Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка ў колеравай гаме


Пётра Садоўскі

Водгук на кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе», ад Пётры Садоўскага, мовазнаўцы і дыплямата.

Вядомых публічных асобаў, якія стала карыстаюцца нашай роднай моваю, я ўспрымаю паводле майго суб’ектыўнага каляровага поля (колеры: чорны, чырвоны, зялёны, блакітны, жоўты, карычневы, шэры, саламяны, белы) на плоскасьці агульнай выявы фігуры самой асобы (клясычны від А). Бачыцца ўласна колеравае поле ці плямы (натуральна насычаныя і пункцірна-імітаваныя), інтэнсіўнасьць выяўленьня, месца найбольшай канцэнтрацыі дамінантнага колеру (галава, сэрца, рукі, ногі, іншыя часткі цела), уяўная «тэмпэратура выпраменьваньня» і да т. п. Усё комплексна-умоўнае. Пэўныя колеры адпавядаюць тэмпэрамэнту, ступені гарманічнасьці моўнага выяўленьня, што пэўным чынам люструе стан душы, закамплексаванасьць/гарманічнасьць, магчымасьці быць шчасьлівым у слове.

У асобе з імітаванай моваю я бачу толькі цёмна-карычневыя пункціры на сьветла-саламяным полі, што йдуць ад вяршыні фігуры (там, дзе галава) да рук і ног. Уся чырвань — у нагах і руках. Выконваюцца проста камунікатыўныя дзеяньні. Зялёны, блакітны — амаль адсутнічаюць. Там, дзе лякалізуюцца сэрца, грудзі, «душа» — пераважна жоўта. Колеравае «тэле» праяўляецца незалежна ад жанру.

Уяўляю сабе моўныя каляровыя «рэнтгенаўскія праекцыі» Вінцука Вячоркі: насычаная жыцьцядайная зелень з капілярамі жывой кінавары разьлітая гарманічна ў контурах усяго сылюэту.

Чуйна распавядаючы пра роднае слова і адчуваючы подых іншых моваў — жывых, мёртвых, суседніх, далёкіх — аўтар жыве ў адной моўнай сыстэме. І гэта вызначальна.

Сёньня наша мова набывае абрысы новага аблічча: паяднаньне здабыткаў апошняга літаратурнага стагодзьдзя з новым поглядам на ачышчэньне мовы ад нелінгвістычных нарасьняў. У гэтым фэномэн аўтара і падразгляднай кніжкі. Напісана радасна, кампэтэнтна і з гумарам. Шкада, што я яе ўжо прачытаў у інтэрнэце.

19 траўня ў менскай галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя ўнікальнае кнігі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яе склалі выбраныя праграмы з аднайменнага цыклю, якія аўтар цягам апошніх двух гадоў рыхтаваў для Радыё Свабода.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG