Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка на саміце ААН распавёў пра агрэсію Расеі


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на Сусьветным гуманітарным саміце ААН у Стамбуле распавёў у сваім выступе пра гуманітарныя наступствы агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«Нашай галоўнай адказнасьцю зьяўляецца папярэджаньне і спыненьне канфліктаў, якія, несумненна, сталі самай вялікай пагрозай для чалавецтва і галоўным рухальным фактарам гуманітарных патрэбаў. Я вельмі добра ведаю, што кажу. Ужо больш за два гады мая краіна зьяўляецца мэтай расейскай агрэсіі. Гуманітарныя наступствы гэтай агрэсіі складаюць больш за 10 тысяч загінулых украінцаў, больш за 20 тысяч параненых і каля 1,8 мільёнаў унутрана перамешчаных асобаў», — сказаў ён, выступаючы на саміце.

Пятро Парашэнка заклікаў зрабіць усё магчымае, каб аднавіць павагу да міжнароднага права і забясьпечыць эфэктыўнасць міжнародных інструмэнтаў з мэтай урэгуляваньня канфліктаў і прыцягненьня да адказнасьці тых, хто іх пачаў. «Гэта зьяўляецца нашай калектыўнай адказнасьцю», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

«Каб дамагчыся посьпеху на гэтым шляху, мы павінны быць аб’яднаныя і салідарныя і дэманстраваць моцнае палітычнае лідэрства. І мы павінны быць рашучымі і пасьлядоўнымі. Трэба сказаць „досыць“ і прытрымлівацца гэтага пастуляту да таго часу, пакуль сытуацыя ня вернецца ў ранейшы стан», — сказаў Парашэнка і дадаў, што мае на ўвазе, у прыватнасьці, дыскусію пра санкцыі.

«Ніхто не павінен адчуваць сябе беспакараным. Толькі тады, калі нам удасца здаволіць канфлікт, мы зможам узяцца за вырашэньне ільвінай долі гуманітарных выклікаў», — дадаў прэзыдэнт Украіны.

Паводле яго слоў, украінскі вопыт у Данбасе сьведчыць, што вельмі важна своечасова надаваць увагу ня толькі вырашэньню неадкладных гуманітарных патрэбаў, але і пошуку працяглых рашэньняў, важна надаваць доўгатэрміновую палітычную ўвагу і забясьпечваць устойлівае інвэставаньне ў слабае і постканфліктнае аднаўленьне.

Пятро Парашэнка знаходзіцца зь візытам у Стамбуле, дзе прымае ўдзел у мерапрыемствах Сусьветнага гуманітарнага саміту ААН, а таксама ў шэрагу двухбаковых сустрэч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG