Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чачэнец, які скардзіўся Пуціну на Кадырава, вымушаны хавацца


Рамазан Джалалдзінаў
Рамазан Джалалдзінаў

Прэс-сакратар кіраўніка Чачні Рамазана Кадырава Альва Карымаў заявіў, што нічога ня ведае пра падпал дома Рамзана Джалалдзінава, які ў відэазвароце да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна паскардзіўся на дрэнныя дарогі і карупцыю ў рэспубліцы. Ён таксама выказаў сумнеў, што падпал меў месца.

«Перакананы, што пажару не было. Гэта горнае сяло, там нават калі 50 тонаў бэнзіну прынесьці, дык як можна спаліць дом, складзены з каменьня?» — заявіў Карымаў у інтэрвію «Газете.ру».

Пра падпал дома Рамазана Джалалдзінава паведаміла ягоная жонка. Яна распавяла, што ў ноч на 13 мая людзі ў масках зайшлі ў іх дом, пасадзілі яе і дзяцей у машыну, пасьля чаго «кінулі іх пад мостам». Сам дом нападнікі падпалілі. «Жыхарам вёскі забаранілі гаварыць на гэтую тэму, прыстрашыўшы падпалам іх дамоў», — удакладніла жонка Джалалдинова.

Сам Джалалдзінаў распавёў тэлеканалу «Дождж», што перад падпалам хаты да яго прыйшоў начальнік МУС па Шаройскім раёне Мусьлім Ісаеў. Паводле яго, Ісаеў асабіста вывеў яго сям’ю з дому. «Ён сказаў, што калі Рамазан Джалалдзінаў ня прыйдзе і ня будзе стаяць на каленях перад Кадыравым, дык з кожным кенхійцам будзе тое самае», — заявіў Джалалдзінаў.

Старшыня расейскага Камітэту па прадухіленьні катаваньняў Ігар Каляпін у інтэрвію «Адкрытай Расеі» назваў падпал дому Джалалдзінава «дзяржаўным тэрарызмам».

У сваім відэазвароце да прэзыдэнта Рамазан Джалалдзінаў на фоне паўразбураных дамоў і вуліц, якія патрабуюць рамонту, распавёў пра тое, што за ўсе гады мірнага жыцьця пасьля другой чачэнскай вайны фэдэральныя грошы так і не дайшлі да вёскі. За любыя субсыдыі з Масквы людзей прымушаюць плаціць чыноўнікам «адкаты» памерам траціны сумы.

Неўзабаве пасьля таго, як відэазварот да прэзыдэнта быў апублікаваны, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што ўся выкладзеная Джалалдзінавым інфармацыя — хлусьня. 1 траўня 56-гадовы чачэнец паскардзіўся на Кадырава генпракурору Расеі Юрыю Чайку.

Рамазан Джалалдзінаў пакінуў Чачню, баючыся перасьледу, і цяпер знаходзіцца ў Дагестане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG