Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія 3 гады з Расеі выслалі больш за паўмільёна мігрантаў


Юрысты камітэту «Грамадзянскае садзейнічаньне», які займаецца дапамогай мігрантам у Расейскай Фэдэрацыі, сьцьвярджаюць, што адміністрацыйныя выдварэньні працоўных мігрантаў і ўцекачоў з Расеі ў апошнія тры гады набылі характар «масавага выгнаньня».

Паводле іх, за апошнія 3 гады з Расеі былі высланы больш за паўмільёна (513,3 тыс.) мігрантаў. У 2013 годзе колькасьць такіх справаў вырасла ўтрая ў параўнаньні з 2012 годам і склала 137,1 тыс. У 2014 годзе — 198,4 тыс., у 2015 годзе — 177,8 тыс.

Траціна ўсіх мігрантаў была выслана з Масквы. Усяго на Маскву, Падмаскоўе, Санкт-Пецярбург і Ленінградзкую вобласьць прыходзіцца больш за 50% усіх рашэньняў аб выдварэньні, якія выносяцца ў Расеі. Юрысты камітэту зьвяртаюць увагу на тое, што за апошні год у Расеі ў цэлым сталі высылаць мігрантаў менш — на 15%. Але ў Маскве ніякага зьніжэньня не было зафіксавана.

Нярэдка правы мігрантаў пры высылцы парушаюцца. Бывае, што мігрантаў выдвараюць, калі ў іх не аказваецца пры сабе неабходных дакумэнтаў. Справы аб выдварэньні ў сярэднім у судах разглядаюцца хутка і без дастатковага вывучэньня. Разгляд нярэдка доўжыцца тры-пяць хвілін, часам — калектыўна, часам наогул не абвяшчаецца ні пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, ні вынесенае судовае рашэньне.

«Былі зафіксаваныя выпадкі, калі судовае паседжаньне як такое і зусім не праводзілася. Замест яго прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасьці замежным грамадзянам проста выносіліся ўжо гатовыя копіі рашэньняў судзьдзі» — падкрэсьліваецца ў дакладзе «Грамадзянскага садзейнічаньня».

Абсалютным лідэрам па колькасьці справаў аб дэпартацыі летась аказаўся Чартанаўскі раённы суд і судзьдзя Андрэй Васільеў. Са студзеня па чэрвень 2015 гады ён разгледзеў больш за 2,5 тысячы адміністрацыйных справаў, зь якіх каля 95% складалі справы аб дэпартацыі.

«У сярэднім судзьдзя Васільеў разглядаў каля 22 справаў кожнага працоўнага дня. У асобныя дні судзьдзя Васільеў вынес больш за 60 рашэньняў, што склала прыкладна 7 разглядаў у гадзіну ці каля 9 хвілін на кожную справу» — гаворыцца ў дакладзе.

Рэкорд па найбольшай колькасьці дэпартаваных належыць судзьдзі Галавінскага суду Сяргею Базараву. «23 студзеня 2015 года, у скарочаны працоўны дзень у пятніцу, ён разгледзеў справы і дэпартаваў з РФ больш за 90 чалавек. Разгляд ішоў з хуткасьцю менш за 5 хвілін на кожную справу, уключаючы запаўненьне ўсіх адпаведных папераў» — сказана ў дакладзе.

«Шанец застацца ў Расеі толькі ў грамадзянаў Украіны і ў тых, у каго ёсьць блізкія сваякі ў Расеі. Астатнія павінны зьехаць — нават калі дома галадаюць дзеці, што нярэдкае для рэспублік Сярэдняй Азіі» — падкрэсьліваюць у «Грамадзянскім садзейнічаньні». Аднак, паводле іх зьвестак, узмацненьне жорсткасьці заканадаўства (у прыватнасьці, увядзеньне патэнтаў) і рост колькасьці выдвараных у апошнія гады прывялі толькі да таго, што вырасла колькасьць мігрантаў, якія жывуць і працуюць у Расеі без неабходных дакумэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG