Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руся: "Звычайнаму чалавеку пофігу на беларускую мову"


Руся
Руся

Нават калі вы ніколі яе ня бачылі, вы пэўна ведаеце яе голас. Ужо больш за год голасам Русі гучаць абвесткі на беларускіх вакзалах.

Раней рок-бунтарка з каронай князёўны, а цяпер прынцэса з архаічнай беларускай казкі — фронтвумэн этнаэлектроннага праекту Šuma расказала Свабодзе пра стаўленьне да беларускай мовы, Эўрабачаньня, патрыярхальных традыцыяў, сучаснага шоўбізу і Міхалка. А таксама распавяла пра падрыхтоўку канцэрту, які пройдзе неўзабаве ў ангары «Хуліган», што на галоўнай хіпстэр-вуліцы Менску.

«Ня ведаю, ці ёсьць сэнс падкрэсьліваць беларускасьць праз вопратку»

— Руся, вы вельмі стылёвы чалавек. Можа, падзеліцеся сакрэтам?

— Насамрэч, стыль — гэта маё слабое месца. І я не магу неяк яго акрэсьліць. І ўвогуле лічу сябе чалавекам з даволі кволым густам у адзеньні і ў разуменьні стылю. Клясна, што людзі не заўважаюць гэтага. Часам я раюся зь сяброўкамі — што да чаго пасуе, што цяпер у трэндзе.

— На вас вельмі арыгінальныя завушніцы-калье... Гэта сяброўкі параілі?

— Усялякія прыгожыя рэчы самі знаходзяць мяне. Напрыклад, на мне пярсьцёнак, які фактурай нагадвае кару дрэва, — гэта падарунак жанчыны са Швайцарыі, у якой мы спыняемся, калі там гастралюем. Паліто, якое на мне, — падарунак ад беларускай дызайнэркі Наташы Цуран. Яна ж рыхтуе строі для прэзэнтацыі нашага альбому «СОНЦА». Арыгінальныя завушніцы — праца рук майстра аксэсуараў Натальлі Паўлоўскай. Як бачыце, прыгожыя рэчы прыцягваюцца адна да адной.

— У вас жа ёсьць татуіроўкі зь беларускім арнамэнтам...

— Так. Зрабіць іх было маім сьвядомым рашэньнем. Калі я іх рабіла, то перасьледавала дзьве мэты. Па-першае, як чалавек, які займаецца архаічным пластом культуры, я з разуменьнем стаўлюся да тэмы энэргетычнага ўзаемадзеяньня чалавека і космасу. Таму мае татуіроўкі — гэта абярэг. Па-другое, гэта напамін. У маіх тату адлюстравана тое, што мяне хвалюе больш за ўсё ў жыцьці, — сувязь з продкамі, веснавое абуджэньне зямлі і энэргія сонца, павага да мужа і моцная сям’я. Гэтыя тату — мая ахова. Робячы іх, я яшчэ вельмі хацела запусьціць трэнд на татуіроўкі зь беларускім арнамэнтам. Цяпер я бачу, што гэта ўдалося. Гэтыя тату мне зрабіў Алесь Таболіч, пасьля было шмат інтэрвію на гэтую тэму, прайшло літаральна паўгода — і людзі актыўна сталі пераймаць такі від татуіровак.

«Беларускі свабодныя і разьняволеныя, мне гэта падабаецца»

— Дарэчы, пра павагу да мужа. У межах архаічнай культуры, якую вы папулярызуеце, роля жанчына другасная, залежная ад мужчыны. Што рабіць сучасным беларускам? Ці могуць яны быць, напрыклад, фэміністкамі?

Традыцыйная культура добрая тым, што ў той сыстэме было вельмі лёгка расплянаваць сваё жыцьцё. А цяпер людзі абсалютна свабодныя ў сваім выбары — і гэта драма, бо выбар трэба рабіць штодзённа і несьці за свой выбар адказнасьць.

— Вядома, могуць. Але паглядзіце, што цяпер робіцца з інстытутам сям’і, са шлюбам. Цяпер усё вельмі размыта. Людзі жывуць у палігамных саюзах, у свабодных шлюбах, хутка зьмяняюць партнэраў, спрабуюць некалькі шлюбных стасункаў запар. Традыцыйная культура добрая тым, што ў той сыстэме было вельмі лёгка расплянаваць сваё жыцьцё. А цяпер людзі абсалютна свабодныя ў сваім выбары — і гэта драма, бо выбар трэба рабіць штодзённа і несьці за свой выбар адказнасьць. Гэта цяжка, значна прасьцей упісацца ў традыцыйную схему і па кроку ісьці ад нараджэньня да сьмерці. Што да сучаснай беларускі, то яна мне бачыцца вельмі свабоднай, яна вольная выбіраць: фрылансэр ці офісны супрацоўнік, нараджаць дзяцей ці не нараджаць, выходзіць замуж ці заставацца сынглам. Мне гэтая свабода сярод беларускіх жанчын вельмі падабаецца.

«Мода на арнамэнты хаатычная, але гэта ня страшна»

— Ну добра, вернемся да арнамэнтаў. Стварыўшы старонку зь бясплатнымі эскізамі нацыянальных сымбаляў, вы моцна спрычыніліся да старту вышыванка-буму. Арнамэнты ўзялі на ўзбраеньне шэраг ініцыятыў, якія займаюцца выпускам адзежы і сувэніраў. Арнамэнты зьявіліся ў эфіры тэлебачаньня Менсктрансу. Увогуле ці задаволеныя вы, як гэта пайшло ў людзі?

— Сайт мы рабілі зь беларускамоўнымі праграмістамі, з супрацоўнікамі Веткаўскага музэю, з прафэсійнымі дасьледчыкамі-кансультантамі. І сапраўды, мэтай было запусьціць бум на сымбалі. Наша традыцыйная культура пакрысе зьнікае. І вельмі шкада, таму што гэта культура неверагоднай, неймавернай глыбіні. Удзельнікам Šuma хочацца захаваць тое, што пасьпеем і здолеем, таму мы прыдумалі сайт і зрабілі яго. Мы так і прагназавалі, што калі дамо бясплатны доступ да эскізаў сымбаляў, то іх атрымаецца зрабіць больш-менш папулярнай тэмай. Так і сталася. Але ёсьць іншы аспэкт — любы бум заўсёды напачатку хаатычны. Цяпер сымбалі на завушніцах, на магнітах, на кубках, на майках — паўсюль. І гэта крута! Любы чалавек, які займаецца культуралёгіяй, разумее, што калі цяпер гэта хаатычна, то з часам нешта выкрышталізуецца. Цяпер людзі крыху неахайна ставяцца да сымбаляў. Але гэта абавязковы пэрыяд.

— Ці абвінавачваюць вас у спрашчэньні значэньняў сымбаляў?

Якраз спрашчэньне і бясплатны доступ сталі прычынай таго, што людзі захацелі даведацца пра традыцыйную культуру Беларусі больш.

— Так. Але мусім пагадзіцца, што цяпер нікому не цікава чытаць энцыкляпэдычныя выкладкі пра той ці іншы сымбаль. У той жа час у чалавека ёсьць жаданьне маркіраваць сябе як носьбіта беларускасьці. Якраз спрашчэньне і бясплатны доступ сталі прычынай таго, што людзі захацелі даведацца пра традыцыйную культуру Беларусі больш. Так, нас напачатку абвінавачвалі навукоўцы, яны выступалі ў СМІ і нават пісалі прыватныя лісты з прэтэнзіямі. Нас нават, як кажуць, «выклікалі на дыван». Але прайшоў час, і шмат хто з навукоўцаў пагадзіўся з нашай стратэгіяй. Час паказвае, што мы мелі рацыю. Праз дасяжнасьць сымбаляў шмат хто зацікавіўся тэмай традыцыйнай беларускай культуры.

«Магу за 10 гадзін навучыць чалавека карыстацца голасам»

— Апроч кар’еры сьпявачкі, вы маеце і іншую сфэру дзейнасьці, якая, зрэшты, таксама моцна зьвязаная з вакалам. Руся, што такое дызайнэр голасу?

— Дызайнэр голасу — гэта спэцыяліст, які займаецца разьвіцьцём моўнага апарату. Калі чалавек хоча займець стройнае цела, ён ідзе да фітнэс-трэнэра. А ёсьць трэнэр, які займаецца фітнэсам не ўсяго цела, а толькі моўнага апарату. Я такі трэнэр. Я магу любому чалавеку паказаць, як працуе голас яго, як псыхіка адбіваецца на якасьці гуку, як можна кіраваць голасам, якія чалавек мае вакальныя магчымасьці. Калі мой вучань засвойвае інструмэнтар, ён можа абіраць для сябе любы вакальны імідж і фармаваць любы вобраз у залежнасьці ад сытуацыі. Гэта вельмі цікавая прафэсія. І тут няма нічога агульнага з папулярнымі цяпер курсамі акторскага ці аратарскага майстэрства. Мая праца з голасам — гэта не пра лёгіку выступу ці моцную аргумэнтацыю, а пра магчымасьці голасу і кантролю. Апошнія 6 гадоў я распрацоўваю ўласную мэтодыку, якая дазваляе за 10 гадзін заняткаў выцягнуць з голасу ўвесь яго патэнцыял і паказаць чалавеку, як голасам можна кіраваць. Таму, калі ёсьць мэта клясна гучаць — гэта, па сутнасьці, справа дзесяці заняткаў.

— Хто кліенты?

— Бізнэсоўцы, палітыкі, жанчыны, якія хочуць валодаць прыгожым мяккім голасам. А таксама людзі, якіх цікавіць самаразьвіцьцё і ўдасканальваньне.

— Вы — голас беларускіх вакзалаў. «Паважаныя пасажыры... » і іншыя абвесткі агучаныя вамі. Ці пазнаюць вас па голасе?

— Бывае такое. А аднойчы на вакзале ў Горадні мне трэба было тэрмінова купіць квіток, але заставалася вельмі мала часу да адпраўленьня цягніка. Фактычна было ўжо немагчыма гэта зрабіць. Тады я падышла да касы і сказала гэтым фірмовым голасам, што я агучваю аб’явы на вакзале. І мне прадалі квіток. Увогуле, я ж агучваю ня толькі вакзалы, але і займаюся дубляжом фільмаў на беларускую мову, запісваю рэкляму. Я вельмі шчасьлівая, што ўся мая дзейнасьць будуецца ў галіне вакалу і музыкі.

«Ніхто зь беларусаў не зрабіў рыўка ў кар’еры пасьля ўдзелу ў Эўрабачаньні»

— Кажучы пра музыку. Руся, чаму вы ня ўдзельнічаеце ў адборы на Эўрабачаньне?

— Таму што там мафія, якая не пускае незалежных артыстаў. Калі шчыра, нас, праект Šuma, мала цікавіць Эўрабачаньне. Я ня ведаю, каб нехта зь беларускіх артыстаў пасьля ўдзелу ў Эўрабачаньні пачаў крута разьвівацца ў шоўбізе. Увогуле не люблю тэму Эўрабачаньня, нават ня ведаю, што там адбываецца і хто будзе сёлета Беларусь прадстаўляць.

— Зразумела з Эўрабачаньнем. А ці выступілі б на Дні гораду, «Славянскім базары»?

— Мы часам выступаем на Днях гораду, з задавальненьнем робім канцэрты для людзей у парках. Запрашаюць гарадзкія ўлады, просяць пасьпяваць народныя сьпевы. Атрымліваюцца вельмі прыгожыя канцэрты.

— Наколькі музычная сфэра палітызаваная ў Беларусі? Чаму музыкі, якія граюць на «Басовішчы», ня маюць магчымасьці трапіць на «Славянскі базар»?

Сёньня дробныя, малапрыбытковыя пляцоўкі даступныя для ўсіх артыстаў. Калі пачынаецца гаворка пра вялікія канцэрты, тэлебачаньне — усё тое, што можа манэтызаваць дзейнасьць артыста, — тады пачынаюцца праблемы.

— «Басовішча» і «Славянскі базар» — гэта розныя фарматы. На адным — рокавыя музыкі, на другім — эстрадная поп-музыка. Ня бачу сэнсу параўноўваць гэтыя фэстывалі. Калі казаць пра палітызаванасьць сцэны, то ўсё залежыць ад фармату і ад канкрэтнага выпадку. Напрыклад, вельмі лёгка зрабіць канцэрт у Батанічным садзе, калі вы, вядома, не панк-рок гурт, чыя аўдыторыя разьнясе ўсё вакол ушчэнт. Сёньня дробныя, малапрыбытковыя пляцоўкі даступныя для ўсіх артыстаў. Калі пачынаецца гаворка пра вялікія канцэрты, тэлебачаньне — карацей, усё тое, што можа манэтызаваць дзейнасьць артыста, — тады пачынаюцца праблемы.

— Чаму ня могуць праводзіць канцэрты нават у дробных клюбах Зьміцер Вайцюшкевіч, «Дзецюкі»?

— На жаль, у нашай краіне любыя канатацыі зь беларусізаванасьцю ўспрымаюцца ўладамі як «апазыцыйнасьць, БНФ, змагары». Ёсьць такі стэрэатып: што зьвязана зь беларускай мовай, тое апазыцыйнае. Калі казаць пра «Дзецюкоў», то яны адкрыта палітызаваныя. А Вайцюшкевіч — не, наадварот вельмі мяккі. Але праз тое, што ён сьпявае па-беларуску і ў мэдыях прэзэнтуе сябе па-беларуску, разважае ў інтэрвію пра палітычны лёс краіны і іншае — у Зьмітра склаўся адпаведны імідж. Ёсьць жа песьні па-беларуску і на «Славянскім базары», але ніхто не забараняе гэтых артыстаў. Чаму? Таму што для іх прасьпяваць беларускую песьню — гэта праца. А Вайцюшкевіч, «Дзецюкі» — сьвядома абралі беларускамоўны шлях, жывуць беларушчынай ня толькі на сцэне, для іх гэта жыцьцё, і гэты факт насьцярожвае чыноўнікаў. Таму яны дзейнічаюць асьцярожна і перастрахоўваюцца «ад граху далей». Вось не дазволілі правесьці канцэрт памяці Ганны Вольскай. Прыкра.

«Я была максымалісткай у пытаньні мовы, але цяпер такога няма»

— Як можна ахарактарызаваць ваш шлях — творчы і жыцьцёвы? На сцэне вы сьпяваеце па-беларуску, але вось нядаўна было інтэрвію на тэлеканале СТВ, дзе вы гаварылі з журналісткай па-расейску, хоць, напэўна, маглі б і па-беларуску.

Я ўпэўненая: калі ня ціснуць навязьліва і палка тэму беларускай мовы, то можна хутчэй атрымаць прыязнае стаўленьне расейскамоўнай аўдыторыі да беларускай мовы.

— У гэтым пляне я білінгва. У сям’і гавару па-беларуску. У жыцьці ўсё залежыць ад сытуацыі. Часам прыходзіш на тэлебачаньне і кажаш, што хацеў бы па-беларуску адказваць. Але вядоўца просіць пагадзіцца з тым, што аўдыторыя на 90% складаецца з расейскамоўных, і, значыць, калі ёсьць жаданьне дасягнуць максымуму ад інтэрвію, лепей выкарыстоўваць расейскую мову. Я ня бачу ў гэтым праблемы, для мяне гэтае пытаньне не стаіць так востра, як тое было ў часы гурту Indiga, калі мы былі тыповымі змагарамі, у тым ліку і за беларускую мову. Цяпер такога няма, я стаўлюся да моўнага пытаньня больш спакойна. Я разумею культуралягічныя і лінгвістычныя працэсы ў нашай краіне. Я разумею, што калі трэба выйсьці да шырокай аўдыторыі, трэба карыстацца дзьвюма мовамі. Я ўпэўненая: калі ня ціснуць навязьліва і палка тэму беларускай мовы, то можна хутчэй атрымаць прыязнае стаўленьне расейскамоўнай аўдыторыі да беларускай мовы. Шкада, але цяпер беларуская мова страціла сваю камунікатыўную функцыю — вельмі мала людзей карыстаюцца ёй. І хто гэта робіць? Інтэлігенцыя, тыя, хто паходзіць зь сем’яў пісьменьнікаў. Звычайнаму чалавеку пофігу на гэтую мову. Мы ў такім становішчы, што людзі ня ведаюць, як зарабіць грошай і пракарміць сям’ю, а ўсе культуралягічныя працэсы актуальныя толькі тады, калі чалавек сыты.

«Міхалок усё робіць правільна, але другога Лявона Вольскага ў нас ня будзе»

— Вы кажаце, што беларуская мова часта асацыюецца з апазыцыйнасьцю. Возьмем Сяргея Міхалка і Brutto. У іх ёсьць расейскамоўныя песьні, якія ўжо сталі новымі гімнамі супрацьстаяньня, а канцэртная дзейнасьць забароненая ў Беларусі. У чым тут сэнс?

— Яны забароненыя ў Беларусі не таму, што яны сьпяваюць па-беларуску, а таму, што мэдыйная стратэгія лідэра гурту — палітычна-агрэсіўная. Справа ня ў тэкстах песень, а ў тым, якія інтэрвію дае Міхалок. І я разумею, што ён робіць гэта асэнсавана. Гэта вельмі клясная мэдыйная стратэгія. Мне падабаецца і яе вынік, і тое, як прадаецца гурт.

— Што ўвогуле адбываецца ў беларускай музыцы? Ці стане Brutto новым N.R.M.?

— Пазыцыя флягмана, якім раней быў Лявон Вольскі, размываецца, зьнікае. Мы цяпер маем вельмі шырокі спэктар музычнай інфармацыі, таму вельмі цяжка сканцэнтравацца на кімсьці адным. Я думаю, што адзінага музычнага лідэра больш у Беларусі ня будзе.

«Новы альбом Šuma — клюбны і павінен спадабацца дыджэям»

— Цяпер актыўна рыхтуецца шырокая прэзэнтацыя вашага новага альбома. У інтэрнэце ўжо зьявілася поўная вэрсія кампазыцыі «Лосю». Чым новы альбом будзе адрозьнівацца ад папярэдняга — «Жніва»?

Шараговага слухача трэба вельмі доўга рыхтаваць да таго, каб ён спакойна ўспрыняў тое, як гучыць традыцыйная песьня. Гэтая старажытная культура псыхічна такая моцная, што часам можа ўзьдзейнічаць на асобу вельмі нечакана.

— Наша фішка — і гэта тое, што аб’ядноўвае два альбомы Šuma, — у тым, каб сьпяваць народныя сьпевы, але ня дзікімі палявымі галасамі. Справа ў тым, што шараговага слухача трэба вельмі доўга рыхтаваць да таго, каб ён спакойна ўспрыняў тое, як гучыць традыцыйная песьня. Гэтая старажытная культура псыхічна такая моцная, што часам можа ўзьдзейнічаць на асобу вельмі нечакана — нехта пачынае плакаць, некага трасе, нехта сьмяецца ці адчувае нешта падобнае да зьмененага стану. Я хачу сказаць, што такія глыбінныя рэчы моцна чапляюць чалавека ў псыхічным пляне. Дык вось каб пазьбегнуць гэтага, мы прыбралі архаічную манеру сьпеваў і замянілі яе на мяккае выкананьне, звыклае для сучаснага слухача. Такім чынам, чалавек, сьпяваючы з намі, сам таго не ўсьведамляючы, становіцца носьбітам беларускай архаічнай песьні: слухаеш Šuma, падпяваеш гурту дома, пакрысе вучыш тэкст і мэлёдыю, а потым выключаеш гук, сьпяваеш сам — і раптам ты ўжо ведаеш традыцыйны сьпеў. Клясна ж!

Гэтага мы і хацелі дасягнуць. У чым жа розьніца паміж альбомамі? У першым — складаныя кампазыцыі і некранутыя мэлёдыі сьпеваў. Ён складаны для ўспрыманьня і зроблены для мэляманаў. Другі альбом — танцавальны, клюбны, зроблены прасьцейшым па форме, і ўвесь альбом вытрыманы ў адным тэмпе. Яго будзе лёгка граць дыджэям — такі быў наш разьлік.

— 27 траўня ў ангары «Хуліган» адбудзецца канцэрт-прэзэнтацыя новай праграмы «Сонца». Чаго вы чакаеце?

У нашай Šuma-камандзе ўсе вельмі аўдыёзалежныя людзі. І таму асноўнае, пра што мы дбаем, — гэта якасьць гуку.

— Гэта будзе вялікі, якасны канцэрт. У нашай Šuma-камандзе ўсе вельмі аўдыёзалежныя людзі. І таму асноўнае, пра што мы дбаем, — гэта якасьць гуку. Каб чалавек, які любіць кайфануць ад басоў ці паслухаць празрыстыя вярхі, — прыйшоў і атрымаў тое, што яму трэба. Так выходзіць, што сабекошт канцэрту настолькі вялікі, што я проста не ўяўляю, колькі нам сабраць людзей, каб мы хаця б выйшлі ў нуль. Але насамрэч каманда ня думае пра грошы, мы проста хочам зрабіць вельмі клясны канцэрт — са сьвятлом, зь візуалам, зь цікавымі фішкамі, з супэрклясным гукам. Вядома, што ўсё, што якасна, вельмі дорага каштуе. А краіна цяпер ў эканамічнай с...

«У беларусаў застаецца ідэйны складнік, таму яны моцна нам дапамагаюць»

— Дык а дзе вы знаходзіце фінансаваньне на ўсю гэтую звыш’якасьць?

— Знаходзім дзякуючы моцнаму ідэйнаму складніку, які яшчэ пакуль ёсьць у Беларусі, але якога ўжо няма ў капіталістычных краінах. Тут вельмі шмат людзей, якіх цікавяць ня грошы, а ідэі, сацыяльныя мэты. Гэта такі пост-смак Савецкага Саюзу. Такія ідэйныя людзі вельмі моцна падтрымліваюць Šuma. Калі б вы ведалі, які штат людзей працуе на ўсё гэта, вы б зьдзівіліся. Гэта зусім ня тры чалавекі, якіх вы бачыце на сцэне, а, можа, трыста тры. Пасьля канцэрту мы звычайна распавядаем сваёй аўдыторыі праз сацсеткі пра ўсіх людзей, якія працавалі над тым, каб канцэрт адбыўся, і іх колькасьць уражвае. Šuma — гэта не звычайны музычны гурт, гэта сацыяльна-культурная зьява, яна аб’ядноўвае прагрэсіўных людзей, якія праз сучасныя мастацкія сродкі так ці інакш захоўваюць і разьвіваюць традыцыйную культуру Беларусі, працягваючы яе жыцьцё ў сучасным сьвеце.

Калі б не было такой падтрымкі, мы б ня здолелі ні альбомы запісваць, ні канцэрты рабіць. Ну і вядома, што кожнаму з гэтай вялізнай каманды трэба падарыць па аднаму-два квіткі за дапамогу — і глядзіш, ужо і прадаваць няма чаго (сьмяецца. — РС). Так што будзе не канцэрт, а вялікі тусіч аднадумцаў. То далучайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG