Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыёглушылкі ў Горадні здадуць на мэталалом


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сталёвыя канструкцыі былых глушылак не працуюць. Патрэбныя грошы, каб іх дэмантаваць.

Інстытут «Гроднагіпрабуд» распрацаваў праект дэмантажу ўсіх чатырох радыёмачтаў (дзьве высокія, дзьве ніжэйшыя ўдвая – разам складаюць гэты аб'ект).

Калі я прыехаў у Горадню, закончыўшы журфак (1984), глушылкі ўжо былі. Выносістыя, не заўважыць немагчыма. Здавалася, яны заўсёды стаялі на месцы – зьлева пры ўезьдзе ў горад. Аказалася, што не: іх толькі што пабудавалі. Нібы да майго прыезду. Але яшчэ не настроілі абсталяваньне. Быццам адчувалі, што мы студэнтамі слухалі Язэпа Барэйку на «Свабодзе», і я буду зноў круціць ручку рэгулятара. Але беларускую «Свабоду» глушылі салідна, не шкадуючы, у Горадні ўкраінскую было звычайна лепей чуваць.

Называліся гарадзенскія глушылкі сакрэтным «Аб’ектам 5-16».

Адзін стары журналіст прыгадаў нядаўна, што іх праектаваў вядомы спэцыяліст, які прыдумаў перасоўныя глушылкі для Новай Зямлі ў Ледавітым акіяне. Мне ўяўлялася фантасмагарычная карціна: іх цягае на плятформе лякаматыў туды-сюды. Сьнежная бязьлюдная пустэльня. А маразы такія, што рэйкі лопаюцца. Але нічога ня зробіш: партыя дала заданьне — не дазволіць аленеводам слухаць безь перашкоды «Голас Амэрыкі». Месца там, між іншым, сакрэтнае было — ядзерны палігон. Пры Хрушчове ўзарвалі вадародную «цар-бомбу», якіх сьвет яшчэ ня бачыў.

Карыфею савецкіх глушылак у Горадні спадабалася значна больш, чым на сьцюдзёнай Новай Зямлі, дзе хавалі адпрацаванае ядзернае паліва і ажыцьцявілі 132 выбухі. Мне ня цяжка ўявіць, як ён дазволіў сабе расслабіцца, пабаляваць у рэстаране «Беласток» (зарабляў на зайздрасьць іншым) і як яму не хацелася пакідаць даволі ўтульны, у меру «старынны» горад на рацэ.

Пры Мікіту Сяргеевічу пасьпелі пабудаваць 1400 глушылак. Які размах! Колькі яны вымагалі электраэнэргіі, мама дарагая. Але грошай не лічылі. Глушылкі былі для партыі сярод рэчаў першай неабходнасьці. Няхай псавалі радыёперадачы толькі прыблізна на пяцьдзясят адсоткаў, але таксама не абы які вынік! Давалі па вушах тым, каму не хапала праграмы «Время».

Нядаўна памёр Сяргей Ханжанкоў, які марыў узарваць глушылкі ў цэнтры Менску. І вось навіна — гарадзенскія чакае дэмантаж. Дый радыёстанцыі спыняюць эфір, застаюцца толькі ў інтэрнэце, як зрабіла, напрыклад, раней расейская служба Бі-Бі-Сі. Так, сыходзіць, можна сказаць, эпоха.

Але самі глушылкі як зьява застануцца. У анэксаваным Крыме начальства затурбавался ўкраінскімі радыёперадачамі. У Крым перакінулі найноўшыя расейскія вайсковыя глушылкі, перасоўныя. На мове вайскоўцаў: мабільныя комплексы радыёэлектроннай барацьбы. У сучасных умовах падобныя прыстасаваньні выкарыстоўваюцца, напрыклад, і для глушэньня мабільнай сувязі.

Колькі яшчэ прастаяць савецкія глушылкі ў Горадні, невядома. Для дэмантажу, відавочна, спатрэбіцца гелікоптэр. Месца, дарэчы, выбралі для іх знакамітае: побач былая загарадная сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай, маляўнічы бераг Нёмна, самы новы мост цераз раку.

Гарадзенскія глушылкі чакае дэмантаж
Гарадзенскія глушылкі чакае дэмантаж

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG