Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ударылі ў сківіцу, затым нагой у жывот» — Стас Канавалаў пра затрыманьні на акцыі «Крытычная маса»


Стас Канавалаў

Стас Канавалаў

Стас Канавалаў, раварыст, які быў затрыманы ў пятніцу, 29 красавіка, падчас велазаезду «Крытычная маса» і правёў на Акрэсьціна тры дні, расказаў Свабодзе, як адбывалася затрыманьне.

Хлопца выпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня каля 18 гадзіны 2 траўня. Яго прымусілі падпісаць абавязаньне зьяўляцца на выклікі ў Сьледчы камітэт у межах крымінальнай справы, якая была ўзбуджана супраць яго.

«Я ехаў па дарозе, адарваўся ад калёны, пасьля таго як у іншага раварыста адабралі ровар са сьцягам. Я думаў, што зараз праеду мост і зьеду на тратуар, але пачуў, што супрацоўнікі ДАІ просяць зьехаць на тратуар. З улікам канструкцыі майго ровара я ня мог умомант спыніцца і зьехаць, мне патрэбны быў некаторы час, я ім пра гэта крычаў — што я не магу спыніцца. Пасьля чаго яны мяне абагналі на службовай машыне і перакрылі дарогу. Я пасьпеў зрэагаваць і аб’ехаць іх. Усё гэта адбывалася на досыць вялікай хуткасьці.

Пасьля гэтага яны мяне абагналі, зноў перакрылі шлях. Я ўбачыў, што адчыняюцца дзьверы ў машыне. У час, калі я праяжджаў міма, супрацоўнік ДАІ схапіў мяне за левую руку, і я на хуткасьці ўпаў на зямлю.

Драпіны на руках ад наручнікаў

Драпіны на руках ад наручнікаў

Я ўстаў, але супрацоўнік ДАІ працягваў трымаць мяне за левы рукаў кофты. Я пабачыў, што мой ровар у супрацоўніка ДАІ і ў аднаго маладога чалавека, я не зьвярнуў увагі, хто гэта быў. Правай рукой я цягнуў ровар на сябе і крычаў што я зь ім паеду. Пасьля чаго той супрацоўнік ДАІ, які мяне трымаў за кофту, пацягнуў мяне да сябе, ударыў мяне ў сківіцу, затым нагой у жывот, пасьля чаго я ўпаў на зямлю.

Затым супрацоўнік ДАІ надзеў на мяне кайданкі, і мяне павялі ў аўтобус.

На Акрэсьціна нас дастаўлялі ў аўтазаку таксама ў наручніках, пасьля таго як мы правялі цяжкую ноч у „апорцы“. Абвінавачваюць у супраціве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам ДАІ. Але тое, што я супраціўляўся ці біўся з АМАПам, — гэта абсурд».

Стас Канавалаў ня змог патлумачыць, з чым можа быць зьвязанае затрыманьне раварыстаў.

Раварыстаў — удзельнікаў «Крытычнай масы» затрымалі вечарам 29 красавіка. АМАП груба затрымаў 6 чалавек. Іх моцна зьбілі і завезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх (Стаса Канавалава и Дзьмітрыя Паліенкі) былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG