Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: баі на ўсходзе Ўкраіны — самыя інтэнсіўныя з 2014 году


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны 28 красавіка 2016 году (згодна з афіцыйнымі украінскімі крыніцамі)

Назіральнікі ААН папярэджваюць аб тым, што сытуацыя на паўднёвым усходзе Ўкраіны рэзка пагоршылася, і заклікаюць абодва бакі выконваць перамір’е.

У ходзе ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, які пачаўся ў красавіку 2014 году, загінулі 9333 чалавекі і 21396 былі параненыя.

Гэтыя лічбы прывёў на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, якое адбылося ў чацьвер і было прысьвечана сытуацыі ва Ўкраіне, памочнік генэральнага сакратара арганізацыі па палітычных пытаньнях пасланьнік Этыёпіі Тае-Брук Зэрыхун.

Апошні сьмяротны інцыдэнт адбыўся 27-га красавіка: падчас артылерыйскага абстрэлу ў паселішчы Аленаўка Данецкай вобласьці былі забітыя чатыры мірныя жыхары, восем атрымалі раненьні.

Па словах Зэрыхуна, эскаляцыя канфлікту ў апошнія тыдні дасягнула свайго ранейшага піку, які прыйшоўся на жнівень 2014 году. Абодвум бакам варта ўстрымлівацца ад баявых дзеяньняў, падкрэсьліў ён.

Зэрыхун таксама абвінаваціў абодва бакі ў стварэньні перашкодаў працы міжнароднай маніторынгавай групы, заснаванай у адпаведнасьці зь менскімі дамоўленасьцямі, але дадаў, што гэта часьцей адбываецца ў раёнах, якія кантралююцца сэпаратыстамі.

Гэта было першае са сьнежня 2015 году пасяджэньне Рады Бясьпекі, прысьвечанае становішчу ва Ўкраіне. Злучаныя Штаты, Францыя і Вялікабрытанія асудзілі агрэсіўныя, па іх словах, крокі Расеі, якія справакавалі канфлікт. «Усё, што адбываецца сёньня, — заявіла сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Саманта Паўэр, — стала вынікам парушэньня Расеяй сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці суседняй дзяржавы, якое пачалося з акупацыі Крыму і потым перарасло ў маштабную ваенную падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны».

Прадстаўнік Расеі Віталь Чуркін у ходзе палемікі заявіў, што Ўкраіна, прыкрываючыся дыскусіямі ў Радзе Бясьпекі, выкарыстоўвае сваё войска для займаньня гарадоў, якія знаходзяцца ў «нэўтральнай паласе», усталяванай менскімі пагадненьнямі. «З самага пачатку канфлікту Рада Бясьпекі, на жаль, пераўтварылася ў прапагандысцкую плятформу», — дадаў Чуркін.

Намесьнік міністра замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка абвінаваціў Маскву ў агрэсіі: «Расея арганізавала і разгарнула на Данбасе гібрыдны воінскі кантынгент, які складаецца з 34 тысяч чалавек, — рэгулярных расейскіх вайскоўцаў, а таксама мясцовых і замежных байцоў. Расейскія афіцэры кіруюць гэтым незаконным кантынгентам, узброеным лепш, чым большасьць чальцоў НАТО. Пры гэтым Расея сьцьвярджае, што зброя гэта была набытая ў мясцовых прамтаварных крамах. Я ў гэтых крамах ня бачыў нават прыстойнага нажа, ня тое што сыстэмы залпавага агню або рэактыўныя агнямёты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG