Выступаючы сёньня перад журналістамі ў Кіеве, Сусана Джамаладзінава, якая выступае пад сцэнічным імем Джамала, назвала сваю перамогу «абсалютнай, 100-працэнтнай перамогай музыкі.» Разам з тым, яна ня выключыла, што палітычны фактар на конкурсе прымаецца пад увагу.
Расейскія афіцыйныя асобы выказалі незадаволенасць у сацыяльных сетках, што песьня Джамалы была відавочна палітычнай і павінна была быць забароненая ў адпаведнасьці з правіламі «Эўрабачаньня», якія не дапускаюць палітычнага зьместу ў выступах.
Джамала, 32-гадовая крымская татарка, выйграла конкурс «Эўрабачаньня» 15 траўня зь песьняй аб масавай дэпартацыі крымскіх татар у Савецкім Саюзе падчас Другой сусьветнай вайны. Джамала раней заявіла, што яе песьня таксама зьяўляецца асуджэньнем захопу Крыму Расеяй і рэпрэсій у дачыненьні да крымскіх татараў.
Яна паведаміла, што ня прыме прапанову аб прадастаўленьні ёй расейскага грамадзянства і заявіла, што яе бацькі не даюць інтэрвію расейскім СМІ, хоць прадстаўнікі расейскага тэлебачаньня літаральна сьпяць у іх перад домам.
Крымскія татары складаюць каля 15 адсоткаў двухмільённага насельніцтва Крыму і ў большасьці сваёй асуджаюць захоп Крыму Расеяй.