаць аб наяўнасьці або адсутнасьці прычынна-сьледчай сувязі паміж вакцынай і сьмерцю дзіцяці. Акрамя таго, будзе зразумела — індывідуальныя асаблівасьці арганізма згулялі ролю ў трагедыі альбо якасныя характарыстыкі прэпарата», — гаворыцца ў паведамленьні афіцыйнага прадстаўніка СК Беларусі Юліі Ганчаровай на яе старонцы ў Facebook.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG