Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія афіцыйныя сымбалі ёсьць у ЗША і ў кожнага штата


Арол, ружа, дуб і бізон
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00
Наўпроставы лінк

Арол, ружа, дуб і бізон

У сьвеце Злучаныя Штаты асацыююцца зь дзядзькам Сэмам з бародкай і ў цыліндры, са Статуяй Свабоды, са знакам даляра. Аднак афіцыйных сымбаляў у ЗША нашмат менш — і Дзядзька Сэм, і зялёная жанчына з паходняй, і даляр да іх не адносяцца.

Некалькі месяцаў таму ў Нацыянальным дэндрарыі ЗША ў Вашынгтоне зьвіла гняздо пара белагаловых арланаў. Адміністрацыя дэндрарыю ўстанавіла ў гнязьдзе вэб-камэру і інтэрнэт-карыстальнікі атрымалі магчымасьць сачыць за тым, як птушкі ўладкоўваюць дом, адкладаюць яйкі, і як зь яек вылупліваюцца птушаняты. Трансьляцыя набыла вялікую папулярнасьць: за ёй сачылі больш за 35 млн чалавек з больш чым ста краін сьвету.

Бацькоў хутка ахрысьцілі «спадаром прэзыдэнтам» і «першай лэдзі», а вось двое арлянятаў атрымалі імёны толькі на днях — «Лібэрці» і «Фрыдам» — «свабода» і «воля». Гэтыя імёны былі выбраны з варыянтаў, дасланых больш чым 30 тысячамі карыстальнікаў.

«Важны той факт, што ў наш час, калі людзі гэтак падзеленыя, яны хочуць сабрацца разам і падзяліцца адно з адным тым, што іх аб’ядноўвае», — кажа Эл Сысэрэ, прэзыдэнт Фонду амэрыканскага арла.

Фрыдам і Лібэрці з дэндрарыю — гэта ня проста арляняты. Гэтая птушка з 1782 году — нацыянальны сымбаль ЗША, афіцыйна абаронены законам.

Белагаловы арлан упрыгожвае дрэўка амэрыканскага сьцяга, дзяржаўныя будынкі, манэты, капэрты і маркі, і, галоўнае, разьмешчаны на дзяржаўнай пячатцы ЗША.

У Злучаных Штатаў ёсьць яшчэ два афіцыйныя расьлінныя сымбалі, якія зьявіліся нашмат пазьней, чым арол. Рашэньнем Сэнату ЗША ад 1965 году ружа стала нацыянальнай кветкай. Ружа — міжнародны сымбаль прыгажосьці і элегантнасьці.

У 2004 годзе, пасьля працяглай дыскусіі пры ўдзеле грамадзян з усёй краіны, нацыянальным дрэвам Злучаных Штатаў стаў дуб. Дуб традыцыйна асацыюецца з моцай, высакароднасьцю, здароўем і даўгалецьцем. Розныя віды дубоў можна знайсьці практычна на ўсёй тэрыторыі ЗША.

Аднак сымбалічныя ружы і дубы вядомыя нашмат менш і ў афіцыйнай сымболіцы ЗША практычна не выкарыстоўваюцца.

З гэтага часу да арлана, ружы і арла можа дадацца першы сысун — бізон: за адпаведны законапраект прагаласавала Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Гэтае рашэньне яшчэ мусіць падтрымаць Сэнат і прэзыдэнт.

Бізона сапраўды можна лічыць карэнным амэрыканцам: у канцы ХІX стагодзьдзя гэтыя выдатныя жывёлы апынуліся на мяжы зьнікненьня, у 1900 годзе іх налічвалася толькі трыста галоў, але іх удалося выратаваць, і папуляцыя бізонаў ў ЗША стабільна расьце.

У кожнага штата ЗША ёсьць свой набор сымбаляў — сярод іх ёсьць афіцыйныя ракавіны, расьліны, птушкі, зьвяры, рыбы, малюскі, камяні, стравы, напоі, песьні, вершы, віды спорту, рэкі і нават дыназаўры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG