Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» павялічвае колькасьць рэйсаў ва Ўкраіну — з-за расейска-ўкраінскага канфлікту


Авіякампанія «Белавія» цяпер будзе выконваць 5 рэйсаў у Кіеў штодзень і 10 рэйсаў у Адэсу штотыдзень.

Раней самалёты «Белавія» па маршруце Менск-Кіеў-Менск лёталі двойчы ў дзень на аэрапорт «Барыспаль» і двойчы ў Міжнародны аэрапорт «Кіеў» (Жуляны). З 25 красавіка па 29 кастрычніка 2016 году будзе выконвацца трэці рэйс ў Міжнародны аэрапорт «Кіеў» (Жуляны). Такім чынам, у Кіеў будзе выконвацца 5 рэйсаў штодня, і пасажыры змогуць выбраць больш зручны час і аэрапорт для падарожжа ў Кіеў, паведамляюць у прэс-службе авіякампаніі. Дадатковы рэйс будзе штодзённым з вылетам зь Менску ў 14.15, з Кіева (Жуляны) — у 17.15 па мясцовым часе. Час у дарозе — 1 гадзіна.

Акрамя таго, з 17 чэрвеня 2016 году ААТ «Авіякампанія «Белавія» ўводзіць дадатковы рэйс па маршруце Менск-Адэса-Менск.

Выкананьне дадатковага рэйсау заплянаванае тры разы на тыдзень на самалётах Boeing 737-300. Такім чынам, «Белавія» будзе лётаць у Адэсу 10 разоў на тыдзень. Дадатковыя рэйсы будуць вылятаць зь Менску па панядзелках, серадах і пятніцах у 00.20, а прылятаць у Адэсу ў 01.40. Зваротныя рэйсы будуць адпраўляцца з Адэсы ў 03.30, а прыбываць у Менск у 04.55.

Ад 25 кастрычніка, калі Расея і Ўкраіна ўвялі ўзаемную забарону палётаў, «Белавія» істотна павялічыла свой пасажырапаток на лініі Менск — Кіеў: паводле афіцыйных дадзеных, у сярэднім за дэкаду паміж дзьвюма сталіцамі перамяшчаецца больш за 5 тысяч чалавек. Раней такая колькасьць зьбіралася за месяц. Рост пасажырапатоку дасягнуты перадусім за кошт павелічэньня ўкраіна-расейскага транзыту празь Беларусь.

Пры канцы верасьня Ўкраіна заявіла пра забарону палётаў для расейскіх авіякампаній, якія ажыцьцяўлялі рэйсы ў анэксаваны Расеяй Крым. Потым сьпіс быў пашыраны на ўсіх расейскіх авіяперавозчыкаў. Сьледам пра ўвядзеньне аналягічных захадаў у дачыненьні да ўкраінскіх авіякампаній абвясьціла Расея. Практычна адразу ж Беларусь прапанавала стаць злучальным зьвяном у паветраных зносінах паміж бакамі канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG