Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст Паліенка сустракае дзень народзінаў за кратамі


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота 2013 году

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота 2013 году

У менскім СІЗА нумар 1 актывіст Зьміцер Паліенка, арыштаваны за акцыю раварыстаў, адмовіўся размаўляць зь міліцыянтамі, не датычнымі да сьледзтва. Сёньня яму спаўняецца 22 гады.

Зьміцер Паліенка адмовіўся сустракацца і размаўляць з супрацоўнікамі галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС, якія не зьяўляюцца сьледчымі па ягонай справе, але настойвалі на сустрэчы з затрыманым актывістам.

Пра гэта Зьміцер Паліенка напісаў у лістах дамоў і сябрам. Як мяркуе актывіст, ня варта кантактаваць з тымі супрацоўнікамі, якія непасрэдна не займаюцца ягонай крымінальнай справай, зьвязанай з акцыяй раварыстаў «Крытычная маса».

Зьміцер Паліенка быў затрыманы падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка. Усяго падчас акцыі было затрымана 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу — гэта «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Станіслава Канавалава сьледчыя выпусьцілі пад падпіску, а Зьмітра Паліенку ўжо амаль месяц трымаюць за кратамі.

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка распавяла пра цяперашнюю сытуацыю са справай Зьмітра Паліенкі.

Наста Лойка

Наста Лойка

«Нам вядома, што яго тыдзень таму перавялі з Жодзінскай турмы зноў у Менскі ізалятар на вуліцы Валадарскага, дзе ён ужо быў пасьля арышту. Магчыма, гэтак зрабілі, каб было лягчэй яго наведваць сьледчым ды іншым міліцыянтам, але вядома, што апошнім часам сьледчых дзеяньняў зь ім ніякіх не праводзяць. Ды і справы іншых раварыстаў, якіх спрабавалі судзіць паводле адміністрацыйнага кодэксу, фактычна завісьлі. Па адной справе прызначаная псыхічная экспэртыза — навошта?»

Праваабаронцы лічаць справы раварыстаў надуманымі і адзначаюць, што пры затрыманьні раварыстаў зьбівалі супрацоўнікі АМАПу.

Сёньня актывісту Зьмітру Паліенку спаўняецца 22 гады. Што вядома пра ўмовы ягонага ўтрыманьня? Ці атрымаў ён віншаваньні з днём народзінаў?

Праваабаронцы заклікалі павіншаваць Зьмітра зь ягоным сьвятам, і ведаю, што шмат людзей адгукнуліся.

«Ён піша лісты, якія даходзяць, хаця і са спазьненьнем. Напісаў, што адчувае сябе няблага, было, што хварэў, але паправіўся. Шмат чытае кніг, якія яму даслалі ў турму, атрымлівае лісты ад сяброў і сваякоў, у тым ліку, спадзяюся, і лісты зь віншаваньнямі. Праваабаронцы заклікалі павіншаваць Зьмітра зь ягоным сьвятам, і ведаю, што шмат людзей адгукнуліся», — распавяла Наста Лойка.

Праваабаронцы цэнтар «Вясна» выступіў з адмысловай заявай, у якой запатрабаваў спыніць перасьлед актывіста Зьмітра Паліенкі.

Актывіста абвінавачваюць у аказаньні супраціву міліцыянту падчас акцыі «Крытычная маса», якая прайшла ў Менску 29 красавіка. Вядома, што Зьміцер Паліенка не прызнае сябе вінаватым. Паводле міліцыі, Паліенка счапіўся з супрацоўнікам і парваў яму форменную вопратку. Як распавядаў «Свабодзе» бацька актывіста Аляксандар Паліенка, ягоны сын заступіўся за сябра, адносна якога міліцыянт ужыў фізычную сілу.

Вядома, што на 27 траўня ў Менску прызначаная чарговая акцыя «Крытычная маса». Падобныя акцыі праводзяцца ў Менску ня першы год, каб паказаць уладам гораду праблемы з арганізацыяй роварнага руху.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG