Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раварыста Паліенку аштрафавалі на 12 мільёнаў 600 тысяч. Але крымінальны перасьлед не спынілі


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

12 траўня сацыяльнага актывіста Зьмітра Паліенку ў Цэнтральным судзе Менску аштрафавалі на 60 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце 18 красавіка каля расейскай амбасады.

Гэта была акцыя салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай. Наперадзе ў Паліенкі яшчэ сьледзтва па крымінальнай справе за нібыта супраціў міліцыянту падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса», якая адбылася 29 красавіка. Магчыма, пазьней актывіста чакае суд па абвінавачаньні, за якое могуць пакараць 6 гадамі зьняволеньня. Сьледзтва працягваецца, Зьмітра Паліенку па-ранейшаму трымаюць у Жодзінскай турме № 8.

Адметна, што сёньня ў Цэнтральны раённы суд Зьмітра Паліенку так і не даставілі. «Адсутнічае зь невядомых прычын, быў своечасова праінфармаваны», — паведаміў сакратар суду. Супрацоўнік Цэнтральнага РУУС міліцыянт Леанід Нупрэвіч выказаўся за тое, каб актывіста судзілі завочна. Судзьдзя Вікторыя Шабуня з гэтым пагадзілася, а ўжо праз паўгадзіны пастанавіла: Паліенку аштрафаваць на 12 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Гэта ўжо другі за месяц штраф актывісту. Раней, гэтаксама завочна, яго аштрафавалі за акцыю супроць расейска-беларускага яднаньня, якая адбылася 2 красавіка.

Сёньня ў Цэнтральным судзе Менску таксама пачалі разгляд адміністрацыйнай справы назіральніка БХК Кірыла Кажэнава. Раніцай у ДАІ ён быў аштрафаваны на 2 базавыя велічыні за парушэньне правілаў дарожнага руху падчас акцыі «Крытычная маса». Адміністрацыйны працэс над Кірылам Кажэнавым адклалі, каб выправіць дакумэнты ў справе.

Таксама 12 траўня ў ДАІ былі аштрафаваныя раварысты Аляксей Адамовіч (на 2 базавыя велічыні), Кірыл Падабед і Дзьмітры Пахомаў (па адной базавай велічыні кожны). Адміністрацыйны суд над Аляксеем Адамовічам яшчэ працягваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG