Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыплямаваных бараноў» і «ганарыстых парсюкоў» распладзілі, а вучоба не папулярная


Ганна Кіслушчанка, Уладзіслаў Варановіч, Уладзіслаў Жараў
Ганна Кіслушчанка, Уладзіслаў Варановіч, Уладзіслаў Жараў

Чаму ўсе бацькі імкнуцца абавязкова даць свайму дзіцяці вышэйшую адукацыю, а сама вучоба непапулярная? Чаму бальшыня школьнікаў вучыцца не для таго, каб атрымаць грунтоўныя веды, а дзеля адзнак? Як гэта пераламіць у сьвядомасьці грамадзтва? Як дапамагчы абітурыенту зарыентавацца ў безьлічы прафэсіяў, знайсьці сваё месца ў жыцьці? Пра гэта задумаліся маладыя спэцыялісты, нядаўнія выпускнікі Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка — і стварылі адмысловы праект adukar.by

«Мы не зьбіраемся змагацца з сыстэмай адукацыі»

«Адукар» — гэта спэцыялізаваны сайт, на якім можна знайсьці інтэрнэт-каталёг устаноў адукацыі і адукацыйных праграм; парады, як пасьпяхова падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэставаньня, іспытаў; жывыя гісторыі сапраўдных спэцыялістаў.

«Адукар» — гэта яшчэ і курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэставаньня. Сайт запусьціўся ў сярэдзіне сьнежня, але над кантэнтам працавалі не адзін год. Доўга думалі над назвай, хацелі, каб яна была кароткая і запамінальная. Спыніліся на варыянце «Адукар», хоць разглядалі і «Адукатар», былі і іншыя прапановы. «Адукар» — гэта курсы падрыхтоўкі да ЦТ па ўсіх прадметах.

Ганна Кіслушчанка, Уладзіслаў Варановіч, Уладзіслаў Жараў
Ганна Кіслушчанка, Уладзіслаў Варановіч, Уладзіслаў Жараў

«Мы верым у тое, што шлях школьніка да будучай прафэсіі можна зрабіць прасьцейшым, а сам выбар — лягчэйшым і больш асэнсаваным. Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналёгіі і інтэрнэт, мы імкнёмся скараціць адлегласьць паміж абітурыентамі і навучальнымі ўстановамі, запоўніўшы існуючыя інфармацыйныя прабелы», — так акрэсьліваюць свае мэты і задачы стваральнікі праекту adukar.by.

Сузаснавальнік сайту, выкладчык беларускай мовы і літаратуры адной са сталічных гімназіяў Уладзіслаў Варановіч не хавае амбітных задач:

«Мэта ў нас вялікая — папулярызаваць вучобу, менавіта вучобу, а не адукацыю. Бо ёсьць стэрэатып, што калі ты атрымаў дыплём, значыць, пасьпяховы і разумны. Вось і выходзіць, што ледзьве ня кожны першы мае вышэйшую адукацыю.

Уладзіслаў Варановіч
Уладзіслаў Варановіч

„Дыплямаваных бараноў“ і „ганарыстых парсюкоў“ распладзілі, а вучоба не папулярная. Я сам працую ў школе настаўнікам беларускай мовы. І ведаю з уласных назіраньняў, дый калегі таксама пацьвярджаюць, што дзесьці клясы пасьля шостай дзеці вучацца толькі дзеля адзнакі. Чым вышэйшыя адзнакі, лічбачкі, тым лепш. І бацькі таксама на сходзе пытаюцца: „А чаму вы майму дзіцяці паставілі нізкую адзнаку? Можа, з-за паводзінаў?“ — „Ды не, — кажу. — Паставіў таму, што дрэнна падрыхтаваўся“. Бывае, што дамашнюю работу бацькі зробяць дзеля добрай адзнакі, а на ўроку дзіця нічога ня ведае. Настаўніку ж гэта відавочна. Карацей, вучоба не папулярная.

Сыстэма адукацыі і на мяне ў свой час паўплывала: у мяне былі і добрыя настаўнікі, і кепскія. І я задумаўся: як даць якасную адукацыю ўсім, каб у кожнага быў доступ да якаснай адукацыі? Спачатку задумаліся пра навучальны аспэкт.

Ствараючы гэты праект, мы ня ставілі на мэце выкрываць заганы адукацыі, распавядаць пра праблемы, якія ёсьць у адукацыі. Мы не зьбіраемся ніякім чынам змагацца з сыстэмай адукацыі, акцэнтаваць увагу на праблемах — гэта ня наша мэта. Наша мэта — рабіць якасны кантэнт, паказваць, што ёсьць спэцыялісты, якія, нягледзячы на ўсе праблемы, адвучыліся і сталі сапраўднымі прафэсіяналамі».

Усе 382 навучальныя ўстановы Беларусі ў адным месцы

Стваралі інтэрнэт-партал adukar.by прафэсіяналы, дызайнэры. Але перадусім патрэбна было грунтоўнае напаўненьне, кантэнт. Сабралі зьвесткі пра ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, якіх на сёньняшні дзень у Беларусі 58, пра 324 сярэднія спэцыяльныя і прафэсіянальна-тэхнічныя ўстановы. На сайце поўная інфармацыя: спэцыяльнасьці, праграмы, мапа, кантакты, адрасы навучальных устаноў.

Асобны разьдзел — падрыхтоўка да экзамэнаў і цэнтралізаванага тэставаньня. Пачалася рэгістрацыя на ЦТ — зьявіліся разьдзелы: «Як зарэгістравацца на ЦТ», «Як запоўніць блянк ЦТ і не „налажаць“? Ёсьць каштоўныя парады аўтарытэтаў: „Важная парада пры вывучэньні гісторыі — не зубрыць. Пастарайцеся адчуць, што чытаеце“. „Каб добра здаць ЦТ па матэматыцы, трэба ведаць каля 200 формул“.

Важна працаваць з марамі. Напрыклад, хочаш праграмаваць сайты — на „Адукары“ можна „адфільтраваць“ усе ВНУ, дзе гэтаму вучаць, праграмы адфільтраваныя — іх тут 31.

Уладзіслаў Варановіч, Ганна Кіслушчанка
Уладзіслаў Варановіч, Ганна Кіслушчанка

Карыстаюцца нашым сайтам цяпер больш за 10 тысяч — заходзяць, чытаюць матэрыялы».

Кантэнт сайту пастаянна абнаўляецца. Да прыкладу, нядаўна стала вядома, што ў 2017 годзе зьменяцца правілы прыёму ў ВНУ, і на сайце адразу ж зьявіліся тлумачэньні, што і як будзе.

«Наша мэта — даць дзецям арыенціры, паказаць герояў»

На сайце зьмешчаныя матэрыялы пра папулярныя спэцыяльнасьці і альтэрнатыву ім: правазнаўства, маркетынг.

Праз гісторыі канкрэтных людзей мы распавядаем пра розныя прафэсіі, якімі якасьцямі валодаць трэба, каб стаць, да прыкладу, кардыёхірургам, — кажа Ганна Кіслушчанка, галоўны рэдактар сайта, яна ж выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса «Вожык»:

«Наша мэта — даць дзецям арыенціры, паказаць герояў. Шукаем таленавітых прафэсіяналаў у нейкіх галінах. Напрыклад, нядаўна ў Гомелі знайшлі маладога лекара, аднаго з чатырох кардыёхірургаў, якія робяць найскладанейшыя апэрацыі на адкрытым сэрцы. Яму 30 гадоў. Адмыслова шукаем маладых спэцыялістаў, якія блізкія нашай аўдыторыі, каб паказаць, што стаць прафэсіяналам можна ня толькі, калі 50 гадоў адпрацуеш па спэцыяльнасьці, а і ў маладым узросьце, і самае галоўнае — гэта ўпэўненасьць і мэтанакіраванасьць. Гэта гісторыя, як чалавек прыйшоў да мэдыцыны, пра трэнды ў прафэсіі, наколькі гэтая прафэсія запатрабаваная.

Калі вярталіся з Гомеля, пазнаёміліся ў цягніку з маладым правадніком. Зрабілі матэрыял яшчэ і пра прафэсію правадніка».

Пра журналістыку спачатку і ня думалі, кажа Ўладзіслаў Варановіч:

«Але калі сустрэліся з Ганнай Кіслушчанкай, зь Віялетай Вашчылінай, са Сьвятланай Маславай, Ксеніяй Піўневай, зразумелі, што гэта адно ад аднаго неад’емна. Можна чалавеку расказваць праз кантэнт, праз журналістыку, а можна і вучыць — праз урокі.

Навучыліся займацца мэнэджмэнтам, рэклямай, маркетынгам, анімацыяй, фота- і відэаздымкамі.

«Мы ведаем, як даць магчымасьць якаснай адукацыі ўвайсьці бясплатна ў кожны дом»

Цяпер каманда асвойвае новы кірунак: стварае адукацыйны цэнтар па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэставаньня.

«Мы запрашаем туды маладых пэрспэктыўных настаўнікаў, мэта якіх — менавіта вучыць цікава. Мы пісалі нарыс пра настаўніка матэматыкі Дзьмітрыя Папкова, які выкладае ў адной прэстыжнай гімназіі і якога вельмі любяць дзеці. Дарэчы, ён сам атрымаў 100 балаў па матэматыцы на цэнтралізаваным тэставаньні. А цяпер мы запрасілі яго выкладаць у нас на курсах матэматыку. Але наша мэта шырэйшая, чым проста падрыхтоўка да ЦТ».

Заняткі праходзяць у малых групах — ад 2 да 5 чалавек. Курсы гэтыя платныя, але значна таньнейшыя, чым у іншых камэрцыйных цэнтрах і тым больш чым у рэпэтытараў. Але пакуль няма сродкаў, каб разьвіваць усе кірункі.

Навучаньне можа прыйсьці да кожнага — бясплатна ці амаль бясплатна. ІТ — сфэра вельмі пэрспэктыўная, можна вучыць праз ІТ, тлумачыць Уладзіслаў Варановіч:

«Мы можам прыйсьці ў кожны дом. Напісала нам неяк дзяўчына з рэгіёну, што ў іх няма нармальных курсаў, факультатываў, а рэпэтытары вельмі дорага просяць за заняткі. Падручнікі недасканалыя. Пішуць лісты, пажаданьні: больш даваць праграмаў па біялёгіі, па грамадазнаўстве.

Цяпер травень, гарачая пара, хутка цэнтралізаванае тэставаньне. Мы зрабілі новую рубрыку — «ЦТ онлайн». Даем магчымасьць абітурыентам прайсьці тэст у рэжыме рэальнага часу. Прычым тэст якасны, зроблены настаўнікамі. Пасьля можаш убачыць балы, а таксама правільныя адказы.

Ганна Кіслушчанка
Ганна Кіслушчанка

Разьвіваем рубрыку «Шпаргалка», дзе выкарыстоўваем відовішчную інфаграфіку, малюнкі. Да прыкладу, калі хто не разумее задачу, настаўнік яе тлумачыць, можна некалькі разоў перагледзець ролік.

У бліжэйшых плянах — зрабіць, так бы мовіць, «аўтаматызаванага рэпэтытара», які будзе сачыць за табой, даваць каштоўныя парады, знаходзіць слабыя месцы, падкажа, дзе знайсьці якасны кантэнт. Праграма запамінае, да прыкладу, дзе я раблю памылкі. І потым падказвае: «маўляў, гэты разьдзел ты ведаеш, не марнуй час, лепш зьвярні ўвагу на іншы разьдзел».

Зразумела, што на стварэньне праграмаў, на арганізацыю курсаў патрэбныя сродкі, якіх пакуль бракуе, кажа дырэктар «Адукара» Ўладзіслаў Жараў:

«Ёсьць такі тэрмін — апэрацыйная бясстратнасьць. Гэта калі праект не прыносіць прыбытку, а толькі самаакупляецца. Пакуль мы нічога не зарабляем. Але ведаем, куды рухацца далей, як зарабляць.

Ёсьць моцныя арганізацыі, якія імкнуцца таксама разьвіваць адукацыю — EPAM, іншыя кампаніі, якія ўваходзяць у Парк высокіх тэхналёгіяў. Будзем весьці зь імі перамовы. Імкнёмся шукаць такіх інвэстараў. Мэта — даць магчымасьць якаснай адукацыі ўвайсьці бясплатна ў кожны дом».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG