Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Казахстане пракацілася хваля «зямельных мітынгаў»


Удзельнікі мітынгу супраць продажу зямлі ў Кызылардзе, 1 траўня 2016 году
Удзельнікі мітынгу супраць продажу зямлі ў Кызылардзе, 1 траўня 2016 году

Несанкцыянаваныя мітынгі «супраць продажу зямлі» праходзяць у розных рэгіёнах Казахстана з 24 красавіка. Людзі патрабуюць не прадстаўляць зямлю ў арэнду замежнікам.

Акцыі адбыліся ў Атырау, Актобе, Семее і шэрагу іншых гарадоў. Як паведамляе Бі-бі-сі, у кожным з гарадоў у мітынгах прынялі ўдзел ад 1000 да 2000 чалавек, што зьяўляецца вельмі рэдкай зьявай для краіны, дзе перасьледуюць за публічную крытыку дзяржаўнай палітыкі.

У апошні раз, калі ў Казахстане была акцыя пратэсту такога маштабу, паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах. Паводле афіцыйных дадзеных, 14 чалавек тады загінулі. Гэта было ў 2011 годзе, калі нафтавікі арганізавалі забастоўку ў горадзе Жанаазен.

Але ў адрозьненьне ад той забастоўкі, пратэсты мінулага тыдня перакінуліся адразу на некалькі гарадоў, чаго раней ніколі не бывала. Людзі выступілі супраць зьмяненьняў у Зямельным кодэксе, якія былі падпісаныя прэзыдэнтам яшчэ ў лістападзе 2015 году. Унесеныя папраўкі дазваляюць замежнікам арандаваць зямельныя ўчасткі сельскагаспадарчага прызначэньня тэрмінам на 25 гадоў.

Удзельнікі пратэсту асьцерагаюцца росту кітайскай экспансіі, калі замежнікам дадуць магчымасьць арэндаваць зямлю. «Калі мы аддамо зямлю кітайцам, то яны ўжо ня пойдуць адсюль», — абураўся адзін з удзельнікаў пратэсту ў Актобе. Акрамя таго, многія грамадзяне не давяраюць дзяржаве і лічаць, што ў зьменах заканадаўства ёсьць падвох, які зводзіцца да таго, што толькі багатыя і набліжаныя да ўлады атрымаюць ад іх выгаду, а астатняе насельніцтва застанецца без зямлі.

Прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заявіў, што зямельнае пытаньне падымаюць «правакатары».

Учора адбыліся зямельныя мітынгі ў Кызылардзе і Жанаазене. У цэнтры Кызыларды, калі пасьля сьвяточнага канцэрта на 1 траўня гараджане сталі паступова разыходзіцца, зьявілася група людзей, якая стала выказваць патрабаваньні супраць «продажу і арэнды зямлі». Экіпіяваныя шаломамі і шчытамі паліцэйскія адціснулі людзей з плошчы. Групе пратэстоўцаў пасьля прапанавалі ўвайсьці ў будынак тэатра імя Нартая Бекежанава, дзе прадстаўнікі мясцовай улады выслухалі іх патрабаваньні. Паводле расповедаў некаторых відавочцаў у сацыяльных сетках, паліцыя затрымала і павяла з плошчы некалькіх чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG