Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раварысту Дзьмітрыю Паліенку выставілі абвінавачаньне ў супраціве міліцыі


Дзьмітрый Паліенка, архіўнае фота

Дзьмітрый Паліенка, архіўнае фота

Актывіста Дзьмітрыя Паліенку, які быў затрыманы на акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка ў Менску, перавялі з «Валадаркі» ў сьледчы ізалятар Жодзіна і выставілі яму абвінавачаньне ў супраціве міліцыянтам.

Раварысту пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька затрыманага Аляксандар Паліенка.

«Учора яго перавялі ў Жодзіна. Наколькі ведаю, вінаватым ён сябе не прызнае. У панядзелак паеду ў Жодзіна, каб перадаць сыну неабходныя рэчы, — можа, што даведаюся больш пра яго», — сказаў бацька актывіста.

Тым часам стала вядома, што адзін з удзельнікаў акцыі «Крытычная маса» Максіміліян Бойчанка падаў заяву аб прыцягненьні да адказнасьці міліцыянтаў за іх дзеяньні 29 красавіка.

Акцыя «Крытычная маса» — гэта масавы праезд па вуліцах гораду раварыстаў, якія спрабуюць зьвярнуць увагу гарадзкіх уладаў на непадрыхтаванасьць вуліц да язды на роварах.

29 красавіка ў акцыі бралі ўдзел некалькі дзясяткаў раварыстаў. Каля стэлы на праспэкце Пераможцаў акцыя была спыненая супрацоўнікамі ДАІ, некалькі раварыстаў былі затрыманыя, на двух зь іх, Дзьмітрыя Паліенку і Станіслава Канавалава, завялі справы аб супраціве міліцыі. Станіслава Канавалава зь міліцыі адпусьцілі 30 красавіка пад падпіску, Дзьмітрыя Паліенку зьмясьцілі ў ізалятар. Паводле бацькі актывіста, Дзьмітрый не чыніў супраціву, але спрабаваў заступіцца за аднаго з раварыстаў, якога зьбіваў міліцыянт. Супрацоўнік міліцыі потым заявіў, што ў яго была парваная куртка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG