Кіраўнік сырыйскага апазыцыйнага Вярхоўнага камітэту па перамовах Махамед Алуш заявіў пра адстаўку з-за правалу мірных перамоваў, якія адбываліся пад эгідай ААН. Паводле яго слоў, гэтыя перамовы не прынесьлі палітычнага ўрэгуляваньня і не палегчылі цяжкага становішча сырыйцаў у заблякаваных раёнах.
Вярхоўны камітэт па перамовах яшчэ ў красавіку прыпыніў удзел у дыялёгу ў Жэнэве з урадавай дэлегацыяй Сырыі. Дата аднаўленьня перамоваў не была вызначаная.
Махамед Алуш дадаў, што дыялёг зьяўляецца «пустым марнаваньнем часу», пакуль сырыйскі ўрад не выяўляе гатоўнасьці да «сур’ёзных перамоваў».
У лютым у Сырыі абвясьцілі пра дасягненьне дамоўленасьцяў аб перамір’і, але паведамленьне пра баявыя дзеяньні ў гэтай краіне працягваюць паступаць. Грамадзянскі канфлікт, які перарос у поўнамаштабную вайну, пачаўся ў Сырыі ў 2011 годзе.