Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 траўня: «Крама» і «Shuma» з канцэртамі ў Менску, роварная акцыя «Крытычнай масы»


Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

На 18:00 у Менску прызначаная чарговая роварная акцыя «Крытычная маса». Падобныя акцыі праводзяцца ў Менску, каб паказаць уладам гораду праблемы з арганізацыяй роварнага руху. На мінулым прабегу 29 красавіка адбыўся канфлікт зь міліцыяй, было затрымана 6 чалавек. Адзін зь іх, Зьміцер Паліенка, дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

У Вярхоўным судзе будзе разглядацца справа па скарзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі на адмову Мінюста ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрнае партнэрства». Пачатак у 10:00.

У Менску пройдзе II Міжнародны фэстываль асаблівых тэатраў «Крок насустрач», у якім возьмуць удзел 12 асаблівых тэатраў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расеі і Польшчы. Плянуецца фэстывальны прагляд і навучальныя майстар-клясы, а таксама круглы стол па інтэграцыі людзей з інваліднасьцю. Месца правядзеньня — Дом культуры ім. Шарко (вул. Уральская 3). Пачатак у 15:00.

Этна-электронны гурт Shuma ў Менску прадставіць публіцы новы альбом «Сонца». Месца правядзеньня — «Хуліган. Ангар» (вул. Кастрычніцкая, 16). Пачатак у 19:00.


У клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16) дасьць канцэрт легендарны рок-гурт «Крама». Пачатак, а 20:00.


Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык» арганізуе «Ноч вышыванкі», прысьвечаную міжнароднай акцыі «Ноч музэяў».

У Полацку пройдзе «Дзень гораду».

Дзень у гісторыі:

1634 — у вёсцы Палянава пачаліся перамовы між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Расеі аб заканчэньні вайны 1632-1634 гадоў.

1703 — закладзеная Петрапаўлаўская крэпасьць. Гэтая падзея лічыцца днём нараджэньня Санкт-Пецярбургу.

1918 — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам пераехала зь Вільні ў Горадню, дзе заставалася да верасьня 1919 году.

1994 — Аляксандр Салжаніцын разам зь сям’ёй вярнуўся з ЗША ў Расею.

У гэты дзень нарадзіліся:

1836 — Валеры Ўрублеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня1863—1864 г.

1847 — Якуб Наркевіч-Ёдка, прыродазнавец, вынаходнік, мэдык.

1859 — Лазар Замэнгоф (г. Беласток), лекар, вынаходнік мовы эспэранта, некаторы час жыў у Горадні.

1895 — Ігнат Дварчанін, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, скарыназнаўца.

1896 — Міхась Філіповіч, беларускі жывапісец, графік, этнограф, пэдагог.

1900 — Уладзімер Жылка, беларускі паэт.

Уладзімер Жылка
Уладзімер Жылка

1926 — Фелікс Шкірманкоў, вэтэран вайны, сябра Беларускага Народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы, літаратар, журналіст.

1931 — Васіль Жураўлёў, беларускі літаратуразнаўца.

1932 — Анатоль Сабалеўскі, беларускі тэатразнаўца і пэдагог.

1937 — Міхась Біч, беларускі гісторык.

1943 — Валеры Панамароў, беларускі рэжысэр, сцэнарыст і прадусар тэатру і кіно.

1957 — Алег Латышонак, беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.

1971 — Сяргей Скрыпнічэнка, музыка, лідэр гурту Zygimont Vaza.

1990 — Мікіта Ліхавід, беларускі палітычны актывіст, асуджаны за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

У гэты дзень памерлі:

1564 — Жан Кальвін, францускі рэфарматар каталіцкае царквы.

1633 — Мялеці Сматрыцкі, царкоўны, грамадзка-палітычны дзяяч, беларускі пісьменьнік-палеміст.

1840 — Нікаля Паганіні, італьянскі скрыпач-віртуоз і кампазытар.

1871 — у Парыжы быў расстраляны вэрсальцамі Кастусь Далеўскі. У часе паўстаньня Каліноўскага ён быў камандзірам атраду на Ковеншчыне. Пасьля паразы паўстанцаў здолеў перабрацца ў Францыю, дзе пасябраваў зь Яраславам Дамброўскім і далучыўся да парыскіх камунараў. Загінуў у 34 гады.

1891 — памёр Аляксандар Ходзька, паэт, фальклярыст, усходазнавец.

1964 — Джавахарлал Нэру, індыйскі палітык.

Цытата на памяць:

Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём.
Я не ведаю, чым ён вялік,
Але думак не змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Маё сэрца, заные ў грудзях,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзях.

Уладзімер Жылка, «Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG