Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы ЗША, як сьцьвярджаецца, шукалі сувязі Пуціна са злачыннымі групоўкамі


Барсукоў-Кумарын ў маскоўскім гарадзкім судзе ў 2012 годзе
Барсукоў-Кумарын ў маскоўскім гарадзкім судзе ў 2012 годзе

Дакумэнты Сноўдэна: Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША спрабавала знайсьці сувязі Пуціна з босам мафіі.

Паводле дакумэнтаў, апублікаваных былым кантрактнікам Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдвардам Сноўдэнам, гэтая выведная служба праслухоўвала лідэра тамбоўскай злачыннай групоўкі Уладзімера Кумарына, каб высьветліць яго магчымыя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Як вынікае зь бюлетэню АНБ, апублікаванага 16 траўня на сайце The Intercept, у 2002-2003 гадах Агенцтва праслухоўвала тэлефон Кумарына, уплыў якога ў 1990-я ў Пецярбургу быў такі, што ён атрымаў мянушку «Начны губэрнатар».

У дакумэнце гаворыцца, што Дзярждэпартамэнт перадаў агенцтву запыт на атрыманьне выведных дадзеных: «высьветліць, ці існавалі якія-небудзь сувязі» паміж тамбоўскай групоўкай і Пуціным, які ў 1990-я гады займаў пасаду намесьніка мэра Пецярбургу.

Апублікаваны дакумэнт, як сьцьвярджаецца, быў у першай падборцы ўнутраных бюлетэняў АНБ за дзевяцігадовы пэрыяд, які сайт The Intercept плянуе апублікаваць. Сузаснавальнік сайту Глен Грынвалд — адзін з двух амэрыканскіх журналістаў, якія атрымалі ад Сноўдэна сакрэтныя дакумэнты Агенцтва нацыянальнай бясьпекі.

Пуціна ўжо даўно абвінавачвалі ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю, якая квітнела ў Пецярбургу, дзе ён вырас і пачаў палітычную кар’еру пасьля распаду Савецкага Саюзу. Крэмль неаднаразова адпрэчваў гэтыя абвінавачваньні.

Кумарын, які цяпер носіць прозьвішча Барсукоў, адбывае 14-гадовы тэрмін зьняволеньня, да якога быў асуджаны ў 2009 годзе па абвінавачваньні ў злачынствах, зьвязаных зь дзейнасьцю яго групоўкі.

Згодна з дакумэнтам Нацыянальнага агенцтва бясьпекі, датаваным 5 траўня 2003 году, спачатку ў агенцтва не было ні нумару тэлефону Кумарына, ні ўзору яго голасу, аднак у рэшце рэшт, дзякуючы «шматлікім месяцам распрацоўкі», быў дасягнуты посьпех — атрыманыя выведныя дадзеныя, заснаваныя на перахопах з тэлефона Кумарына.

Зьмест гэтых выведных дадзеных застаецца незразумелым.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту на запыт Радыё Свабода/Свабодная Эўропа ад 17 траўня аб зьвестках, агучаных сайтам The Intercept, заявіў: «Палітыка Дзярждэпартамэнту — не камэнтаваць канкрэтныя сьцьвярджэньні, якія тычацца выведных дадзеных».

Як адзначалі экспэрты па расейскай арганізаванай злачыннасьці, тамбоўская групоўка і іншыя АЗГ былі настолькі ўцягнутыя ў эканамічнае і палітычнае жыцьцё Пецярбургу 1990-х гадоў, што было практычна немагчыма займацца грамадзкай дзейнасьцю, ня маючы зь імі справы.

Раней у траўні ў Гішпаніі судзьдзя выдаў міжнародны ордэр на арышт некалькіх былых і дзеючых расейскіх чыноўнікаў і палітычных фігур, блізка зьвязаных з Пуціным, — у сувязі са зробленымі ў Гішпаніі злачынствамі, якія ўключаюць забойства, кантрабанду зброі і наркотыкаў, вымагальніцтва і адмываньне грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG