Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка: Расея ў Крыме адпрацоўвае ўжываньне ядзернай зброі


Мінабароны Расеі на вучэньнях у анэксаваным Крыме пастаянна адпрацоўвае практыку прымяненьня ядзернай зброі. Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Кіеве 30 траўня прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі.

«Падчас вучэньняў групоўкі Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі пастаянна адпрацоўваюцца пытаньні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў на тэрыторыю Крыма і іх прымяненьне. Але гэта адбываецца падчас вучэньняў. Апошнія такія вучэньні былі ў красавіку», — сказаў ён.

Скібіцкі падкрэсьліў, што Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны адсочвае дзейнасьць групоўкі расейскіх Узброеных сіл на тэрыторыі паўвострава. Найперш, адзначыў, прадстаўнік ваеннага ведамства, гэта тычыцца разгортваньня найноўшых відаў тэхнікі і ўзбраеньня.

Таксама прадстаўнік украінскага ваеннага ведамства паведаміў, што ў анэксаваным Расеяй Крыме знаходзяцца 24 тысячы расейскіх вайскоўцаў, і Расея працягвае нарошчваць іх колькасьць.

«Расейская Фэдэрацыя працягвае разгортваньне магутнай міжвідавай групоўкі сваіх узброеных сіл на Крымскім паўвостраве, якая па стане на травень бягучага года ўключае каля 24 тысяч вайскоўцаў, 613 танкаў і бронетранспарцёраў, 162 артылерыйскія сыстэмы, каля 100 баявых самалётаў, 56 верталётаў, 16 берагавых ракетных комплексаў, 30 баявых надводных караблёў і 4 падводныя лодкі», — распавёў Вадзім Скібіцкі.

Ён адзначыў, што, па дадзеных украінскай выведкі, да 2020 — 2025 года Расея плянуе павялічыць колькасьць сваіх войскаў у Крыму і колькасьць ўзбраеньня «у паўтара-два разы па асноўных паказчыках».
Расейскі бок яшчэ не камэнтаваў гэтыя заявы. Аднак у Мінабароны Расеі не хаваюць актыўных ваенных вучэньняў арміі на тэрыторыі паўвострава.

Сёлета ў лютым, па дадзеных украінскай выведкі, колькасьць расейскіх вайскоўцаў на паўвостраве складала крыху больш за 20 тысяч.
Пастаянны прадстаўнік Расеі пры НАТА, надзвычайны і паўнамоцны пасол Аляксандр Грушко не выключаў, што Расея ўзмоцніць сваю ваенную групоўку ў Крыме, зыходзячы з таго, што Паўночнаатлянтычны альянс ўзмацняе актыўнасьць ва Ўсходняй Эўропе.

У пачатку траўня ва ўкраінскай выведцы паведамлялі, што Расея актыўна завозіць у Крым новыя тыпы ўзбраеньня, уключаючы падводныя лодкі з найноўшымі крылатымі ракетамі і берагавыя ракетныя комплексы, а таксама ўзмацняе авіяцыйную і карабельную групоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG