Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 11 траўня: перазахаваньне баявога экіпажу, кніга пра Маўра і Коласа, сто гадоў «тэорыі адноснасьці»


Альбэрт Эйнштэйн
Альбэрт Эйнштэйн

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў зьбірае журналістаў, каб расказаць пра асаблівасьці сёлетняй кампаніі паступленьня ў навучальныя установы. (Нацыянальны прэс-цэнтр, пачатак а 12-й).

У дзень нараджэньня Янкі Маўра пройдзе прэзэнтацыі кнігі «Доўгая дарога ад дому Янкі Маўра да дому Якуба Коласа». Яе напісала Натальля Міцкевіч, дачка Янкі Маўра і нявестка Якуба Коласа. (Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук, пачатак а 16-й).

У Баранавічах і Віцебску — чарговыя заняткі курсаў «Мова нанова».
(Баранавічы, вул. Штакераў 2а, Віцебск, вул. Леніна, 53, пачатак а 18:30).

У Берасьці на гарнізонных могілках адбудзецца перазахаваньне астанкаў 7 савецкіх лётчыкаў, якія загінулі 16 ліпеня 1944 году, выконваючы баявое заданьне на амэрыканскім самалёце «Мітчэл». Астанкі экіпажу былі знойдзеныя ў траўні 2015 году каля вёскі Неплі Берасьцейскага раёну.

У гісторыі

1855 — заснаваны Віленскі музэй старажытнасьцяў.

1916 — Альбэрт Эйнштэйн упершыню публічна прадставіў сваю тэорыю адноснасьці.

1927 — заснаваная Амэрыканская акадэмія кінамастацтваў. Першым прэзыдэнтам Акадэміі стаў актор Дуглас Фэрбанкс, які запрапанаваў заснаваньне прэміі, вядомай пад назвай «Оскар». Першая ўрачыстасьць прысуджэньня «Оскараў» адбылася ў 1929.

1928 — у Нью Ёрку пачалося рэгулярнае трансьляваньне тэлеперадач.

1955 — у Варшаве пачалася нарада васьмі краінаў сацыялістычнага блёку, якая завяршылася стварэньнем Варшаўскай дамовы.

1994 — у Тураве ўстаноўлены помнік Кірылу Тураўскаму.

2011 — у Менску пачаўся судовы працэс над былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Міколам Статкевічам і Дзьмітрыем Вусам, а таксама ўдзельнікамі Плошчы Андрэем Пазьняком, Аляксандрам Класкоўскім, Аляксандрам Квяткевічам, Арцёмам Грыбковым, Дзьмітрыем Буланавым. Усіх іх абвінавацілі ў масавых беспарадках.

У памяці

1883 — нарадзіўся беларускі пісьменьнік Янка Маўр (пам. 1971).

1904 — нарадзіўся Сальвадор Далі, гішпанскі мастак-сюррэаліст (пам. 1989).

1947 — нарадзілася беларуская паэтэса Раіса Баравікова.

1981— памёр Боб Марлі, ямайскі музыка і кампазытар (нар. 1945).

1990 — памёр расейскі пісьменьнік Венядзікт Ерафееў (нар. 1938).

Цытата

Вы маю неспакойнасьць уважце.
Людзі добрыя, гэта ж — вясна!
Маладое, трывожнае шчасьце,
Недапітая радасьць да дна.

Вашы мілыя твары — ня маскі!
У вачах я вясну пазнаю...
Людзі добрыя, нельга бяз ласкі,
Дык уважце пяшчоту маю!

Раіса Баравікова. Зь нізкі «Вясна дыктуе мне радок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG