Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі шостага тыдня фотаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...»


Андрэй Лянкевіч. Менск, Кастрычніцкая плошча.
Андрэй Лянкевіч. Менск, Кастрычніцкая плошча.

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ!

Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com.

Фотатыдзень камэнтуе вядучы Валер Дранчук.

Удзельнікі:

Андрэй Лянкевіч
Уладзімер Бакаў
Ігар Кірын
Кастусь Сырэль
Міхал Капычка


Пяць фотаздымкаў маем ад Андрэя Лянкевіча. Аўтару — 35 гадоў, ён закончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт радыефізікі і электронікі, працаваў у газэце «Наша Ніва», быў стыпэндыятам праграмаў дзеля ўдасканаленьня фотатворчасьці (Армэнія, Італія). Стала здымае, бярэ ўдзел у прэстыжных конкурсах і праектах, выдаў нечаканы фотаальбом «Паганства» (2010), займаецца выкладчыцкай дзейнасьцю. Пэрсанальныя выставы і працы Андрэя бачылі таксама за межамі Беларусі — у Галяндыі, Літве, Чэхіі, Польшчы, Нарвэгіі, Нямеччыне, ЗША.

Глядзім дасланае на фотаконкурс Свабоды.

Андрэй Лянкевіч: «Незалежнасьць — гэта... прывіды мінулага».

Менск, Кастрычніцкая плошча
Менск, Кастрычніцкая плошча


«Незалежнасьць — гэта... ўласнае войска».

Армія
Армія

Армія
Армія



«Незалежнасьць — гэта... новыя сымбалі ўлады»



«Незалежнасьць — гэта... дзяржаўная мяжа»

Мяжа
Мяжа



Здымак ад вядучага (да публікацыі Андрэя Лянкевіча)

З хронікі 2008 я выняў гэты фотасюжэт, каб дапоўніць ім ляканічны выклад аўтарскіх дэклярацый пра беларускую незалежнасьць. Затрыманьне аўтара (фотакарэспандэнта Андрэя Лянкевіча) падчас грамадзянскай пратэстнай акцыі на праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

«Незалежнасьць — гэта... калі ты бесьперашкодна выконваеш свой прафэсійны абавязак»

З інфармацыйнай стужкі 2008: «Андрэй Лянкевіч... быў зьбіты да крыві. Пры сабе меў прафэсійныя фотаапараты і журналісцкае пасьведчаньне»
З інфармацыйнай стужкі 2008: «Андрэй Лянкевіч... быў зьбіты да крыві. Пры сабе меў прафэсійныя фотаапараты і журналісцкае пасьведчаньне»



Я дазволіў адно што — зьняць з фатаграфіі колер...

«Незалежнасьць — гэта... людзі, якія ствараюць яе вобраз».

Абяцаны ліст і фота ад сталага ўдзельніка Ўладзімера Бакава. Мінулы раз ён паказаў, што птушкі (белая варона, сойка, кнігаўка, журавель) нясуць у сабе той вобраз, якога часам нестае беларусам. Маўляў, у іх ёсьць свая годнасьць, каб у сялібах ды гнёздах пачувацца незалежнымі асоб(ін)амі, не камплексаваць і... «не здавацца» перад пагрозамі небясьпекі, а часам і павучыць іншых, як што рабіць. Каб замацаваць гэтую рацыю (мяркую, цалкам бясспрэчную і вартую ўвагі), Уладзімер слушна перайшоў да філязофскай катэгорыі сваёй высновы. Ён піша:

«Калі Імануіл Кант казаў, што яго захапляюць дзьве рэчы: зорнае неба над ім і маральны закон (у ім), — трэба разумець, што носьбітамі маральнага закону могуць быць выключна людзі. Вось пра людзей і хачу распавесьці ў межах нашага фатаконкурсу. Чаму абраў тых, а не іншых? Па-першае, гэта імпрэза ў горадзе. Па-другое, мабыць, таму, што маё сумленьне і мой сьветапогляд ляжаць у адной зь імі плашчыні агульнага „маральнага закону“. Я добра адчуваю іх, зь некаторымі нават сябрую. Наогул, калі бачу цікавага чалавека, імкнуся да яго ўсімі сіламі душы. У той час як ад рознага кшталту дурняў імкнуся проста ўцячы, бо лічу, што перавыхаваць такіх у мяне няма аніякіх магчымасьцяў... Дык вось, менавіта канкрэтныя людзі ствараюць той вобраз незалежнасьці Беларусі, які сёньня рэальна існуе. І я скарыстаўся магчымасьцю адлюстраваць гэты вобраз.

Чароўная Зінаіда Бандарэнка. Сапраўдны твар Беларускага тэлебачаньня. Яе голасам і была агучаная кніга ўспамінаў Ларысы Геніюш „Птушкі бяз гнёздаў“. Аўдыёкніга выдадзена Беларускім Гістарычным Таварыствам у Польшчы ў межах праекту „Памяць па-над часам і межамі“.

ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.



Уладзімер Бакаў працягвае галерэю імпрэзы:

„Літаратар, вядучы „Вольнай студыі“ на Свабодзе Міхась Скобла. Няма патрэбы прадстаўляць яго слухачам і наведнікам сайту. Міхась — актыўны папулярызатар беларускай мовы, зьбіральнік нашай лепшай духоўнай спадчыны, вядомы літаратар, таленавіты апавядальнік і выступоўца. Ён яшчэ ўмелы зьбіральнік аўдыторый, цікавых людзей. Прыемна бачыць побач з ім Дануту Бічэль, якая ўзрушана прачытала вершы, прысьвечаныя Ларысе Геніюш, і вядомага музыку Алеся Камоцкага, які стварыў цікавую песьню на верш славутай паэткі».

ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Паэт, публіцыст, укладальнік шматлікіх літаратурных выданьняў Міхась Скобла
ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Паэт, публіцыст, укладальнік шматлікіх літаратурных выданьняў Міхась Скобла

ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Гарадзенская паэтка Данута Бічэль
ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Гарадзенская паэтка Данута Бічэль

ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Музыка і аўтар песень Алесь Камоцкі
ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Музыка і аўтар песень Алесь Камоцкі



«Мая галерэя, — заўважае аўтар, — была б няпоўнай, калі б не маладыя дзяўчаты — студэнткі філфаку — на яшчэ адным здымку. Шчыра дзіўлюся: якімі ж трэба быць, каб у наш бурлівы крызісны век паступіць і вучыцца на беларускай філялёгіі!.. Дзяўчаткі крыху спазьніліся, і ім не хапіла месца, каб разьмясьціцца ў залі. А якія ўзьнёслыя прыгожыя твары!»

ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Студэнткі факультэта філялёгіі мясцовага унівэрсытэта
ЛІТАРАТУРНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАРОДНІ. Студэнткі факультэта філялёгіі мясцовага унівэрсытэта



Дзякуй, спадар Бакаў! Хачу асабліва падтрымаць Ваш апошні здымак. Прысутнасьць свабоды і незалежнасьці аўдыторыі ў спалучэньні з адухоўленасьцю і маладосьцю робіць Вашу галерэю надзвычай адметнай і больш яскравай. Гледзячы на маладыя прыгожыя твары студэнтак-дзяўчат, міжволі думаеш пра будучыню нацыянальнай школы, яе духоўнасьць і напоўненасьць беларускім зьместам. Думаеш... пра той «маральны закон» паводле Канта — каб засталіся вернымі, каб ня здрадзілі, каб не заблукалі на чужыя шляхі і сьцежкі, каб ішлі да Беларусі.

Кастусь Сырэль: «Казаў, кажу і заўсёды буду казаць — мы жывём у выдатнай краіне!..»

Сталы ўдзельнік фотаконкурсу, а я б дадаў, і нястомны вынаходнік матываваных нечаканых сюжэтаў Кастусь Сырэль гэты раз піша: «Вось, бадай, і апошняя падборка маіх фотаздымкаў з задуманага трыпціху „Сьвітанкі. Камяні. Людзі“. Вы, пэўна, заўважылі адсутнасьць жывых істотаў на ўсіх маіх папярэдніх адбітках ды наяўнасьць лёгкага пэсымізму ў тэкстах? Гэты ліст, спадзяюся, кампэнсуе і першае, і другое».

«Што можа быць больш мірным і аптымістычным, чым статак кароў на пашы раніцай!» Возера Глыбокае, Вушацкі раён
«Што можа быць больш мірным і аптымістычным, чым статак кароў на пашы раніцай!» Возера Глыбокае, Вушацкі раён

«Быццам бы й прыгожая прырода, праўда? Але як тут жыць, сярод гэтых скалаў-цясьнінаў?» Кінгс-каньён, штат Каліфорнія, ЗША
«Быццам бы й прыгожая прырода, праўда? Але як тут жыць, сярод гэтых скалаў-цясьнінаў?» Кінгс-каньён, штат Каліфорнія, ЗША

«Лебедзь-шыпун — птушка незалежная, але даверлівая і не баіцца чалавека... Менавіта яе, гэтую птушку, я хацеў бы бачыць нашым нацыянальным сымбалем». Лецішча, Вушацкі раён.
«Лебедзь-шыпун — птушка незалежная, але даверлівая і не баіцца чалавека... Менавіта яе, гэтую птушку, я хацеў бы бачыць нашым нацыянальным сымбалем». Лецішча, Вушацкі раён.



«А цяпер, — працягвае спадар Сырэль, — я дазволю сабе крыху развагаў. Скажыце, якая прафэсія самая старажытная ў сьвеце? На пытаньне можна пачуць шмат адказаў. Але ёсьць адзін, які цяжка аспрэчваць: самая старажытная прафэсія — пастух. У Бібліі пра гэта сказана багата (пераклад адвольны): «І быў Авэль пастухом авечак...» А паколькі Авэль — сын самых першых людзей, Адама і Евы, дык і ягоная прафэсія — найсамая старажытная...

Наогул пастух — папулярны мастацкі вобраз і ў літаратуры (Паўла Каэльё, «Алхімік»), і ў кінематографе («Сьвінарка і пастух» з эфэктным Уладзімерам Зэльдзіным у ролі пастуха), а ў жывапісе дык проста безьліч розных «пастараляў» (у тым ліку і беларускім, зазначым — рэд.)

Я задаў сабе пытаньне: чаму вобраз пастуха такі прыцягальны?

«Напэўна, — шукаў я адказу, — праца на вольным паветры, сярод прыроды, з жывёламі спараджае нейкі асаблівы характар, філязофскі склад розуму. Хто больш свабодны і незалежны, чым пастух Санцьяга з „Алхіміка“? Можна запярэчыць: у чым жа тут свабода — цэлымі днямі быць прывязаным да статку? Але такім самым чынам мы ўсе абмежаваныя ў асабістай свабодзе — кожны прывязаны да чаго альбо каго-небудзь. А пастух Санцьяга ўсё ж прымаў адносна незалежныя рашэньні. Захацеў — прадаў авечак і падаўся пешкі з Андалусіі ў Егіпет. Захацеў — вярнуўся назад на Радзіму. Але, зьвярніце ўвагу, — чаго ён не знайшоў у Эгіпце, тое адшукаў у роднай Андалусіі. Можа, пастухі ведаюць гэты фэномэн і таму нікуды далёка не адлучаюцца з родных мясьцінаў, ад сваіх статкаў?»

Так я думаў-разважаў, прачнуўшыся на лецішчы а шостай раніцы 29 красавіка і ў выніку сваіх разважаньняў вырашыў стварыць свой «пастаральны матыў» — да гэтага ліста на конкурс мне якраз неставала такога сюжэту. І — вось яно! Што можа быць больш мірным і аптымістычным, чым статак кароў на пашы раніцай!

Казаў, кажу і заўсёды буду казаць — мы жывём у выдатнай краіне!

Зрабіць такі здымак не адняло многа часу — на процілеглы ад лецішча бераг возера Глыбокае ужо дні тры прыганялі пасьвіць статак кароў. Я ўзяў штатыў, камэру і праз нейкія дзьве хвіліны быў на возеры. Каровы былі на пашы. Далекавата — мэтраў 400, таму здымаць без штатыву — ніяк, тым больш у маім хваравітым стане. Вынік вы бачыце на першым фота. Там, прыгледзецца, і пастух берагам возера крочыць.

І вось што я вам, шаноўнае спадарства, паведамлю, а гэты пастух мяне падтрымае.

Казаў, кажу і заўсёды буду казаць — мы жывём у выдатнай краіне! Нам не было б патрэбы шукаць шчасьця ў іншых краях, як пастух Санцьяга, каб... каб кіраўніцтва ў Беларусі было разумнейшае, ды не такое зладзеяватае, ды каб суседзі на нашую зямлю ня квапіліся стагодзьдзямі, ды свабоды й незалежнасьці нам крышку болей. І тады — жыві сабе й радуйся! Вы ж толькі падумайце — і прэснай вады ў нас удосталь, адных азёраў дзесяць тысяч, і клімат акурат такі, як трэба, ня вельмі холадна й ня дужа горача, і расьце ўсё, як мае быць, — чаранок ад рыдлёўкі ўторкні хоць дзе, ён пусьціць парасткі! А дом паставіць — ткні пальцам у любое месца на мапе — і будуй сабе. А грошай мы зарабілі б, ня зломкі й розуму хапае!

Гляньце для параўнаньня хоць бы на другое фота — гэта знакаміты Кінгс каньён, штат Каліфорнія, ЗША. І я на здымку ёсьць — вунь, стаю, да вялізнай хвойкі прыхінуўшыся. Дачка фатаграфавала маёй камэрай. Быццам бы й прыгожая прырода, праўда? Але як тут, сярод гэтых скалаў-цясьнінаў, жыць?

І большасьць тэрыторыі плянэты Зямля такая ж непрыдатная для пражываньня — то горы, то пустыня, то тундра, то яшчэ якая трасца.

Бусел, на жаль, заняты, — гэта нацыянальная птушка Нямеччыны

А ў нас — о-го-го! У Вушацкім раёне жыве ўсяго 14 тысяч людзей, шчыльнасьць насельніцтва — менш як 10 чалавек на квадратны кіламэтр, дзьвесьце пяцьдзясят азёраў на ўсіх! А лясы ў нас якія, а рэкі, а якія гаючыя крыніцы!

На прыканцы хацеў бы падыскутаваць з удзельнікам конкурсу паважаным спадаром Уладзімерам Бакавым наконт нашай нацыянальнай птушкі (хоць ягоная арыгінальная ідэя зь белай варонай мне таксама падабаецца).

Паняцьце «нацыянальная птушка» было ўведзена, бадай, на ХІІ Канфэрэнцыі Міжнароднага саюзу абароны птушак у Токіё ў 1960 годзе. Дык вось, афіцыйны сымбаль Беларусі, ўявіце сабе, ня бусел, як думаюць усе і як мэлядычна даводзілі «Песьняры», а... вяртлявая чарацянка. Бусел, на жаль, заняты, — гэта нацыянальная птушка Нямеччыны.

Зрэшты, заняты і лебедзь-шыпун — ён, так мовіць, належыць Даніі. Між тым менавіта гэтую птушку я хацеў бы бачыць нашым нацыянальным сымбалем. Лебедзь-шыпун быў цалкам зьнішчаны ў Беларусі да пачатку ХІХ стагоддзя, і да 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя практычна адсутнічаў у нашай фаўне, але быў зноў заселены з суседніх рэгіёнаў. Лебедзь-шыпун — птушка незалежная (але даверлівая, не баіцца чалавека), монагамная (стварае сталыя сем’і), пералётная (аднак, бывае, зімуе) — адным словам, мае даволі тыповы беларускі характар.

параўнайце іх адухоўленыя твары з тварамі нашых дэпутатаў, калі тыя слухаюць прамовы Лукашэнкі

І таму на разьвітаньне прапаную трэці здымак, апошні ў лісьце і конкурсе. Ня ведаю, якім чынам, але гэтая лебядзіная сям’я добра ведала расклад працы аўтакрамы, што летась прыязджала ў наш дачны пасёлак, і заўсёды прыходзіла да яе (аўтакрама відаць на здымку). Усе мы, дачнікі, любілі гэтых ганарлівых прыгожых птушак і частавалі іх.
Але я хацеў зьвярнуць увагу на людзей на здымку (другі плян) — параўнайце іх адухоўленыя твары з тварамі нашых дэпутатаў, калі тыя слухаюць прамовы Лукашэнкі. Гэта ж...

Але стоп — ніякага нэгатыву. Дзякуй за ўвагу!"

Глуск 1999: хроніка незалежнасьці

Ігар Кірын з Глуску — з чарговай фотападборкай пратэстнай хронікі.

Каштоўнасьць ягонага сьвятла вынікае найперш зь геаграфіі здымкі. Гэта ня Менск, не абласныя цэнтры, а гэтак званая пэрыфэрыя. Аднак людзі, якіх мы бачым на фота, не сядзяць на кухнях ці побач кампутараў, а выйшлі на праўдзівы, рэальны пікет. І мне, як, пэўна, і кожнаму з нас, цікава ўгледзецца ў дэталі і словы на плякатах, нават у сылюэты засьнежанай навакольнай зімы, а гэта і значыць — угледзецца ў людзей і той час, які... відавочна спыніўся.

Пікет пратэсту ў Глуску. Сакавік 1999.
Пікет пратэсту ў Глуску. Сакавік 1999.

Пікет пратэсту ў Глуску. Сакавік 1999.
Пікет пратэсту ў Глуску. Сакавік 1999.
Намётавы лягер моладзевых арганізацый пад Глускам. Жнівень 2001.
Намётавы лягер моладзевых арганізацый пад Глускам. Жнівень 2001.



Хараство і чысьціня, або Падарунак ад Бога

Што час, дзякуй Богу, не спыніўся, мы бачым з наступнае фотападборкі Міхала Капычкі. Ягоны здымак «Пад вясёлкай» стаў тытульнай застаўкай справаздачы чацьвёртага фотатыдня на нашым сайце і, пэўна, запомніўся многім наведнікам конкурснай галерэі. Гэтую падборку аўтар дэкляруе ў той жа танальнасьці, але з поўнай перавагай сьвятла й пазытыву.

«Незалежнасьць — гэта... захаваньне традыцый, заснаванае на сардэчнасьці і павазе да роду і прыроды...»

Гуканьне Вясны ў Вязынцы. Партрэт юнай удзельніцы. «Яна — падарунак ад Бога», прызнаецца аўтар. 2014
Гуканьне Вясны ў Вязынцы. Партрэт юнай удзельніцы. «Яна — падарунак ад Бога», прызнаецца аўтар. 2014

Гуканьне Вясны ў Вязынцы. «Хараство і чысьціня!» 2014
Гуканьне Вясны ў Вязынцы. «Хараство і чысьціня!» 2014

Гуканьне Вясны ў Вязынцы. Партрэт хлопчыка, «які ня любіць холаду». 2014″
Гуканьне Вясны ў Вязынцы. Партрэт хлопчыка, «які ня любіць холаду». 2014″

Гуканьне Вясны ў Вязынцы. Партрэт юнай удзельніцы. 2014
Гуканьне Вясны ў Вязынцы. Партрэт юнай удзельніцы. 2014

Абуджэньне Браслаўскай вясны. Красавік 2014
Абуджэньне Браслаўскай вясны. Красавік 2014



І гэта ўсё на чарговую, шостую «штосуботу». Дзякуй усім, хто даслаў фотаздымкі, хто нас глядзіць і чытае. Праз два фотатыдні, сябры, падвядзём вынікі першага туру. Багата часу, каб перамагчы!

Нагадаю, апошнім днём, каб патрапіць у чарговую, суботнюю галерэю, выбірайце сераду. Убачымся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG