Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач з Горадняй пасадзілі лес імя Васіля Быкава


Памятны знак на Зарубіцкім участку Індурскага лясьніцтва, дзе высаджаны лес у гонар Васіля Быкава
Памятны знак на Зарубіцкім участку Індурскага лясьніцтва, дзе высаджаны лес у гонар Васіля Быкава

На відным месцы, пры лясной дарозе, усталявалі памятны знак з партрэтам Быкава і надпісам: «Лясныя культуры пасаджаны падчас правядзеньня „Тыдня лесу — 2016“ у гонар народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава».

Лес у гонар народнага пісьменьніка Беларусі высадзілі на плошчы аднаго гектара ў мясьціне, якая адносіцца да Індурскага лясьніцтва. Саджалі дрэўцы мясцовыя лесьнікі, а таксама іхнія калегі з Гарадзенскага лясьніцтва. Ідэя назваць лес належыць кіраўніку лесагаспадарчага аддзелу Гарадзенскага лясгасу Аляксею Гарохаву.

Анатоль Клімко, галоўны лясьнік Індурскага лясьніцтва, па дарозе да лесу Быкава распавядае, што на Зарубіцкім участку лес своеасаблівы: яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя ён належаў роду Пуслоўскіх, якія адмыслова прывозілі з-за мяжы самыя розныя віды дрэваў, у тым ліку экзатычныя, і садзілі якраз у гэтых мясьцінах.

І праўда, насупраць лесу, пасаджанага ў гонар Быкава, — нязвыклы для нашых мясьцін цэлы лес бука. Яму больш за сто гадоў. Спадар Анатоль з гонарам кажа, што лес Быкава будзе выглядаць яшчэ лепш.

Галоўны лясьнік Індурскага лясьніцтва Анатоль Клімко
Галоўны лясьнік Індурскага лясьніцтва Анатоль Клімко

У нас была цэлая дыскусія перад тым, як засаджваць лес у імя Быкава. У нашым гадавальніку да 120 самых розных, прычым і экзатычных расьлін, і мы імкнуліся абраць самыя вартыя пароды дрэў. Ну вось і прыйшлі да высновы, што тут будуць расьці чатыры пароды: елка, ліпа, лістоўніца і эўрапейскі бук.

Кіраўнік лесагаспадарчага аддзелу Гарадзенскага лясгасу Аляксей Гарохаў, у сваю чаргу, сьціпла заўважае, што, маўляў, абавязак нас усіх — памятаць і шанаваць знакамітых землякоў.

Аляксей Гарохаў, кіраўнік лесагаспадарчага аддзелу Гарадзенскага лясгасу
Аляксей Гарохаў, кіраўнік лесагаспадарчага аддзелу Гарадзенскага лясгасу

— Васіль Быкаў пражыў у Горадні больш за 25 гадоў, і менавіта тут нараджалася яго творчасьць, тут ён шмат напісаў, што потым чыталі і чытаюць людзі ва ўсім сьвеце. Хачу вам сказаць, што ў нас на працы большасьць людзей — прыхільнікі ягонай творчасьці, і самае цікавае, што практычна няма людзей, якія б не чыталі ягоных кніжак. Я калі прапанаваў ідэю, каб назваць гэты кавалак лесу імем Быкава, то ніхто, ніводзін чалавек ня выступіў супраць — усе падтрымалі. Пасьля таго, як пасадзілі саджанцы і ўсталявалі знак, адчулася, што выканалі нейкі доўг. Вядома, дзеля гэтага імя хацелася б зрабіць нешта большае, але мы зрабілі тое, што змаглі.

Памятны знак лесьнікі прымацавалі да раздвоенага дрэва, форма якога нагадвае пяро — галоўны інструмэнт пісьменьніцкай працы. Гэты вобраз нарадзіўся ў Ёсіфа Сідаркевіча. Паводле адукацыі ён мастак-дэкаратар, мясцовы чалавек, любіць лес і творчасьць Васіля Быкава.

Ёсіф Сідаркевіч, лясьнічы Індурскага лясьніцтва
Ёсіф Сідаркевіч, лясьнічы Індурскага лясьніцтва

— Я хацеў, каб гэтае дрэва нагадвала пяро, пісьменьніцкі інструмэнт. Праўда, такое ня часта даводзіцца знаходзіць, але мне трапілася, і я зразумеў, куды яго скарыстаю. Прычым, калі вы заўважылі, пяро гэтае нават падобнае да такога, якім пісалі ў даўніну. Працаваў над вобразам нядоўга — дні два, і неяк усё само сабой атрымлівалася. Гэта пэўна, што творчасьць Быкава так натхняла, якая заўсёды прымушае думаць, і яшчэ ягоная праўда, якая ніколі не выклікае сумненьняў.

А галоўны лясьнічы Анатоль Клімко распавядае, што лесьнікі вырашылі і надалей ганараваць знакавых для рэгіёну асобаў, садзячы ў іх імя дзялянкі лесу. Кажа, што наступная дзялянка, магчыма, будзе насіць імя Максіма Багдановіча.

Такое права лесьнікам дае Міністэрства лясной гаспадаркі. І падобныя дзялянкі ўжо існуюць. Нядаўна адну зь іх назвалі ў гонар 600-гадовага юбілею мястэчка Індура.

На гэтым месцы расьце лес Васіля Быкава
На гэтым месцы расьце лес Васіля Быкава

— А ўяўляеце, калі лес вырасьце. Сюды турысты прыяжджаюць, людзі мясцовыя ходзяць. Лес жа будзе ўшаноўваць памяць Васіля Быкава доўгія гады. Зрэшты, як і ягоная літаратура.

У Горадні дагэтуль няма вуліцы Васіля Быкава, хоць грамадзкасьць ня раз зьбірала за гэта подпісы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG